Лявон Вольскі скончыць летнюю сэрыю канцэртаў «Засьпявай 3.0» (аўдыё)
19 жніўня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 адбудзецца апошні канцэрт фіналістаў конкурсу, у якім выступяць Leibonik, Фёдар Жывалеўскі з гуртом «Голая манашка» і Віктар Лупасін. Адмысловым госьцем будзе Лявон Вольскі!
Легальных канцэртаў у Менску Лявон Вольскі не даваў больш за два гады — музыка апошнім часам выступае альбо на закрытых вечарынах, альбо на спантанных акцыях — варта згадаць ягоны канцэрт у падземным пераходзе ці проста ў полі ў мікрараёне Сухарава. На выступ музыкі на канцэрце «Засьпявай 3.0» менскія ідэолягі выдалі гастрольнае пасьведчаньне. Адмыслова дзеля такой нагоды Tuzin.fm склаў кампіляцыю, у якую ўвайшлі песьні Лявона Вольскага, якія былі прэзэнтаваныя на Tuzin.fm, а таксама тыя творы, якія ўвайшлі ў апытаньне «100 найвялікшых беларускіх песень».
У гэты вечар гледачоў таксама чакае выступ гурта Leibonik, які прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Беларускі кавэр». Уладальнікі тытулу «Адкрыцьцё году» ў беларускай музыцы (2014) перасьпявалі акурат песьню Лявона Вольскага з часоў гурту «Мроя» — «Я рок-музыкант». «Мы абралі для выкананьня твор, на якім вырасьлі самі і які шмат у чым для нас зьяўляецца ўзорам клясычнага беларускага року. Спадзяемся, Лявон Артуравіч не пакрыўдзіцца на нашу вольную інтэрпрэтацыю», — кажа Сяргей Башлыкевіч, які адмыслова да гэтай вэрсіі дапісаў свой куплет. Сярод найлепшых яе назвалі сябры журы Сяргей Балахонаў і Віталь Рыжкоў.
У канцэрце таксама возьме фаварыт у намінацыі «Сьпяваная паэзія» Фёдар Жывалеўскі, які паклаў на музыку верш Зьмітра Вішнёва «Танец-фрык». «Музычная стылістыка песьні — найбліжэйшая да апошніх аўтарскіх песень з новага рэпэртуару майго гурта „Голая манашка“, — распавядае Фёдар. — Ідэя трэку — у раскрыцьці сучаснай беларускай паэзіі ад адмыслоўцаў літаратурнага пэрформансу для шырокай аўдыторыі». У ліку найлепшых гэтую песьню назвалі сябры журы Ўладзь Лянкевіч і Алег Хаменка.
Трэцім фіналістам, які выступіць у гэты вечар будзе Віктар Лупасін — выканаўца ў арыгінальным жанры, які ён сам вызначае як «дэтанальны чылаўт». Ён трапіў у фінал у намінацыі «Замежны пераклад» зь беларускім пераасэнсаваньнем «Bohemian Rhapsody» гурту Queen. Песьню сярод найлепшых назвалі ў прыватнасьці Андрэй Хадановіч і Ганна Янкута.
За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэньне найлепшага на меркаваньне народнага журы.
Весьці канцэрт «Засьпявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 80 квіткоў — 20 месцаў за столікамі і 60 на танцпляц.
Набыць квіткі
Увага! У выпадку забароны канцэрту, набыты квіток будзе дзейнічаць як сэртыфікат на пакупку ў краме Symbal.by
19.08. Менск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19.00—22.00. Лявон Вольскі + фіналісты «Засьпявай 3.0»: Leibonk, Фёдар Жывалеўскі, Віктар Лупасін. Кошт квіткоў: 20 руб. (папярэдне, танцпляц), 25 руб. (папярэдне, месца за столікам). Інфа: +375 29 687-20-93.
Tuzin.fm
Бiлеты скончылiся =(
КАМЕНТАВАЦЬ