Топ-12 гэтай зімы: Каляды руляць! (аўдыё)
У рэйтынг самых запатрабаваных песень зімы 2015—2016 трапіла ажно 8 песень з праекту «Новае пакаленьне на Новы год».
Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 cьнежня 2015 да 1 сакавіка 2015 году зафіксавана 94 400 праслухоўваньняў (за папярэднія тры месяцы восені-2015 было 56 700 праслухоўваньняў). Найбольш за ўсё песьні з каналу слухалі ў Беларусі (63 850), Расеі (6742) ды Польшчы (5391), потым ідуць Украіна, ЗША і Нямеччына. Тузін самых запатрабаваных трэкаў выглядае наступным чынам (у дужках колькасьць праслухоўваньняў за тры месяцы зімы — сьнежань 2015, студзень і люты 2016):
12. TonqiXod feat. Сяргей Пукст — Марозная (1161)
Сумесны трэк аўтараў найлепшага беларускага рок-альбому-2014 і 2013 адпаведна (па вэрсіі Experty.by), які напісаў паэт і вакаліст TonqiXod Уладзь Лянкевіч пад натхненьнем ад казкі пра Сьнежную Каралеву. Толькі падзеі, апісаныя ў гэтым творы, адбываюцца ў сучасным горадзе. «Марозная» ўпрыгожыла праект «Новае пакаленьне на Новы год» і на стала ўвайшла ў рэпэртуар гурта. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут).
11. Жадан і Собаки — Рок-музыкант (1331)
Песьня Лявона Вольскага ды Ўладзі Давыдоўскага, напісаная яшчэ пры канцы 90-х для гурта «Мроя» неад’емна ўваходзіць у сэзонны топ-12 у наш час дзякуючы ўкраінскаму паэту і сьпеваку Сяргею Жадану. Перакладзеная на ўкраінскую і запісаная яна была для праекту «Global Reload». У студзені гэтага году «Жадан і Собакі» прэзэнтавалі таксама музычнае відэа на гэтую песьню. (Інтэрвію зь Сяргеем Жаданом з нагоды прэм’еры песьні).
10. Андрэй Макарэвіч — Сьнег (1499)
Яшчэ адзін трэк з «Global Reload» — дасканалы самакавэр Андрэя Макарэвіча на песьню, яшчэ старэйшую за «Рок-музыканта». «Сьнег» у арыгінале быў запісаны яшчэ ў 1977, першы запіс зроблены ў 1978, а беларускамоўная вэрсія зьявілася ў 2015-м. (Інтэрвію з Андрэем Макарэвічам з нагоды прэм’еры песьні).
9. BosaeSonca feat. Ганна Хітрык — Фаервэркамі (1650)
Дуэтны сьпеў Алеся Ката-Зайцава з Ганнай Хітрык, напісаны адмыслова для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Кампазыцыя выйшла сьвяточнай, пяшчотнай і кранальнай па настроі і вельмі аптымістычнай, што зьяўляецца рэдкасьцю для беларускай музыкі. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут).
8. Зьміцер Вайцюшкевіч feat. Pauline — Бывайце здаровы (1950)
Песьня, якой сёлета споўнілася 80 гадоў, у цудоўным і пранікнёным выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча і Паліны Цімохінай запісаная — зноў жа — для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Без сумневу заслужаны беларускі артыст і сьпявачка, прызнаная адкрыцьцём 2015 году ў беларускай музыцы (па вэрсіі Tuzin.fm) адлюстроўваюць повязь пакаленьняў і як бы сьведчаць, што гэта музыка будзе вечнай. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут).
7. Navi — Гэта зямля (1991)
Песьня Арцёма Лук’яненкі і Ксюшы Жук, запісаная адмыслова для ўдзелу ў беларускім адборы на «Эўравізію-2016», стала па выніку адзінай беларускамоўнай кампазыцыяй у фінале адбору і мела ўсе шанцы на перамогу. Але галасаваньне зноў прайшло з скандалам — гледачы нібы абралі выканаўцу, якім займаецца расейскі прадусар Дробыш. Аднак, архівы Youtube засьведчылі, што выбар быў зроблены без удзелу гледачоў куды раней. Navi ж сваім выступам засталіся задаволеныя. Іх нумар сапраўды быў удалым.
6. Vinsent feat. Šuma Voices — Каляда (2339)
Трэк, у якім сышліся рэп, электроніка і фольк, запісаны для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Вінсэнт і Šuma сыходзяцца ў тым, што народную музыку варта паказваць праз сучасную музыку, таму ўсё ў іх выйшла гарманічна і па тэме. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут).
5. Vuraj feat. Cherryvata — Шчодры вэчор (2943)
Адзін з самых нечаканых дуэтаў праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Да яго запісу лідэр Vuraj нават уявіць ня мог такую супрацу, а Cherryvata была вельмі далёкая ад беларускай тэмы. Супрацьлегласьці прыцягнуліся і выйшаў магічны трэк, які аднолькава парадаваў як прыхільнікаў фольку, так і электроннай музыкі. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут).
4. Re1ikt і Павал Аракелян — Толькі сьнег (3151)
Яшчэ адно ўдалае знаёмства ў межах праекту «Новае пакаленьне на Новы год», якое дала канкрэтны плён у выглядзе цудоўнай песьні, якую Янка Купала напісаў «пад знакам бахуса». Кампазыцыя стваралася ў стане душэўнага пад’ёму, што безумоўна адбілася на яе гучаньні зь лёгкім джазавым прысмакам. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут).
3. Алесь Дзянісаў feat. Палац — Каляды (4357)
Яшчэ адзін нетрывіяльны дуэт з таго ж праекту на ня менш прыгожы верш, гэтым разам сучаснага паэта Анатоля Брусевіча. Песьня гэтая не вымудралася, а стварылася цалкам натуральна, кожны з удзельнікаў яе запісу дадаў трошкі ад сябе і выйшаў сапраўды калядны гіт. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут).
2. Trubetskoy feat. Аляксандар Памідораў — Цуд на Каляды (5060)
Самая запатрабаваная песьня з праекту ёсьць пераасэнсаваньнем ужо знакамітагага твору Аляксандра Памідорава на новы лад, пры ўдзеле сапраўдных майстроў з гурта «Ляпіс Трубяцкі», а цяпер проста Trubetskoy. Аўтар парадаваўся найперш таму, што гэтая вэрсія здолела разбурыць усталяваны ўжо канон і загучала зусім інакш. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут)
1. Dzieciuki — Тадэвуш Касьцюшка (5670)
Песьня з новага альбому «Рэха», якую гарадзенскія панкі прэзэнтавалі акурат на дзень нараджэньня нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы ды ЗША, адразу знайшла водгук у сэрцах слухачоў. Праўда, у самім аўдыёчарце яна знаходзіцца пакуль што на апошнім месцы. (Падрабязная гісторыя і тэкст песьні — тут)
Увага! У гэтым рэйтынгу ўлічваюцца праслухоўваньні толькі праз плэер Soundcloud на афіцыйным канале Tuzin.fm, а ёсьць яшчэ праслухоўваньні/запампоўкі на самім сайце Tuzin.fm, а таксама «УКантакце» і Youtube, якія лічацца асобна. Так што рэальныя лічбы праслухоўваньняў кожнай песьні могуць быць большыя ў 3—4 разы.
Яшчэ: Топ-12 песень восені 2015 (аўдыё)
Топ-12 самых запатрабаваных беларускіх песень 2015 году (аўдыё)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ