Абвешчана журы конкурсу «Засьпявай 3.0»
Аргкамітэт конкурсу абвесьціў сьпіс журы, куды ўвайшлі беларускія музыкі, паэты і перакладчыкі.
Спеўны конкурс у трэці раз праводзяць інтэрнэт-партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне» пры інфармацыйнай падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу TUT.BY. Сёлета найлепшых назавуць 12 cябраў журы:
— Алег Хаменка (лідэр гурту «Палац», выкладчык, вядучы жывых канцэртаў «Засьпявай»)
— Лявон Вольскі (музыка, літаратар)
— Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурту TonqiXod)
— Ганна Янкута (перакладчыца, літаратурны крытык)
— Сяргей Пукст (музыка, паэт, выкладчык)
— Віталь Рыжкоў (паэт, музыка)
— Андрэй Хадановіч (паэт, перакладчык)
— Глеб Лабадзенка (мовазнаўца, паэт)
— Сяргей Балахонаў (літаратар, перакладчык)
— Яўген Карпаў (журналіст TUT.BY)
— Сяргей Будкін (Tuzin.fm)
— Павал Бераговіч (фонд «Вяртаньне»)
Журы абярэ найлепшых у трох намінацыях. У «Сьпеўнай паэзіі» ўдзельнікам конкурсу прапануецца пакласьці на музыку верш сучаснага паэта, напісаны ў апошнія 33 гады. Для «Беларускага кавэра» — выканаць па-свойму вядомую беларускую песьню. А для «Замежнага перакладу» — перакласьці на беларускую і выканаць вядомы замежны гіт.
«Крытэры выбару найлепшых залежаць ад намінацыі. У „Сьпеўнай паэзіі“ для нас будзе найбольш важным як прагучыць абраны верш, наколькі гарманічна ён спалучыцца з музыкай. У выпадку зь беларускім кавэрам зьвернем увагу на здольнасьць выканаўцы падаць песьню па-свойму, а ня проста яе перасьпяваць адзін у адзін. Ну а ў „Замежным перакладзе“ істотную ролю маюць ня толькі выканальніцкія здольнасьці і ступень прасякненьня абраным матэрыялам, але і якасьць перакладу», — зазначыў сябра журы Алег Хаменка.
Да ўдзелу ў «Засьпявай 3.0» запрашаюцца выканаўцы 16—33 гадоў. Кожны з канкурсантаў можа падаць заяву як у адну з намінацыях, так і паўдзельнічаць у дзьвюх або трох. Прызавы фонд сёлета складае 1500 эўра. Заявы прымаюцца да 1 траўня на адрас: konkurs.zaspiavaj@gmail.com. Падрабязнасьці можна паглядзець на старонцы конкурсу.
Tuzin.fm
Даволі странна. Нешта за-надта шмат у журы розных літаратараў. Нібыта літаратурны конкурс...
Нічога дзіўнага. У журы запрашаліся тыя асобы, якія аднолькава добра пачуваюцца як у музыцы, так і ў паэзіі (Вольскі, Лянкевіч, Пукст, Рыжкоў, Хадановіч, Балахонаў), а таксама музыкі, выкладчыкі, знаўцы мовы і выдатныя перакладчыкі + арганізатары. Наогул жа 9 з 12 чалавек маюць непасрэднае дачыненьне да музыкі.
КАМЕНТАВАЦЬ