«MorkvoЦвет»: «Нам пашанцавала і мы гэта заслужылі!»
6330 / 0
18.08.2018

«MorkvoЦвет»: «Нам пашанцавала і мы гэта заслужылі!»

Найлепшым альбомам сэзону на TuzinFM стала праца «Брешь» гурта «MorkvoЦвет», якая перамагла ў мэгатуры з вынікам 335 галасоў.

 «Зразумела што Brutto не задзейнічалі ўсе рэсурсы ў пляне галасаваньня. Пашанцавала нам», — так адрэагаваў на перамогу ў альбомным чарце ўдзельнік гурту «MorkvoЦвет» Яўген Белановіч. Ягоны паплечнік Павал Рыжкоў дадае: «Для нас важная гэта перамога, лічам яе заслужанай, бо альбом атрымаўся якасным на наш погляд».

Музыкі самі прымалі ўдзел і сачылі за галасаваньнем. «Мы не расьпешчаныя ўдзелам у галасавалках, таму гэта зусім новыя пачуцьці, калі ты бачыш, што за цябе аддаюць свае галасы». Яўгену і Паўлу з усіх удзельнікаў чарту найбольш спадабаўся альбом «Синоптик»  Nizkiz.  Агулам жа з апошніх адкрыцьцяў у беларускай музыцы пераможцы вылучаюць альбом «Dobrazol» .К за ідэальную адпаведнасьць гучаньню і зьместу.

Альбом «Брешь», які стаў найлепшым у музычным сэзоне 2017/2018 — дэбютны для «MorkvoЦвет». У яго ўвайшлі найлепшыя на момант запісу песьні музыкаў на беларускай і расейскай мовах. У Яўгена і Паўла назапасілася матэрыялу на новы дыск, які неўзабаве будзе запісаны ў студыі. Музыкі абяцаюць, што ён будзе больш экспэрымэнтальны, чым папярэдні. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM, фота прадстаўленае музыкамі