На цырымоніі «Героі году» выступяць пяцёра прэтэндэнтаў
Гурты :B:N:, Re1ikt, Tonqixod, Hurma і выканаўца Sp Kava выступяць на музычнай прэміі «Героі году», якую ладзіць Tuzin.fm. 12 сьнежня ў менскім арт-цэнтры «Юла».
Ужо 11-ы год запар слушны беларускі партал «Тузін Гітоў» падводзіць вынікі музычнага году. Летась прэмію атрымаў гурт Akute, які быў па-за канкурэнцыяй. А вось сёлета ў шорт-лісьце прэміі адразу пяць прэтэндэнтаў. На цырымоніі ў арт-цэнтры «Юла» 12 сьнежня назавуць імя новых уладальнікаў прэміі «Героі году» ад парталу Tuzin.fm, а таксама «Дэбют году».
«Нас цешыць той факт, што беларуская незалежная сцэна дасягнула такога ўзроўню. Шмат камандаў запомніліся сёлета сваімі канцэртамі, праектамі, песьнямі і кліпамі. Радуе яшчэ больш тое, што такі ж багаты выбар сярод дэбютантаў», — кажа кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін.
У намінацыі «Дэбют году» на перамогу прэтэндуюць рэпэр Sp Kava, фольк-эмбіент праект Dzivia, поп-рок гурт Hurma, псыхадэлічны Tonqixod, рамантычны дуэт Navi. Атрымаць званьне «Героі году» маюць шанец :B:N:, N.R.M., Re1ikt, «Ляпіс Трубяцкі» і BosaeSonca.
Пераможцы ў гэтых дзьвюх намінацыях будуць абвешчаныя непасрэдна на канцэрце, у якім выступяць шэраг намінантаў — Tonqixod, Hurma, Sp Kava, Re1ikt і :B:N:. Весьці імпрэзу будзе музыкант і шоўмэн Алег Хаменка. Па добрай традыцыі, наведнікаў чакаюць падарункі ад сталага партнэру «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».
12 сьнежня (чацьвер). Менск, Арт-цэнтар «Юла», вул. Сурганава, 26. Прэмія «Героі году» ад парталу Tuzin.fm пры ўдзеле Tonqixod, Hurma, Sp Kava, Re1ikt, :B:N:. Пачатак у 19:00. Кошт квіткоў — 60 000 (папярэдне), 80 000 (у дзень), 80 000 (столік, толькі папярэдне). Тэлефон для даведак: +375 29 6872093
Квіткі можна замовіць і набыць у касах альбо он-лайн праз сайт KVITKI.BY
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ