
Essa. Канец архаічнага сьвету (аўдыё)
Альбом «Niamiha» нібыта выяўляе расчараванасьць аўтараў у магчымасьці жыць старым прыгожым ладам у цяперашнім прамыслова-тэхнічным сьвеце. Піша Барыс Шчука.
Гурт Essa зь мястэчка Ракаў увесну зрабіў канчатковае выданьне свайго фольк-экспэрымэнтальнага альбому «Niamiha». Гадоў восем таму альбом Essa выклікаў бы шум, але ў нашыя дні ўвага да гурта чамусь вельмі малая. Адзінай публікацыяй, у якой была спроба разабраць музычную сутнасьць ды культурную каштоўнасьць альбому, стаў артыкул на блогу іхняга выдаўца.
Нашая задача — усё-ткі надзяліць увагай гурт, што выдаў альбом пасьля многіх гадоў дзейнасьці, і зьвярнуцца да тых вымярэньняў яго творчасьці, у якіх мы цямім. Мы ня будзем абмяркоўваць ні кампазытарскія таленты штатных і запрошаных музыкаў, ні бюджэт альбому, ні імёны прадусараў і гукарэжысэраў, ні спосаб, якім Тодар Кашкурэвіч завязвае бандану. Не зьбіраемся высьвятляць, урэшце, добры гэты альбом або дрэнны. Нас цікавіць: што на альбоме адбываецца з народнай музыкай? Якая роля тут адведзеная музычнай архаіцы як такой?
Агулам альбом гучыць ня як самастойны музычны твор, а як гукавая дарожка нейкага постмадэрнавага этнаспэктаклю. І народныя песьні ў гэтым спэктаклі выкарыстоўваюцца досыць адвольна і цытатна-«кавалачна».
У палове разоў, калі тут гучаць народныя песьні, яны выкарыстоўваюцца ня з поўным тэкстам, а толькі з патрэбнай яго часткай. У некаторых выпадках напеў так ці інакш зьменены, перапрыдуманы. Нарэшце, у шэрагу кампазыцыяў сьпеў гучыць не па-народнаму эмацыйна, занадта «чалавеча». Яскравы прыклад — галашэньні па зямлі і лесе, вядомыя зь фільмаў Зінаіды Мажэйкі («Рух зямлі», «Пранясі, Божа, хмару»). Вясковыя жанчыны, нягледзячы на журботны зьмест галашэньняў, выконваюць іх стрымана і тэхнічна; і ў гэтым соль: сапраўды шкада тых, каму баліць, але хто пры гэтым ня плача. Эмацыйны ж, з адценьнем гістэрыкі, варыянт галашэньня ад Вольгі Дзядовік — гэта спэктакль адной акторкі, якую не шкада.
Вольга Дзядовік
Дарэчы, можна заўважыць, што многія сучасныя музыкі, працуючы з фолькам, абіраюць адзін і той жа шлях: спробы неяк абыграць жаночы сьпеў. «Прыдумаць» нешта «новае», засноўваючыся пры гэтым зноў і зноў менавіта на жаночым выкананьні народных песьняў. Так, нібыта беларуская архаічная музыка існуе неадрыўна ад голасу, прычым менавіта ад жаночага. Ды што музыка! — нібыта ўвогуле ўся традыцыя мае амаль выключна жаночы вобраз. Ці ня маем справу са стэрэатыпам, які нас абмяжоўвае?
У большасьці выпадкаў сьпеў на альбоме мае шумава-стукавае, атанальнае («немузычнае») інструмэнтальнае суправаджэньне. Часам ён нават знаходзіцца не на пярэднім пляне, а нароўні ці нават па-за гукамі гэтай бляшанай пэркусіі. У любым разе атанальны акампанэмэнт у музычным пляне адслойваецца ад сьпеву, яны адштурхоўваюць адно аднаго.
Тодар Кашкурэвіч
Такім матэрыялам гурт нібыта хацеў не актуалізаваць, ня даць новае-сучаснае жыцьцё архаічнай музыцы, а, наадварот, падкрэсьліць, што архаіка і сучаснасьць неспалучальныя. Альбом нібыта выяўляе расчараванасьць аўтараў у магчымасьці жыць старым прыгожым ладам у цяперашнім прамыслова-тэхнічным сьвеце.
Такі пэсімізм тычыцца найперш асноўнай, загалоўнай часткі альбома — першых 10 дарожак, аб’яднаных адной канцэпцыяй. На далейшых чатырох кампазыцыях ён адступае: гэта ўжо куды больш музычныя творы за кошт партыяў саксафона ды канкляў. Адначасова яны менш асэнсаваныя за першыя 10, бо заснаваныя на імправізацыі. Адкінуўшы жаночы народны сьпеў, тут мы атрымаем па сутнасьці выпадковыя найгрышы добрых інструмэнталістаў, што сабраліся паімправізаваць на саксафоне і індыйскім барабане ў падземным пераходзе.
Калі казаць мэтафарычна, альбом «Niamiha» прапануе архаічнай музыцы або безвыходную маргінальнасьць і недарэчнасьць існаваньня ў сучасным горадзе (дарожкі 1—10), або пасіўнае распусканьне ў плыні сьвядомасьці, у нязначным фоне (дарожкі 11—14). Але музыка, калі яна хоча жыць, аднойчы мае знайсьці выйсьце на сьвежае паветра, на вольную прастору.
Барыс Шчука, «Вольны архіў», для Tuzin.fm
Больш пра альбом «Няміга»:
Новая Essa — у ракаўскім ангары з жалезнай бляхай
Essa выдала сумесны альбом зь легендай летувіскага джазу
Іншыя матэрыялы аўтара:
КАМЕНТАВАЦЬ