«Новае пакаленьне на Новы год». Прэм’ера праекту (аўдыё/відэа)
11219 / 0
31.12.2015

«Новае пакаленьне на Новы год». Прэм’ера праекту (аўдыё/відэа)

Канцэрт «Новае пакаленьне на Новы год» прадстаўляе тэлеканал «Белсат» у супрацы з Tuzin.fm. Увага! На нашым партале стартаваў адмысловы тур. Абіраем найлепшую песьню праекту.

Першы незалежны беларускі тэлеканал «Белсат» у супрацы з музычным парталам Tuzin.fm прадстаўляюць сьвяточнае навагодняе шоў «Новае пакаленьне на Новы год», дзеля якога беларускія музыкі аб’ядналіся ў дуэты, часам вельмі нечаканыя і далі жывы сьвяточны канцэрт. Большасьць песень была створаная менавіта для гэтага праекту, але будзе месца і ўжо вядомым творам у новых аранжыроўках. Яскравы канфэранс забясьпечылі вядоўцы канцэрту заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў і акторка «Свабоднага тэатру» Юлія Шаўчук, а павіншуюць гледачоў вядомыя і шанаваныя асобы.

Гэты праект — спроба паказаць пэўны зрэз беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Калі мы запрашалі ў ім паўдзельнічаць беларускіх музыкаў, мы арыентаваліся найперш ня толькі на імёны, але і на актуальнасьць творчасьці. Хацелі паказаць тых выканаўцаў, якія ня частыя госьці на беларускіх тэле- і радыёканалах, некаторыя зь іх яшчэ толькі пачынаюць свой шлях, але маюць талент і харызму. Больш за тое, хацелася спалучыць у кожным нумары розных з музычнага мысьленьня асобаў, каб паглядзець што з гэтага выйдзе. Экспэрымэнт па злучэньні розных стыляў і жанраў прайшоў удала тут кожны з дуэтаў можна ставіць у прыклад, бо ў кожным з 10 нумароў ёсьць свая непаўторная разынка.

На фота: Андрэй Акатаў адказваў за гучаньне, Дзяніс Максімаў (на дальнім пляне) — за сьвятло

Мы прасілі кожнага з аўтараў напісаць песьню, адпаведную нагодзе — каб выйшла ўрачыста, узьнёсла, кранальна, па-сьвяточнаму. Якраз сучасных навагодніх песень па-беларуску ў нас не стае, варта запаўняць гэтую нішу. Усе запрошаныя адгукнуліся імгненна і паставіліся да ідэі звышсур’ёзна.

На фота: рэжысэр Арцём Лобач і Павал Аракелян

Праект рэалізавала выдатная каманда сапраўдных прафэсіяналаў і кожны з сваёй задачай справіўся на ўсе 100%. Працавалася дужа лёгка, і канцэрт, які запісваўся ў адной зь менскіх студыяў, прайшоў на адным подыху, хоць на яго здымкі пайшло няпростыя 4 дні.

На фота — апэратары Аляксандар Алейнікаў і Яўген Шапчыц

Этна-гурт Vuraj і электронны праект CherryVata практычна навобмацак знайшлі адзін аднаго непасрэдна перад запісам канцэрту і зрабілі чароўны і магічны нумар, які нікога не пакіне абыякавым. Вакаліст «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў адмыслова для гэтага канцэрту напісаў цудоўную калядную песьню на верш гарадзенскага паэта Анатоля Брусевіча, а гурт «Палац» дадаў у яе сьвяточнага настрою. Упершыню працавалі разам гурт TonqiXod i Сяргей Пукст, і для тых, хто цэніць музычныя вынаходкі ды экспэрымэнты іх супольны трэк будзе да душы. Vinsent i Shuma таксама ўтварылі досыць нечаканы дуэт, зрабілі прыгожую Калядку ў стылі этна-рэп і атрымалі цікавы досьвед. Кранальным выйшаў дуэт Алеся Ката-Зайцава з Ганнай Хітрык, які даўно высьпяваў і якраз арганічна быў рэалізаваны пад Новы год.

На фота: візажыст Алеся Волкава і Ганна Хітрык, цырульніца-стыліст Кацярына Зелянкевіч і Pauline (на дальнім пляне)

Пазнаёміліся між сабою і зрабілі сумесны трэк на словы Янкі Купалы «Толькі сьнег» музыкі экстра-клясы — джазмен Павал Аракелян і Re1ikt. Радасна, як выйшла акапэльная песьня дуэту «Вера і Патрыцыя», да якога далучыўся хор «Унія» ў складзе 11 чалавек. Новы гіт стварыў гурт Navi. І нават не шкада, што ў апошні момант сарваўся іх меркаваны дуэт зь Юзары. Арцём і Ксюша глядзяцца настолькі гарманічна разам, што трэці пры мікрафоне тут сапраўды будзе лішнім:). Аляксандар Памідораў з музыкамі з новага-старога гурта Trubetskoy па ўзаемнай згодзе падрыхтавалі рок-вэрсію песьні, якая ўжо заняла сваё пачэснае месца ў гісторыі нашай музыкі. «Цуд на Каляды» ў выкананьні Паўла Булатнікава і Памідорава набыў другое дыханьне, прагучаў яскрава і драйвова. Ну, а пры канцы агульнавядомая песьня, якая лучыць найстарэйшае пакаленьне, сталых слухачоў і моладзь — залатая клясыка беларускай музыкі «Бывайце здаровы» на словы Адама Русака і музыку Ісака Любана ў выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча і сьпявачкі, прызнанай сёлета «Адкрыцьцём у беларускай музыцы» Pauline.

На фота: дэкаратар праекту Вольга Глуш і стыліст Наста Шастак

Застаецца толькі шкадаваць, што навагодняя ноч такая закароткая, бо колькі яшчэ ідэяў і цікавых дуэтаў засталося нерэалізавана. Зрэшты усё наперадзе. Новае пакаленьне ідзе. 

На Tuzin.fm з 31.12.2015 да 14.01.2016 будзе ісьці адмысловы навагодні тур, складзены зь песень гэтага праекту.

«Белсат» і Tuzin.fm вядуць он-лайн трансляцыю канцэрту ў ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня. Канцэрт можна паглядзець на самім тэлеканале і яго сайце. Пачатак этэру ў 23:15 (па беларускім часе).

Новае пакаленьне на Новы год. Жывы канцэрт

Вядоўцы:

Валянцін Салаўёў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь

Юлія Шаўчук, акторка «Свабоднага тэатру»

Віншавальнікі:

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік

Павал Бераговіч, бізнэсовец

Алесь Бяляцкі, праваабаронца

Аляксандра Герасіменя, плыўчыха

Адам Глёбус, літаратар і мастак

Зьміцер, Наста і Мара Дашкевічы, беларуская сям’я

Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Андрэй Курэйчык, рэжысэр

Музыкі:

1. Vuraj і Cherryvata — «Шчодры вэчор» (музыка гурта Vuraj і Зьмітра Літвіновіча, словы народныя)

Сяргей Доўгушаў, Вольга Палякова, Наста Папова, Эрык Арлоў; Кацярына Штырц, Зьміцер Ліцвіновіч

2. Алесь Дзянісаў («Dzieciuki») і «Палац» — «Каляды» (музыка Алеся Дзянісава і Алега Хаменкі, словы Анатоля Брусевіча)

Алесь Дзянісаў, Зьміцер Шчэрба; Алег Хаменка, Сяргей Трухановіч, Зьміцер Карабач, Андрэй Цераховіч, Зьміцер Жыгараў, Юры Белякоў, Усевалад Гроднікаў (па-за кадрам), Андрэй Хвісевіч (па-за кадрам)

3. TonqiХod і Сяргей Пукст — «Марозная» (музыка гурта «TonqiХod», словы Ўладзя Лянкевіча)

Андрэй Аляксеенка, Уладзь Лянкевіч, Максім Субач; Сяргей Пукст

4. Vinsent і Šuma Voices — «Каляды» (музыка PSBeats, словы Vinsent/народныя)

Зьміцер Папко; Марына Шукюрава, Надзея Чугунова, Юлія Гібкоўская; Павал Сьцепанцоў

5. BosaeSonca і Ганна Хітрык — «Фаервэркамі» (музыка і словы Алеся Ката-Зайцава)

Алесь Кот-Зайцаў, Андрэй Чарнавокі, Ян Саладуха, Валянціна Пяціна, Тацяна Шыцько, Міхаіл Радунскі; Ганна Хітрык

6. Re1ikt і Павал Аракелян — «Толькі сьнег» (музыка гурта Re1ikt, словы Янкі Купалы)

Алесь Дземідзенка, Уладзімер Казлоў, Віталь Макшун, Зьміцер Наркевіч; Павал Аракелян

7. Дуэт «Вера і Патрыцыя» і мужчынскі хор «Унія» — «Новая навіна» (музыка і словы народныя, апрацоўка Ірэны Катвіцкай і Кірылы Насаева)

Патрыцыя Сьвіціна і Вера Саламонік; Кірыла Насаеў, Эміль Багдасар’ян, Аляксандар Радзюк, Аляксандар Ляпуноў, Павал Гонца, Павал Макарэвіч, Андрэй Саўрыцкі, Аляксандар Дзюмін, Андрэй Пятроў, Дзяніс Лазоўскі, Андрэй Кухарэнка

8. Navi — «Новы год» (музыка і словы Арцёма Лук’яненкі)

Ксенія Жук, Арцём Лук’яненка, Аляксей Шартух, Улад Чашчавік

9. Trubetskoy і Аляксандар Памідораў — «Цуд на Каляды» (музыка і словы Аляксандра Памідорава)

Павал Булатнікаў, Руслан Уладыка, Аляксандар Старажук, Алесь-Францішак Мышкевіч; Аляксандар Памідораў

10. Зьміцер Вайцюшкевіч і Pauline — «Бывайце здаровы» (музыка Ісака Любана, словы Адама Русака)

Зьміцер Вайцюшкевіч, Канстанцін Гарачы, Аляксандар Шувалаў; Паліна Цімохіна

 

Выдаўца — Дзьмітры Гурневіч

Рэжысэр, мантаж — Арцём Лобач

Сцэнарыст — Сяргей Піліпчэня

Апэратары — Яўген Шапчыц, Аляксандар Алейнікаў

Сьвятло — Дзяніс Максімаў

Гукарэжысэр — Андрэй Акатаў, студыя «Осмос»

Стыліст — Наста Шастак

Асыстэнт стыліста — Даніла Жугжда

Дэкаратар — Вольга Глуш

Цырульнік-стыліст — Кацярына Зелянкевіч

Візажыст — Алеся Волкава

Фота — Сяргей Балай, Вольга Куваева, Яўген Шапчыц

Піяр — Кірыла Пазняк

Кіраўнік вытворчай групы — Хрысьціна Дарапей

Кіраўнік праекту — Сяргей Будкін

Падзякі: Дзьмітрыю Зьвераву, Аляксею Стрэльнікаву, Паўлу Юрцэвічу

Праект зрэалізаваны камандаю парталу Tuzin.fm, тэхнічная падтрымка Trymaki

WAREX ДЛЯ БЕЛСАТ TV, TVP S.A. 2015