!OUT: Эратычны міньён у трох актах ад праекту Allя
Сьпявачка Аляксандра Грахоўская прадстаўляе на Tuzin.fm свой EP «Кава / Мокрыя / Пакаштуй мяне» ды распавядае пра свой праект Allя.
Жанчына, якая сьпявае, акампануючы сябе на піяніна — архітыпічны вобраз і адначасова трэндавы. Гіпэрактыўная кампазытарка, сьпявачка, мультыінструмэнталістка, танцорка Аляксандра Грахоўская, вядомая па фармацыях «Госьціца», dream-band «Агатка» й By Cry, запісала фартэпіянна-сьпеўны трыптых пад нікам Allя. Зьмест EP «Кава / Мокрыя / Пакаштуй мяне» падкрэсьлена эратычны: градус падвышаецца з кожнай хвілінай, наканаванае мусіць зьдзейсьніцца… Аўтарка прэзэнтуе свой сьмелы міньён на Tuzin.fm.
ТГ: Такое адчуваньне, што Вы, Аляксандра, можаце ўсё й нават болей! Вашая аўтарская старонка рэгулярна абнаўляецца. Вы ствараеце канцэптуальныя песенныя праграмы альбо музыку для спэктакляў, пішаце рамансы ды фольк-апрацоўкі, самі рэжысуеце й мантуеце кліпы, займаецеся сучаснай харэаграфіяй, маеце пазнавальны й унівэрсальны вакал, валодаеце рознымі інструмэнтамі й гукарэжысэрскімі праграмамі, ведзяце адразу некалькі аўтарскіх музычных праектаў. Як так сталася?
Аляксандра: Усё вельмі проста ды нават банальна. Чатыры гады таму я сядзела ў дэкрэтным адпачынку. Гэта час, калі ўсе твае магчымасьці абмежаваныя квадратнымі мэтрамі. Але прага да музыкі не абмежавалася. Пачалося ўсё зь дзіцячых песенек з «Агаткай», пасьля зьявіўся фальклёрны праект «Кар_Вай», потым ажыцьцявілася мара маёй маладосьці — фольк-рокавы гурт By Cry. Мне падабаецца палярна розная музыка. І мне вельмі цікава спрабаваць новае для сябе альбо ў сабе — тое, чаго яшчэ не рабіла, дзе яшчэ не была, у чым яшчэ не жыла.
ТГ: Allя — як правільна вымаўляецца назоў новага праекту? І чаму вырашылі вылучыць гэты матэрыял асобна?
Аляксандра: Вымаўляецца, як «Аля» — скарочанае імя ад «Аляксандра». А напісаньне дадае яму міжмоўную й сэнсавую гульню: all — па-ангельску «ўсё», то бок, «гэта ўсё — я». Вобраз, які стварыўся, — вельмі характарны і адметна выразны, ён запатрабаваў свайго асабістага імя.
ТГ: Музыка, словы, выкананьне цалкам Вашае?
Аляксандра: Так. Толькі вось тэкст я шукала вельмі доўга: размаўляла з рознымі паэткамі, тлумачыўшы «на пальцах», што трэба, што я адчуваю. Але гэта вельмі складана, чужая душа — цёмны лес. Таму мне нічога не засталося, як спрабаваць самой. І я вельмі ўдзячна гэтаму досьведу. Галоўнае, што мне прыадчынілася гэтая таямніца слова, у якой я знайшла тую ж чароўную музыку. Толькі выказваецца яна іншымі сродкамі. І тое, якое яно там ўсё жывое — вельмі захапляльна! Вельмі ўражвае!
ТГ: Ці будзе працяг эратычнага тэмату?
Аляксандра: Пакуль не плянуецца… Але! Мяне ўжо доўгі час вымучвае вобраз іншай дзяўчыны, якая чакае свайго стварэньня. Можа, гэта нават і сама Allя, толькі на гадоў 10 маладзейшая.
ТГ: Ці лічыце жаночы сьпеў пад фартэпіяна досыць папулярнай цяпер формай?
Аляксандра: Не. Дзе патрэбны «кач»? Дзе «прамая бочка»? Гэта не папулярная музыка. Ня думаю, увогуле, што да маёй музыкі можна аднесьці эпітэт «папулярная». Я пішу музыку для сябе, і толькі таму, што бяз гэтага немагчымае маё шчасьлівае жыцьцё. А выкладваю на сваёй старонцы з думкай, што калі мне гэта прыйшло, было даравана, то, напэўна, яму трэба тут, у гэтай прасторы, жыць.
Праекты Аляксандры Грахоўcкай у сеціве — Soundcloud/афіцыйны сайт/гурт By Cry
Яшчэ: Іншы праект Аляксандры Грахоўскай. «Агатка». Народжаныя каб казку зрабіць быльлю (аўдыёпрэм’ера)
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фотаздымкі прадастаўленыя Аляксандрай Грахоўскай
а нiчога так!
а мне понравилось!даже очень
Больш жанчынаў за піяніна тут - http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/570/
КАМЕНТАВАЦЬ