«Я здарожыўся трохі, я хвілінку пасплю». Тузін ад Ніла Гілевіча (аўдыё)
12030 / 3
31.03.2016

«Я здарожыўся трохі, я хвілінку пасплю». Тузін ад Ніла Гілевіча (аўдыё)

29 сакавіка на 85-м годзе жыцьця пайшоў у іншы сьвет Ніл Гілевіч. Tuzin.fm падрыхтаваў топ-12 песень на словы Народнага паэта Беларусі.

Апошні народны паэт Ніл Гілевіч пакінуў нам ня толькі два дзясяткі кнігаў з уласнымі вершамі, шэраг фальклёрных збораў, масу публіцыстыкі ды перакладаў, але й сотню (!) песень. Многія ягоныя радкі самі сталі сучасным фальклёрам. Калі нават ня песьнямі, то папулярнымі сьлёганамі. Да прыкладу, цытатай зь першага вершу з дэбютнае кнігі Ніла Гілевіча 1957 году «Песьню бярыце з сабою» называлі фэстывалі, радыё- й тэлеперадачы далёка за межамі Беларусі.

Увага! Рэдакцыя Tuzin.fm не перасьледуе камэрцыйных мэтаў і разьмяшчае трэкі з сваіх уласных архіваў выключна для азнаямленьня і для захаваньня памяці пра Народнага паэта.

 1. Сябры «Шуміце, бярозы» (Н. Гілевіч — Э. Ханок)

Гіт Гілевіча №1. Твор вядомы ня толькі кожнаму беларусу, але ўсім, хто застаў апошнія гады СССР. Ня ўсе савецкія жыхары правільна разумелі слова «гасьцінец», але выраз «лягу-прылягу» на фоне агульных заклікаў да самаадданае працы выклікаў агульную асалоду. Цікава, што між словамі й музыкай — вялікая часавая дыстанцыя. Верш датуецца 1954 годам, а мэлёдыя — 1983-м. Праз год застольная песьня дала назоў чацьвертаму альбому ВІА «Сябры», а яшчэ праз год была запісаная для другой кружэлкі «беларускага салаўя Амэрыкі» Данчыка. Прычым той выканаў «Бярозы» паводле правілаў Тарашкевіча — на клясычнай беларускай мове: «шумеце», «калышэце»… Ніл Сымонавіч у інтэрвію Сяргею Будкіну для «Радыё Рацыя» ў 2010 годзе параўноўваў дзьве вэрсіі такім чынам: «Ярмоленка выдатна выконвае, але ён ня ўрос у саму задуму гэтае песьні. Крый Бог, гэтую песьню сьпяваць з усьмешачкай! Бо яна пра лучнасьць чалавечае душы зь вечнасьцю. Кожны з нас аднойчы ляжа пад сваімі бярозамі. Ты ўжо, можа, іх і чуць ня будзеш, а яны будуць над табою шумець. Дык вось Данчык гэта зразумеў».

2. Сябры «Шлях да Беларусі» (Н. Гілевіч — М. Сацура)

У рэпэртуары Анатоля Ярмоленка й ягонае сям’і сьпеў пра бярозы — не адзіная рэч на словы Ніла Гілевіча. На сайце «Сяброў» у паведамленьні пра скон народнага паэта пазначаецца, што менавіта Гілевіч стаў аўтарам галоўных песень ансамблю: «Вы шуміце, бярозы» й «Шлях да Беларусі». Другая кампазыцыя зьявіліся напачатку 1990-х. І мяркуючы па тым, што «Сябры» яе даўно не выконваюць, мы альбо прыйшлі такі да Беларусі, альбо крочылі ў адваротным кірунку.

3. Алеся «Жаўраначка» (Н. Гілевіч — Э. Ханок)

Удзельніца «Сяброў», сьпявачка Алеся (яна ж Вольга Анатолеўна Ярмоленка) абавязаная сваім сольным дэбютам таксама Нілу Гілевічу. На беларускай тэлевізіі й радыё «Жаўраначка» знаходзілася, кажучы па-сучаснаму, у жорсткай ратацыі. У выніку песьня стала адным з галоўных гітоў на беларускай эстрадзе першых гадоў незалежнасьці. У 2011 годзе Алеся прадставіла альбом рэміксаў у духу uplifting trance і progressive house — ад тэксту «Жаўраначкі» засталося толькі адное загалоўнае слова.

4. Алеся & Дзьмітры Смольскі «У бацькоўскім кутку» (Н. Гілевіч — І. Лучанок)

Чарговы застольны гіт часоў Адраджэньня. Пару дэбютантцы Алесі склаў навучэнец студыі «Сяброў» Дзьмітры Смольскі  (ня блытаць з акадэмічным кампазытарам!). Прэм’ера адбылася на тэлевізіі ў 1992 годзе, акампанаваў дуэту аўтар музыкі — народны артыст СССР Ігар Лучанок.  Пасьля Дзьмітры прызнаўся, што ідэя супольнага сьпеву сыходзіла ад кіраўніка «Сяброў»: «Мяне пра гэта папрасіў Анатоль Ярмоленка. Алеся тады была невядомай сьпявачкай, і я мусіў выступіць ініцыятарам дуэту». У 2009 годзе абноўленая вэрсія песьні ўдзельнічала ў гіт-парадзе на партале «Тузін Гітоў».

5. Песьняры — «У тым сяле» (Н. Гілевіч — І. Лучанок)

Галоўны беларускі й савецкі ВІА «Песьняры», адэпт праг-року й джаз-року, меў прынамсі адзін нумар на словы Ніла Гілевіча. Песьня трапіла ў рэпэртуар ў 1980 годзе. Яе выконваў Лявон Барткевіч. Прычым верш зноў жа быў напісаны задоўга да музыкі — у 1961 годзе. Асучасьненая вэрсія песьні ўвайшла ў двухдыскавую складанку «Творы Ігара Лучанка ў выкананьні ансамблю „Песьняры“», выдадзеную ў 2003 годзе.

6. Пётар Гжымайла & LIK — «Каменьне» (Н. Гілевіч — П. Гжымайла)

Сучасныя праг-рокеры з Горадні Пётар Гжымайла & LIK летась прадставілі свой дэбютны сынгл, інсьпіраваны паэзіяй Ніла Гілевіча. Кампазыцыя ня мела шырокага розгаласу, хаця зробленая ў найлепшых традыцыях жанру. Пётар выконвае яе й сольна, пад гітару.

7. Яраслаў Еўдакімаў — «Палыновая ростань» (Н. Гілевіч — Э. Зарыцкі)

Антытэза «Бярозам». Часта па радыёкропцы ў другой палове 1980-х перадавалі песьню «Палыновая ростань». У расейскамоўным варыянце яе сьпяваў Яраслаў Еўдакімаў. На Цэнтральнай тэлевізіі ў Маскве быў зьняты кліп на яе. Што тычыцца тэксту, то Гілевіч пачаў пісаць яго ў 1973-м, а скончыў у год Чарнобыльскае катастрофы, у 1986-м. Нягледзячы на зьмест, песьня трапіла на ўрачыстую складанку «Песня о Родине», што адрасавалася чарговаму зьезду беларускага камсамолу.

8. Харавая капэла й сымфанічны аркестар БССР — «Мая Радзіма (ч. 2)» (Н. Гілевіч — Дз. Смольскі)

Вершы Ніла Гілевіча натхнялі ня толькі эстрадных, але й сур’ёзных акадэмічных кампазытараў. Як, напрыклад, Яўгена Цікоцкага, Анатоля Багатырова, Уладзімера Будніка, Яўгена Глебава альбо Дзьмітрыя Смольскага (ня блытаць з эстрадным сьпеваком!). У 1970 годзе Смольскі напісаў патрыятычную араторыю на вершы беларускіх паэтаў «Мая Радзіма». Другую частку араторыі займаюць словы Гілевіча.

9. Дзьмітры Зубрыч — «Зорка» (Н. Гілевіч — М. Аладаў)

Бадай што першым, хто паклаў радкі Ніла Гілевіча на музыку, стаў кампазытар Мікалай Чуркін. У 1951 годзе адзін з заснавальнікаў сучаснае беларускае кампазытарскае школы стварыў мэлёдыю на юнацкі верш паэта, які Ніл Сымонавіч нідзе нават не друкаваў і лічыў недасканалым. Верагодна, што першай плыткай зь песьняй на словы Гілевіча можна лічыць «падвоены сынгл» (1961). На другім баку кружэлкі зьмешчаная песьня «Зорка» з музыкай Мікалая Аладава ды ў выкананьні вакаліста Дзьмітрыя Зубрыча й піяністкі Тамары Міянсаравай (яна неўзабаве стане папулярнай савецкай сьпявачкай).

10. Дзьмітры Марозаў — «Край мой беларускі» (Н. Гілевіч — К. Цесакоў)

Кампазытар Кім Цесакоў, вядомы сярод іншага як распрацоўшчык жанру радыёопэры, у 1968 годзе абраў вершы Ніла Гілевіча для своеасаблівага гімну. «Край мой беларускі» выконвалі розныя салісты. У іх ліку бас Дзьмітры Марозаў — ураджэнец расейскага Новашахцінску, які стаў зоркай беларускага Тэатру опэры. Дарэчы, сваю музыку на той жа верш стварыў і Ігар Лучанок.

11. Галіна Грамовіч — «Лесам песьня ішла» (Н. Гілевіч — В. Сярых)

З жанчынаў да паэзіі Ніла Гілевіча зьвярталіся Надзея Мікуліч, Ніна Сакалова й Валянціна Сярых. Значную частку ў творчасьці апошняе аўтаркі займаюць ня толькі камэрна-інструмэнтальныя творы, але й сьпеўныя кампазыцыі на вершы айчынных паэтаў. Найвядомейшая яе песьня — «Мы яшчэ сустрэнемся», якую сьпяваў згаданы вышэй Данчык. Кампазыцыю на верш Гілевіча «Лесам песьня ішла» напачатку «нулявых» выконвала Галіна Грамовіч разам з аркестрам Фінбэрга.

12. Мікалай Скорыкаў, Іна Афанасьева, Андрэй Хлястоў ды іншыя — «Мара Скарыны» (Н. Гілевіч — Э. Зарыцкі)

Без сумневу найбольшую колькасьць песень на словы Ніла Гілевіча стварыў Эдуард Зарыцкі. У 2000 годзе на кампакт-дыску выйшла цэлая праграма «Пад родным небам», якая складалася з 11 твораў. У прыватнасьці, кампазытар прапанаваў свае трактоўкі «Зоркі» ды «Ў бацькоўскім кутку». Падрыхтаваў праграму Канцэртны аркестар Беларусі п/к М. Фінбэрга. Кожны з салістаў аркестру меў свой нумар (некаторыя й па два), а фінальная рэч выконвалася разам. Такім чынам, у «Мары Скарыны» можна пачуць галасы Мікалая Скорыкава, Іны Афанасьевай, Юліі Скараход, Вадзіма Касенкі, Уладзімера Кудрына, Натальлі Тамелы, Алены Саўленайтэ й Андрэя Хлястова.

БОНУС.

Канечне, ня ўсе песьні на словы Ніла Гілевіча зафіксаваныя ў студыі. Многія існуюць толькі ў выглядзе нотных запісаў. Між іншым, у 2008 годзе Ніл Гілевіч займеў і ўласны альбом. У сэрыі «Голас паэта» выйшла аўдыёкніга, дзе сам аўтар за паўтары гадзіны агучыў амаль сотню сваіх вершаў.

Ніл Гілевіч. Топ-12 песень (выбар Tuzin.fm) — слухаць плэйлістом

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    31.03.2016 / 22:09

    Ніла Гілевіча пахаваюць 1 красавіка
    Хто хоча разьвітацца з Паэтам, прыходзьце 1 красавіка ў Царкву Пятра і Паўла на Нямізе. З 11-00 да 13-00 - развітанне. З 13-00 па 14-00 царкоўная імша. З 14-00 да 15-00 - грамадзянская паніхіда. У 15-00 - пахаваньне на Кальварыйскіх могілках.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    02.04.2016 / 15:58

    Для аматараў беларускага рэтра. Знайшлася таксама беларускамоўная вэрсія песьні "Палыновая ростань" у выкананьні Яраслава Еўдакімава на музыку Эдуарда Зарыцкага і словы Ніла Гілевіча
    https://soundcloud.com/andrejczyk/kvcikfeydtmy

  • Віктар Сямашка / адказаць
    12.04.2016 / 09:15

    І "Верасы" адшукаліся да тэмы, ды яшчэ сёе-тое - http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/587/

  • КАМЕНТАВАЦЬ