«Гарадзенскія гастарбайтэры» руляць!
3426 / 0
27.01.2014

«Гарадзенскія гастарбайтэры» руляць!

Dzieciuki перамаглі зь «Песьняй гарадзенскага гастарбайтэра» ў 6-м туры ў чарце на Tuzin.fm і цяпер рыхтуюцца да туру па гарадах Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Нямеччыны.

«Песьня гарадзенскага гастарбайтэра» лідзіравала практычна ўвесь шосты тур. Да галасаваньне актыўна падключыліся прыхільнікі гарадзенцаў, а таксама самі музыкі. Dzieciuki ставяцца да паняцьця «гіт» вельмі асьцярожна і лічаць, што не музыкі мусяць яго вызначаць, а слухачы.

«Ніякіх „плянэрак“ з нагоды галасаваньня мы не праводзілі, але ведаю што большасьць музыкаў сачыла за разьвіцьцём падзеяў, — кажа вакаліст гурта Алесь Дзянісаў. — Але канкрэтней камэнтаваць гіт-парад, у якім мы ўдзельнічаем, не хачу, бо лічу гэта некарэктным. Затое магу сказаць пра свае ўпадабаньні ў іншых чартах. У гіт-парадзе альбомаў мне вельмі хацелася каб перамаглі BosaeSonca. А сярод кліпаў мне даспадобы працы RUTA, Ilo&Friends, Лявона Вольскага і Ганны Хітрык».

Да прэзэнтацыі ў Менску, Dzieciuki вырашылі не даваць канцэртаў. Цяпер музыкі нарэшце знайшлі месца пад рэпэтыцыйную базу, усе сілы, грошы ды вольны час, пайшлі на яе добраўпарадкаваньне. Паралельна гурт вядзе перамовы і адбудоўвае свой тур, які пачнецца зь Берасьця, а скончыцца ў Гданьску. У сакавіку Dzieciuki маюць наведаць Польшчу, Чэхію, Славаччыну і Нямеччыну.

Tuzin.fm

Тэгi: