Zanzibar: «Хочам прабіраць да дрыжыкаў» (прэм’ера)
4980 / 0
11.01.2017

Zanzibar: «Хочам прабіраць да дрыжыкаў» (прэм’ера)

Лідэр новага гурту Zanzibar даў інтэрвію Tuzin.fm і прэзэнтаваў самотнік «Сьнежная», запісаны з саксафаністам гурту «Адыс Абэба» Фёдарам Малікіным.

Гурт Zanzibar заявіў пра сябе пры канцы 2016-га, калі прэзэнтаваў відэапрадмову і дэбютны самотнік «Сьцены». Не мінула і месяца, і музыкі прэзэнтуюць да ўвагі наведнікаў Tuzin.fm свой другі рэліз, які таксама складаецца з кароткага відэа (прапануюцца яго лічыць ня кліпам, а менавіта відэапрадмовай) і ўласна аўдыётрэку.

З нагоды прэм’еры лідэр гурту, які называе сябе Zanzibar Zanzibar, даў сваё першае інтэрвію нашаму парталу.

ТГ: Першае пытаньне — відавочнае. Чаму вы ў масках?

— Мяне заўжды цікавілі ў дзяцінстве ўсялякія героі, якія хавалі свае твары, Зора там, напрыклад. Усе думалі, хто ж гэта такі таямнічы рыцар у масцы. Атрымлівалася своеасаблівая гульня.

Для нас гэта мажлівасьць стварыць увасабленьне абсалютнага лірычнага героя на сцэне, які не суадносіцца з жывым чалавекам як асобай. Ніхто ня скажа, што на сцэне і ў песьнях ты адзін, а ў жыцьці іншы. Ці што ў цябе там пяць жонак было і таму мы ня будзем слухаць твае песьні. Гэта такое «падваеньне асобы». І цяжка нават сказаць дзе ты больш сапраўдны. Можна рабіць нешта, ствараць ілюзію і потым назіраць збоку, што адбываецца. А можна адразу ў пяці гарадах канцэрты граць і ніхто не здагадаецца ні пра што (сьмяецца). А ўвогуле стварэньне ідалаў — гэта ня надта крута. Лепей чытаць разумныя кніжкі, а ня слухаць, што кажа харызматычная асоба і сьлепа пераймаць яе думкі.

ТГ: У беларускай музыцы былі прыклады, калі выканаўцы выступалі ў масках. Самы яскравы — гурт Zet. Вас можна назваць іх пераемнікамі?

— У нечым можа быць, але агулам не. Мы абсалютна іншыя людзі, цяпер іншы час, новыя выклікі гэтага часу адпаведна. Ды і людзі зьмяняюцца — прыйшло іншае пакаленьне зь іншымі цікавасьцямі і каштоўнасьцямі. Той жа Zet існаваў больш за 10 гадоў таму, калі не памыляюся, хаця застаецца актуальным і цяпер. Яны б, канечне, маглі граць нашыя песьні, я думаю (сьмяецца). А можа мы і ёсьць той жа Zet, хто яго ведае, хто тут сабраўся ўвогуле.

ТГ: У анатацыі да свайго дэбютнага трэку вы пішаце: «Падайце і ўздымайцеся, сьціскайце кулакі і руйнуйце свае сьцены, сябры! Мы верым у нашае безнадзейнае пакаленьне». Дык а што вы хочаце зьмяніць?

Можна шмат казаць словаў пра тое, што мы гурт, які хоча там зьмяніць сьвет, зрабіць людзей шчасьлівымі і мы ўсе такія добрыя, некарысьлівыя і альтруістычныя. Але мне падаецца, што тут справа ў іншым. Мы робім нешта ў жыцьці, бо гэта нам цікава найперш, а ўсе астатнія прычыны сусьветнага характару гэта ўжо тое, што чалавек укладае ў сваю справу. Гэта тое самае, што спытацца ў праграміста, навошта ён займаецца праграмаваньнем. Выявіцца, што яму цікава, ну і есьці нешта трэба, асабліва ў нашай краіне гэта актуальна.

ТГ: Але ж вы ўкладаеце пэўны сэнс у свае песьні?

— Мы проста выказваемся на тыя тэмы, што нас турбуюць. У нас няма такога, што мы сядзім і думаем на якую тэму напісаць песьню, каб зачапіла людзей. Яно неяк само прыходзіць, занатоўваецца, потым ствараецца абгортка музычная. Можна і ў джазе сыграць, але нам прыйшоўся даспадобы іншы стыль.

ТГ: Дык вы ўсё ж ня ставіце мэты зьмяніць сьвет да лепшага? Да чаго ў прынцыпе вы імкняцеся ў творчасьці?

— Вядома нам хочацца мець аддачу ад публікі, адчуваць, што тое, што мы робім падабаецца людзям. Я ўзгадваю сябе ў студэнцкія часы, калі слухаў музыку і некаторыя творы мяне прабіралі да дрыжыкаў, што ажно цела пакрывалася пупырамі і валасы на руках паўставалі дыбарам. Вось мы марым, каб нашая творчасьць давала такі ж эфэкт. Ну і калі людзі трошачкі робяцца дабрэйшымі, гэта безумоўна будзе вельмі крута. Таму можна казаць, што так, мы хочам зьмяніць сьвет (сьмяецца). І для нас сапраўды ня мае значэньня хто будзе слухаць нашую музыку — студэнты, дарослыя, геі і натуралы, міліцыянты ці прафэсура, мы радыя ўсім. Нават злыя людзі маюць нешта добрае ў душы і нават часам патрабуюць больш увагі чым тыя, хто мае больш сьвятла.

ТГ: Ці ёсьць у гурту стратэгія разьвіцьця?

— Мы вырашылі ставіць сабе такія мэты пэўныя, як прыступкі, на якія мы ўзыходзім. Цяпер мы неяк увайшлі ў такую добрую плыню, калі дастаткова шмат працуем. І хочацца не збаўляць тэмпы. Мы назапасілі трошкі матэрыялу. У хуткім часе прэзэнтуем яшчэ адзін трэк. Пакуль наўмысна канцэртаў не плянавалі. Актыўна рэпэтуем, каб давесьці матэрыял да прэзэнтацыйнага выгляду, і будзем шчыльна займацца канцэртовай справай. Хочацца зрабіць добрую прэзэнтацыю ў Менску і пакатацца потым па Беларусі, акустычна, электрычна і дзе толькі будзе мажліва. Мы будзем радыя ўсім прапановам, але чакаць пакуль нас запросяць ня станем. Мы самі прыедзем да вас і навядзем шухеру!

ТГ: Прадстаўце свой новы трэк.

— У пэрыяд зімовых сьвятаў заўжды хочацца верыць у казку і цуды. Новы год прыйшоў, каляды таксама ў мінулым, а так хочацца яшчэ трошкі працягнуць гэтую казку, хаця б на пару дзянькоў адчуць сябе зноў нібыта ў маленстве і чакаць калі адбудзецца цуд. Мы спадзяемся, што наша новая «Сьнежная» песьня падорыць слухачам яшчэ часьцінку цеплыні ў гэтыя цудоўныя марозныя дзянькі.

Трэк быў запісаны ў супрацы з выдатным саксафаністам Фёдарам Малікіным з гурта «Адыс Абэба». Менавіта яго партыі дадалі трэку патрэбнае цеплыні і ўтульнасьці. Таму хочам падзякаваць яму за выдатную працу, спадзяемся не апошнюю з намі.

Cачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm