Міхалку даравалі. У «чорным сьпісе» засталося чацьвёра (+топ-12 трэкаў)
Лідэр Brutto Сяргей Міхалок выключаны з «чорнага сьпісу» беларускіх музыкаў, чыя творчасьць забароненая на Радзіме. Але ў ім застаюцца яшчэ некалькі выканаўцаў.
Пасьля шэрагу адмоваў, менскія ідэолягі сьледам за гомельскімі дазволілі канцэрт музыкі, які зьехаў зь Беларусі пад ціскам КДБ. Праўда, не на канцэрт з «брыгадай рэвалюцыйнага ўгару», а на рэтра-праект «Ляпіс-98». Гэта той жа склад Brutto, які, аднак, выконвае старыя песьні «Ляпіса Трубяцкога» — у праграме заяўляецца як «Зеленоглазое такси», так і «Воины света». Сталіца яўна засумавалася па Міхалку — квіткі коштам у 55—97 руб. (30—50 дал.) на канцэрт 30 сьнежня ў 2-тысячны Prime Hall раскупілі ўсяго за дзень ад моманту пачатку продажу.
Сяргей Міхалок папоўніў «чорны сьпіс» беларускіх рок-музыкаў пасьля выказваньня на адрас кіраўніка дзяржавы. Яго словамі зацікавілася беларуская пракуратура, але крымінальную справу за абразу прэзыдэнта так і не завялі. Тым ня менш, музыка пазбавіўся магчымасьці даваць канцэрты ў Беларусі з гуртом «Ляпіс Трубяцкі», а потым і з новым праектам Brutto. Празь пяць гадоў забароны музыканту дазволілі выступаць на Радзіме. На якія кампрамісы дзеля гэтага давялося пайсьці Міхалок і яго прадстаўнікі не распаўсюджваюцца.
Цяпер у неафіцыйным «чорным сьпісе» беларускіх музыкаў, які ў розных варыяцыях існуе з 1995 году, засталося чацьвёра выканаўцаў. Іх песьні не рэкамэндаваныя да ратацыі на дзяржаўным радыё і ТБ, а правядзеньне канцэртаў блякуецца ці наўпрост забараняецца.
У гэты сьпіс сёлета быў уключаны гурт Dzieciuki. Ідэолягі тлумачаць прычыны іх забароны цьмяна, хоць і пацьвердзілі яе дакумэнтальна, як у выпадку з апошнім меркаваным канцэртам у Менску. Таксама пацьверджаная дакумэнтальна забарона на творчасьць Зьмітра Вайцюшкевіча — пасьля таго, як музыка падтрымаў на выбарах-2010 кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева ён пазбавіўся магчымасьці легальна выступаць на Радзіме.
Канцэрты Лявона Вольскага зрываюць яшчэ з часоў «Мроі», а ў незалежнай Беларусі ў «чорныя сьпісы» ён трапіў у 2004 годзе пасьля выступу на апазыцыйным мітынгу на плошчы Бангалор з гуртом N.R.M. Творчасьць гэтага музыкі пільнуюць асабліва. На яго нелегальных выступах заўжды поўна ціхароў. Cёлета пасьля забароненага летняга канцэрту музыкі на плошчы Свабоды (таго самага, які ўдалося правесьці на Tut.by) да яго дадому нават прыходзілі міліцыянты, каб «пагаварыць пра канцэрт»: Лявон быў у ад’езьдзе, а дачка дзьверы не адчыніла. Асаблівы цынізм — КЗ «Менск» адмовілася даваць залю нават для канцэрту памяці Ганны Вольскай.
Чацьверты фігурант «чорнага сьпісу» — Vinsent, якому таксама помсьцяць за актыўную пазыцыю ўціхую. Яму двойчы зрывалі вялікія сольныя канцэрты і забаранілі выступ у «Менск-Арэне» перад гульнёй баскетбольнага клюбу «Цмокі».
Акром пералічаных выканаўцаў, яшчэ зь дзясятак беларускіх гуртоў знаходзіцца ў зоне рызыкі. Гэта значыць, што сёньня ім могуць дазволіць выйсьці на сцэну, а заўтра — забараніць, як тое ўжо неаднойчы было ў беларускай музычнай гісторыі.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ