Звольнены дырыжор “Харошак”: Надзвычай крыўдна за ўсе гэтыя гады!
3667 / 0
15.10.2020

Звольнены дырыжор “Харошак”: Надзвычай крыўдна за ўсе гэтыя гады!

“Ваша ідэалогія не адпавядае дзяржаўнай” – так Івану Ерамеевічу патлумачыла прычыну звальнення новая адміністрацыя калектыва.

Іван Ерамеевіч працаваў у «Харошках» восем гадоў і быў звольнены праз грамадзянскую пазіцыю. Мы сустрэліся з дырыжорам заслужанага акадэмічнага ансамбля літаральна праз некалькі гадзін пасля падпісання папераў паводле згоды бакоў. І за некалькі гадзінаў да выступу ансамбля на сцэне тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску. 

“ – Я ўдзячны калектыву за гэтыя восем гадоў супрацы, буду памятаць тыя гады ўсё жыццё. Удзячны Валянціне Іванаўне Гаявой, якая ў свой час пабачыла ўва мне чалавека, артыста, паверыла мне. Я магу з упэўненасцю сказаць, што аддаў ёй часцінку сябе, нават больш – я аддаў душу! І я думаю, што з гэтым ніхто не зможа паспрачацца з тых, хто сёння там працуе”, - адразу ж пачаў аповед Іван Ерамеевіч.

 

– Але што ўсё ж стала прычынай вашага звальнення?

– У сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў краіне, я, як і большасць людзей, не мог заставацца абыякавым. Гледзячы на ўсё гэтае бязмежжа з боку уладаў… Я кажу пра тое, што адбывалася з 9 жніўня і працягвае адбывацца зараз – пра гвалт, здзек, збіццё людзей… Я заўсёды лічыў сябе па-за палітыкай. Ускосна, бо я чалавек культуры, воляй-няволяй мы перасякаліся і з дзяржзамовамі, удзельнічалі ў так званых закрытых мерапрыемствах... Але агулам, да вось гэтых падзеяў, якія адбыліся пасля выбараў, я лічыў сябе апалітычным чалавекам.

Я падпісаў зварот дзеячаў культуры супраць гвалту, бо мне сумленне не дазваляла заставацца наводдаль. І чым далей, тым больш я разумею, што ўсё гэта яшчэ і ўзмацняецца. Калі пачалі выходзіць жанчыны – іх пакавалі ў аўтазакі. Калі прыехалі студэнты, пачалі па ВНУ хадзіць, хапаць і гэтак далей. У мяне вельмі шмат знаёмых і сяброў, якія пабывалі на Акрэсціна. Тое, што адбываецца, я ведаю не з нейкіх там СМІ, а непасрэдна з аповедаў сяброў. Гэта безумоўна паўплывала на мой светапогляд.

Ні для каго не сакрэт, на якім месцы ў нашай дзяржаве знаходзіцца культура. Нават не ведаю, якое слова падабраць… Сорамна нешта казаць пра заробкі… я не ведаў, як я мог дапамагчы. Таму, калі мне патэлефанавалі сябры з прапановай запісаць відэазварот, я адразу ж пагадзіўся. Але магу сказаць, я не пашкадаваў, што запісаў гэты відэазварот.

– Але чым матывавалі вашае звальненне?

– Ні для каго не сакрэт, што зараз пайшла другая хваля заражэнняў каронавірусам. І так здарылася, што ў нас некалькі калегаў захварэлі – тры чалавекі маюць пацверджаны дыягназ і адзін з іх знаходзіцца ў бальніцы з двухбаковай пнеўманіяй. Таму нас накіравалі на так званую самаізаляцыю. Акурат падчас карантыну і адбыўся мой відэазварот. І вось праз некалькі дзён я закрываю даведку ў бальніцы і выходжу на працу. У першы ж дзень я правёў невялічкую рэпетыцыю з музыкамі, якія былі не на каранціне. Падчас перапынку зайшоў намеснік дырэктара і запрасіў мяне ў кабінет да дырэктара ды мастацкага кіраўніка – у іх агульны кабінет.

Я адчыняю дзверы, і мне адразу: “Ну, што Іван?” Я кажу: “Што?” Ён паглядзеў на мяне і сказаў прыблізна наступнае: “Вашае ідэалагічнае меркаванне не супадае з дзяржаўным”. Я ў яго спытаў, што такое дзяржава? Ён нічога не адказаў, а працягнуў: “Нам непрыемна з вамі развітвацца, але, тым не менш, вы павінны пакінуць гэты калектыў!”. Было сказана, што з Міністэрства культуры яму прыйшло на тэлефон відэа з маім удзелам і загад мяне звольніць. Але загад, каб вы разумелі не пісьмовы - проста па тэлефоне. Ніхто нават не зважаў, што ў мяне кантракт да 2022 года.

Натуральна, у мяне быў спадзеў на мастацкую кіраўніцу, Валянціну Іванаўну Гаявую, але яна пасля гэтых словаў проста зрабіла такі ківок галавою, маўляў, ты можаш быць вольны. 

Мне ў прынцыпе нават не важна, што там міністэрства культуры сказала. Але калі ты чакаеш падтрымкі ад людзей, якім ты душу адкрыў… гэта было для мяне ўдарам! Нажом у сэрца - можа, і занадта моцна сказаць, але надзвычай крыўдна за ўсе гэтыя гады. А я нямала зрабіў для калектыва, я проста не хачу сябе нахвальваць. Калі прыходзіць абсалютна незнаёмы чалавек, які не ведае творчасці калектыву, чым ён дыхае, хто ў ім працуе, і гаворыць такія словы, гэта яшчэ можна перажыць. Але, калі мастацкі кіраўнік цябе не падтрымлівае… 

– Дырэктар вашага калектыва быў прызначаны нядаўна, і ўвогуле не мае дачынення да вашай сферы, так?

– Я пра нашага дырэктара шмат сказаць не магу. Яго прызначыла Міністэрства. Мы былі ў адпачынку ў жніўні, а па вяртанні нас паставілі перад фактам, што ў нас новы дырэктар – палкоўнік Курда Валерый Уладзіміравіч. Два месяцы чалавек прапрацаваў. Магу з поўнай упэўненасцю сказаць, ён нават па імёнах не ведае ўдзельнікаў аркестру. Не маю, што сказаць кепскага на яго адрас, але артысты “Харошак” адзначылі пэўную нетактоўнасць. Як можна было не пазнаёміцца ні з балетам, ні з аркестровай часткай, ні са мною, кіраўніком аркестра?

– Ці можаце агучыць заробак, які атрымлівалі?

– Так! Мне не сорамна. У лепшыя часы – гэта я маю на ўвазе, калі ў нас проста былі канцэрты па Беларусі, мой заробак складаў 600 рублёў. Гэта ў самыя лепшыя часы. Калі пачаўся каронавірус, было ў раёне 500 рублёў, зараз яшчэ меней – 470.

– Калі вам стала вядома пра выступ у Купалаўскім тэатры?

– Тыдні чатыры таму пачалі здалёк на гэты конт казаць. Сама інфармацыя, што нехта павінен браць удзел, у тым ліку і ансамбль “Харошкі”, - з два тыдні таму. З гэтае нагоды было вырашана склікаць так званую мастацкую раду, куды ўваходзіць восем чалавек, у тым ліку я як дырыжор. У прынцыпе, пяцьдзясят на пяцьдзясят. Я выказваўся апошнім і я сказаў, што маёй нагі там не будзе. Я там і спытаў, як яны, выступіўшы, будуць глядзець у вочы людзям? На што пачуў нямала няўхвальных словаў. 

Хачу адзначыць, што ўнікальнасць калектыву “Харошкі” ў тым, што ён заўсёды працуе пад жывы акампанемент. Мы ніводны канцэрт пад фанаграму не працавалі! Таму аркестр мае вельмі важкае месца. І, адмовіўшыся працаваць у Купалаўскім, я папрасіў кіраўніцтва спытаць у кожнага з музыкаў калектыву, ці гатовы яны выступаць. Мне сказалі, што абавязкова спытаюць. Але літаральна на наступны дзень у нас захварэлі людзі. Да аркестра так ніхто і не прыйшоў. Маё меркаванне не ўлічылі, кіраўніцтва проста вывесіла даты на дзесяць канцэртаў у Купалаўскім.

– А што вас так абурыла ў магчымасці выступіць на сцэне Купалаўскага?

– Як ужо было сказана, і я з гэтым цалкам згодны - на сцэну Купалаўскага першымі павінныя выйсці купалаўцы!

– Сёння адбыўся першы канцэрт у Купалаўскім…

– Магу сказаць, што ад гэтых канцэртаў адмовіліся ўсе музыкі нашага аркестру. 15 чалавек,яшчэ тры з іх на бальнічным. 12 чалавек адмовіліся ад выступаў там.

– А балетная частка ансамбля?

– Там таксама былі людзі, якія адмовіліся. Гэта я дакладна магу сказаць. Але тых, хто адмовіўся, меншасць. Калі, да прыкладу, у балетнай часты чалавек 25 працуе, то адмовіліся, можа, 5.

– Дык усё ж, прычына вашага звальнення ў адмове працаваць на сцэне Купалаўскага, ці ў звароце ў падтрымку Марыі Калеснікавай?

– Думаю, гэтыя два факты адзін адно дапаўняюць. Можа, калі б я быў не супраць выступу ў Купалаўскім тэатры, можа, і заплюшчылі б вочы на зварот… Хоць мне было сказана, што гэта праз відэа.

 

Скрын з сайта khoroshki.by

– Што плануеце рабіць далей?

– Не ведаю. Падпісваючы ліст ад працаўнікоў культуры, запісваючы відэазварот, адмаўляючыся ад выступу ў Купалаўскім тэатры, я выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю. У мяне не было ніякіх запасных варыянтаў. Маўляў, калі мяне звольняць, то я пайду на іншае месца працаваць, змагу далей карміць сям’ю і гэтак далей. На жаль, у меня іншы варыянт. Апроч “Харошак” я нідзе не працаваў.

– Ці падтрымаў вас калектыў? 

– Я не чакаў такой рэакцыі калег! Нават у аддзеле кадраў, дзе я быў не часты госць, мне нават паперу не далі напісаць заяву на звальненне. Сказалі, што ніколі ў жыцці мяне не адпусцяць. Калі прыйшоў да калег у аркестр, была такая ж рэакцыя. Усе падтрымлівалі, пыталіся, на якіх падставах, і гэтак далей. Нават запрасілі дырэктара на размову. Ён прыйшоў да нас у аркестровую. Але яго меркаванне наконт майго звальнення не змянілася. 

Што тут казаць, падтрымка была каласальная! Я ўдзячны калегам! У мяне папросту няма словаў! Магу сказаць за аркестар, што гэта згуртаваны калектыў, і я ганаруся гэтымі людзямі! 

Наконт балетнай часткі ансамбля, то мы знаходзімся на розных паверхах, і я перакананы, што яны б таксама за мяне заступіліся, але цалкам верагодна, што пра маё звальненне яны пакуль і не ведаюць. 

– Аб’ектыўна, пасля вашага звальнення калектыў ці зможа выступаць?

– Даваць тыя праграмы, якія ансамбль і Валянціна Іванаўна Гаевая планавала, практычна немагчыма. Так, мяне можна замяніць, але… Зноў жа не хачу пра сябе шмат казаць, але для аркестра маё звальненне – каласальная страта. Бо я ж не такі дырыжор, як уяўляецца, з палачкаю. Я паводле прафесіі баяніст і я сам на сцэне граю. Я пісаў для аркестра музыку… І, ведаючы пазіцыю аркестру, як яны збіраюцца пасля майго звальнення далей працаваць, я не ведаю! Асабліва сёння, пасля канцэрта ў Купалаўскім, калі людзі пачытаюць каментары, калі гэта пабачаць артысты , проста балюча думаць пра тое, што можа быць з калектывам далей! 


 

У падтрымку Івана Ерамеевіча бубнач ансамблю “Харошкі” Максім Марчанка таксама падаў заяву на звальненне

– Я не хачу, каб чалавек, нават не музыка, каб чыноўнік мне ўказваў як мне і што рабіць! Чаму я павінен? Гэта глабальная праблема усёй нашай сістэмы, што нам увесь час спрабуюць нешта навязаць.

Я так разумею, навязалі гэтыя канцэрты ў Купалаўскім. Маўляў, давайце вы выратуеце сваімі канцэртамі Купалаўскі, а мы вас. Бо на пачатку года было ж выдзелена фінансаванне, а трупы няма, таму грошы не засвоеныя. Пры гэтым яны не пытаюць, жадаем мы, ці не. Бо для іх у міністэрстве мы “адзінка”. Яны ж не цікавяцца калектывамі, іх стасункамі, для іх кожны з нас “адзінка”, занятая “стаўка”. І ставяцца яны да нас, адпаведна, як да статку: сказалі ісці і біць у барабан, ідзі і бі ў барабан!

Натуральна, я супраць такога! А калі нейкі незнаёмы, новы ў калектыве чалавек пачынае казаць пра майго калегу: “Я вас там не бачу!”, то і я сябе там не бачу!

Максім падаў заяву на звальненне ў дзень, калі быў звольнены дырыжор. Ці падпісалі яе і якой датай, музыка пакуль не ведае.


Ілля Маліноўскі для TuznFM


Читать полностью:  https://news.tut.by/culture/704187.html

Тэгi: