Akute выступіць у «Жывым Тузіне» (аўдыё)
Магілёўскі гурт дае сольны канцэрт у Менску 22 красавіка ў клюбе «ILI», на якім зайграе свае найлепшыя песьні і прэзэнтуе новы сынгл.
Сем гадоў таму менавіта на «Тузіне Гітоў» былыя ўдзельнікі гурту «Глюкі» Стас Мытнік і Раман Жыгараў прадставілі свой новы праект Akute ды дэбютны сынгл «Адзіноцтва», які чакаў шалёны посьпех. Гэтая песьня доўгі час лідзіравала ў чарце ды на гады стала візытоўкаю гурту і нават увайшла ў лік «100 найвялікшых беларускіх песень» паводле апытаньня 90 экспэртаў. Akute ў першыя некалькі гадоў узялі хіба што ўсе ўзнагароды, якія можна ўзяць у Беларусі, у тым ліку перамаглі на «Басовішчы» ды былі прызнаныя «Гуртом году» на прэміі «Героі году — 2012».
Цяпер Стас і Рома разам з новай удзельніцай калектыву — бубначкай Vicky Fates шчыруюць над чацьвертым альбомам. Яго плянуецца прэзэнтаваць увосень 2016 году. Сынгл зь яго «О Божа мой» у другі раз перамагае ў аўдыёчарце на «Тузіне». Яшчэ адзін зусім новы трэк з будучага дыску музыкі пакажуць у красавіку і прэзэнтуюць ужывую на канцэрце 22 красавіка ў клюбе «ILI» ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm пры інфападтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». «Новыя песьні будуць. І можа нават не адна і ня дзьве, але ўхіл зробім на добравядомы матэрыял. Цяпер якраз абмяркоўваем трэк-ліст менскага канцэрту. Думаю, што ён спадабаецца як тым, хто слухае нас ад пачатку, так і тым, хто адкрыў нашу музыку зусім нядаўна», — кажа Раман Жыгараў.
НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ ОН-ЛАЙН
Папярэдне квіткі таксама можна набыць з наступнага тыдня ў клюбе ILI (пр-т Незалежнасьці, 131/1) і ў пунктах продажу па Менску.
22 красавіка (пятніца). 19:00. Клюб ILI (пр-т Незалежнасьці, 131/1). Гурт Akute з праграмай «Найлепшыя песьні». Кошт квітка (толькі танцпляц) — 150 000 (першыя 30), 180 000 (астатнія), 200 000 (у дзень, пры наяўнасьці). Інфа: +375 29 687-20-93.
Паралельна гурт працягвае канцэрты ў межах туру «Усё павернецца». Выступы адбудуцца ў Магілёве (17.04), Віцебску (23.04), а таксама ў шэрагу гарадоў Украіны і Польшчы. Падрабязьная інфармацыя пра замежныя канцэрты, а таксама летнія фэсты, на якіх зайграе Akute неўзабаве зьявяцца ў афіцыйнай суполцы каманды.
Адмыслова да менскага канцэрту Akute Tuzin.fm уклаў складанку з найлепшых песень гурту.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ