Vuraj не стрымаць. Трэцяя зімовая прэм’ера ад «Герояў году» (відэа)
4126 / 1
20.12.2016

Vuraj не стрымаць. Трэцяя зімовая прэм’ера ад «Герояў году» (відэа)

Натхнёны перамогаю на прэміі «Героі году — 2016» гурт Vuraj прэзэнтаваў новую песьню «Шось у лесе» ў выглядзе live-відэа.

Прэм’ера адбылася пасьля атрыманьня гуртом узнагароды ад парталу Tuzin.fm за творчую і грамадзкую актыўнасьць. Сяргей Доўгушаў прызнаецца, што для яго ўзнагарода «Героі году» была нечаканасьцю і вялікай прыемнасьцю — дагэтуль лідэр Vuraj не атрымліваў ніякіх прэміяў. Яшчэ адным кранальным момантам, зьвязаным з «Героямі» было тэлефанаваньне з Палесься. «На наступны дзень пасьля ўручэньня зранку патэлефанавалі мае любыя палескія спявачкі зь Піншчыны, зь якімі я пазнаёміўся падчас экспэдыцыяў. І яны так цёпла, шчыра павіншавалі з узнагародай ад Tuzin.fm. Не разумею адкуль яны даведаліся, бо там нават тэлефонная сувязь не заўсёды добра працуе».

Новая песьня «Шось у лесе» — якраз паходзіць з глыбіні гомельскага Палесься. Яна мае запамінальную мэлёдыю і яркі ды просты тэкст. Сьпеў ужо добра ведаюць наведнікі «Сьпеўных сходаў». «Мы вырашылі данесьці да слухача нашае жывое гучаньне, перадаць  атмасфэру самога студыйнага працэсу. Песьня, якую хочацца сьпяваць, прапускаць празь сябе. Нам вельмі захацелася падкрэсьліць яе адметнасьць і мэлядычнасьць. Добрае напаўненьне атрымалася за кошт новых музычных інструмэнтаў, сярод якіх унікальны старажытны беларускі інструмэнт — колавая ліра», — кажа Сяргей.

Відэа «Шось у лесе» было запісана на студыі Everest. Апэратары Аляксандар Алейнікаў і Жэня Бэрліне. Мантаж — Сяргей Навіцкі.

Гэта ўжо трэцяя прэм’ера ад Vuraj у гэтым месяцы. Да гэтага гурт прэзэнтаваў песьню «Ластовка», а на прэміі «Героі году» паказаў новы твор «Зязюля».

Пачуць і пабачыць Сяргея Доўгушава і гурт Vuraj у найбліжэйшы час можна на імпрэзах:

20 сьнежня — Сьпеўны сход. Філяматы і філарэты, Менск, галерэя Tut.by

24 сьнежня — сумесны канцэрт з гуртамі «Стары Ольса» і «Восьмыдзень», Віцебск, Бітлз-клюб

25 cьнежня — выступ у межах «Каляднага фэсту» ў Re:Public

26, 27, 28 сьнежня, 4, 5, 6 студзеня — музычны спэктакль для дзяцей «Калядная казка пра казу і Пятра», Менск, «Грай».

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    20.12.2016 / 01:34

    Тэкст песьні для аматараў пасьпяваць:

    Шось у лесе гукае,
    Шось у лесе гукае.
    Соловейко сьпявае,
    Соловейко сьпява(e)

    Соловейко сьпявае,
    Соловейко сьпявае.
    Васіль коней шукае,
    Васіль коней шука(е)

    Ой, не шукай Васіль коней,
    Ой, не шукай Васіль коней.
    Твае коні ў гародзе,
    Твае коні ў гародз(е).
    Твае коні ў гародзе,
    Твае коні ў гародзе.
    Да й у Ганочкі ў шкодзе,
    Да й у Ганочкі ў шкодз(е)

    Йідзі позаймай,
    Йідзі позаймай.
    На Ганочку поморгай,
    На Ганочку поморгай.

  • КАМЕНТАВАЦЬ