UltraВожык: Жахлівы сон беларускага ідэоляга (відэаінтэрвію)
5986 / 9
21.11.2013

UltraВожык: Жахлівы сон беларускага ідэоляга (відэаінтэрвію)

З нагоды свайго 12-годзьдзя самы таямнічы праект на беларускай сцэне 00-х UltraВожык даў эксклюзіўнае інтэрвію парталу Tuzin.fm ды яшчэ і ў відэафармаце.

Гэты праект пачынаўся як аднаразовы жарт, але гульня зацягнулася. Сёлета самыя містычныя прадстаўнікі беларускай незалежнай сцэны спраўляюць 12-годзьдзе сваёй дзейнасьці. Гурт UltraВожык дэбютавалі з помпай, бо на вакале ў іх быў… Аляксандар Лукашэнка. Першы сынгл пад назвай «Вусаты дэмакрат» быў запісаны ў 2001 годзе. Кампазыцыя ўяўляла зь сябе нарэзку з гукавых цытатаў кіраўніка Беларусі, што былі падкладзеныя пад немудрагелісты электронны біт, у якім можна распазнаць мэлёдыю дзяржаўнага гімну. Трэк імгненна стаў гітом у сеціве.

Яны называюць сябе Пётар Адамавіч і Яўген Шафа-Ўругвайскі і гэта яўна ня іх сапраўдныя прозьвішчы. Трэцім удзельнікам гурта яны заўжды пазначаюць «сабачку Ібрагіма», называючы яго «ідэйным лідэрам беларускай нацыі».

Нумар «Вусаты дэмакрат» быў успрыняты за дасьціпны жарт і па хуткім часе забыты. Але празь некаторы час UltraВожык ізноў нагадаў пра сябе — гэтым разам больш сьпелым трэкам пад назвай «Ідэалёгія».

UltraВожык — Ідэалёгія

Менавіта ў ім вымалёўваецца стылістыка гурта. Яны стварылі Kraftwerk для беларусаў. І падабенства тут ня толькі ў музычным пляне. Слынная электронная група з Дусэльдорфу ў 70-х фактычна вярнула нямецкай моладзі самапавагу, бо пасьля вайны немцы камплексавалі з нагоды сваёй нямецкасьці. А UltraВожык зрабіў невялічкі пераварот у сьвядомасьці сваёй аўдыторыі, калі давёў, што да таго абсурду, які адбываецца наўкол, трэба ставіцца з іроніяй, быць вышэй за абставіны і мець гонар пры любым раскладзе.

Пётар і Яўген ніколі не адказвалі на пытаньні на поўным сур’ёзе. Такім чынам яны падкрэсьліваюць усю абсурднасьць сытуацыі, у якой апынуліся беларусы. Вакол праекту UltraВожык ходзіць шмат легендаў і чутак, але яго ўдзельнікі ніколі нічога не абвяргаюць. Больш за тое — падмацоўваюць плёткі і даюць глебу для ўзьнікненьня новых.

Шырокую вядомасьць «ультравожыкам» прынесла песьня «Атлянтыда», запісаная насуперак іміджу гурта, як сур’ёзная рок-баляда. У 2005 годзе яна трапіла ў лік найлепшых песень сэзону па вэрсіі «Тузіна Гітоў», пасьля была выдадзеная на складанцы «Песьні свабоды», тэлеканал «Белсат» зьняў на яе кліп. «Атлянтыда» стала адным зь гітоў Вясны-2006, яе разам зь песьнямі N.R.M. і «Крамы» сьпявалі на Акрэсьціна затрыманыя ўдзельнікі акцыі пратэсту.

UltraВожык — Атлянтыда

UltraВожык запісалі за гэты час яшчэ некалькі яркіх гітоў. Да посьпеху «Атлянтыды» наблізіўся іх наступны трэк — «Фабрыка сноў». Але музыкі так і ня выдалі альбом, ніводнага разу ня выйшлі на сцэну ды наогул не паказаліся на публіцы. Кажуць, што засьцерагаюцца, бо наслухаліся расповядаў па дзяржаўнай тэлевізіі наконт таго, што паўсюль ворагі, а таму яны вымушаны з навакольлям стасавацца асьцярожна, а таму нідзе не працуюць і з дома не выходзяць. І ніхто, відаць, іх абудзіць ня ў змозе. Бо няма ў іх маральных аўтарытэтаў. Хіба толькі Дзед-Барадзед, якога яны ўшанавалі ў адным з апошніх сваіх трэкаў, які быў запісаны на манер песьні «Mein Herz Brennt» гурта Rammstein.

UltraВожык — Das Дзед-Барадзед

Ідэолягі адказалі стваральнікам праекту UltraВожык узаемнасьцю. Іх сайт быў занесены ў чорны сьпіс байнэту, г. зн. што зайсьці на яго з інтэрнэт-кавярні на тэрыторыі Беларусі праблематычна. Але музыкі з таго толькі цешацца, бо дадатковая абсурднасьць ім толькі на карысьць.

Пётар Адамавіч і Яўген Шафа-Ўругвайскі з нагоды 12-годзьдзя свайго праекту далі сваё першае відэаінтэрвію парталу Tuzin.fm.  

  Сяргей Будкін, Яўген Шапчыц, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Alaksiej Minchonak
    Alaksiej Minchonak / адказаць
    21.11.2013 / 11:08

    Не асіліў.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    21.11.2013 / 11:18

    За раз няпроста асіліць, гэта праўда. Але варта вяртацца і праглядзець да канца, там вельмі шмат забаўных момантаў:)

  • Загорскі / адказаць
    21.11.2013 / 13:25

    4-5 песен (да таго ж, кажучы мякка, даволі сярэдненькіх) за 12 год? смешна. нейкія юродзівыя. занадта зацыкленыя на палітыцы, таму і зрабіліся нібыта папулярнымі. а ці змаглі б яны зрабіць насамрэч нешта годнае, не выкарыстоўваючы "баяністы" трэцесортны гумар?
    "самыя містычныя прадстаўнікі" таму што па-просту імі ніхто не цікавіўся.

  • sb1 / адказаць
    21.11.2013 / 13:54

    Яны трымаюцца свайго канцэпту - вострасацыяльны сатырычны музычны праект. Пры тым бачна, што могуць рабіць таленавітыя рэчы, без зацыкліваньня на палітыцы - "Атлянтыда" вам сьведчаньнем.

  • Mikita / адказаць
    22.11.2013 / 01:36

    Жэстачайшыя хлопцы і вельмі клёвыя! Мала хто з нашых музыкантаў умеюць канцэптуальна, ды хоць як трымацца ў кадры. А ў іх да таго ж і песні што трэба!

  • Загорскі / адказаць
    23.11.2013 / 03:29

    Канцэптуальна? Можа і так, але... Хто ёсць яшчэ акрамя іх? Нікога. І гэта не сведчыць пра якасць прапанаванага праекту. Па просту няма з чым параўноўваць. Па мне дык гэта тое ж самае, што Смярдзючку назваць якасным эпатажам. Яшчэ раз смешна.
    А ужо пра 12-цігадовую дзейнасць увогуле дзіўна чытаць. Якая дзейнасць? Некалькі песен? Напружана хлопцы працавалі! На кожную песню некалькі год працы. У-х! Цырк на дроце. )
    Навошта піярыць "мыльную бурбалку", калі ў нас ёсць сапраўды цікавыя творчыя людзі?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.11.2013 / 23:54

    Хлопцы працуюць у сваю ахвоту і нікому нічога не павінны. Тым больш, можна пісаць цыклямі з сотняў песень і застацца нікім, а можна стварыць адзін твор, які ўвойдзе ў гісторыю.

    І трэкі ў іх клёвыя, што б вы не казалі:). Дарэчы, тэма ананімнай творчасьці на беларускай сцэне абсалютна недасьледавана. Ёсьць шэраг выканаўцаў, якія робяць забаўныя рэчы і не паказваюцца на публіку. Мы іх усіх паступова дастанем.

    І скажыце, калі ласка, якая для вас цікавыя творчыя людзі - з задавальненьнем напішам пра іх, калі яны сапраўды вартыя ўвагі.

  • Загорскі / адказаць
    24.11.2013 / 00:59

    Прабачце, можа я насамрэч вельмі рэзка рэагую, проста артыкул напісаны ў такім стылі нібыта гэтыя хлопцы з'яўляюцца адзінымі і непаўторнымі і г.д. У свой час Вожык часцяком граў і ў маім плэйлісце, але я чакаў ад іх далейшага развіцця і адыходу (хаця б перыядычна) ад палітыкі. А па факце мы не маем нічога, акрамя некалькіх сярэдненькіх трэкаў. І тут такое інтэрвію. Я да таго, што хацелася б бачыць больш цвярозы, калі дазволіце, погляд, больш крытычнае стаўленне. Гэтак можна і перахваліць, пазбавіць людзей прагі да развіцця і самаўдасканалення. ))) Ну і бог з ім.

    P.S. Канешне, цалкам падабацца ўсё не можа, але ўвогуле мне падабаецца падбор артыстаў пра якіх вы пішыце. Дзякую парталу за гэта.

  • Sonnabend / адказаць
    24.11.2013 / 01:42

    Трызненьне сівай кабылы, канешне, але менавіта за гэта мы вас і любім. Патрабуем новага рэлізу!

  • КАМЕНТАВАЦЬ