Антон Мацулевіч cпрадусаваў два трэкі Fall Out Boy (аўдыё)
3086 / 0
29.02.2016

Антон Мацулевіч cпрадусаваў два трэкі Fall Out Boy (аўдыё)

Першы беларус, які быў намінаваны на «Грэмі», вяртаецца на Радзіму, каб далей граць з улюбёнай камандай IQ48 і пісаць сваю музыку.

Антон, вядомы ў амэрыканскім шоў-бізе пад імём Tony Fadd, гэтым разам паехаў у Амэрыку на запрашэнне арганізатараў цырымоніі «Грэмі», дзе ён сёлета намінаваўся як аўтар найлепшай рэп-песьні году. Цягам месяца прабываньня беларускі музыка таксама наладзіў шмат карысных кантактаў і ўрэшце пазнаёміўся непасрэдна з рэпэрам Fetty Wap, які выканаў трэк «Trap Queen», што прынёс посьпех і яму самому, і ўласна Антону, як аўтару музыкі. Дагэтуль яны сувязь трымалі праз пасярэднікаў. «Мяне дужа ўразіла цырымонія „Грэмі“, асабліва выступы Кендрыка Ламара, Адэль, а таксама Эліса Купэра разам з Джоні Дэпам. Пазнаёміўся з Фэці. Нармальны хлопец! Пра Беларусь ён мяне не пытаў, бо геаграфіяй не асабліва цікавіцца. Затое пагутарылі наконт далейшых плянаў аб супрацы ды абмяняліся кантактамі» — сказаў Антон у камэнтары для Budzma.by.

Tony Fadd і Fetty Wap

З посьпехаў беларуса таксама можна вылучыць супрацу з зоркамі эма-панку Fall Out Boy. Яны выдалі альбом «Make America Psycho Again», куды ўвайшлі перапрацоўкі песень зь іх арыгінальнага альбому «American Beauty/American Psycho», запісаныя з запрошанымі гасьцямі. Антон зрабіў два аўтарскія рэміксы на песьні «Аmerican Psycho» i «Favourite Record», які выканаў амэрыканскі гіп-гоп выканаўца ILoveMakonnen.

У Менск з Лос-Анджэлесу Антон вяртаецца 2 сакавіка. Ён працягне рыхтаваць новы альбом з гуртом IQ48, дзе грае на бубнах, а паралельна займацца сольнай творчасьцю. Будучыя свае замежныя рэлізы ён пакуль не анансуе, але ўпэўнівае, што матэрыял напрацаваны дужа цікавы.

Яшчэ: «Мы такія самыя, як аднавокі чорны хлопчык зь Нью-Джэрзі»

SB, Tuzin.fm