
Экспэрт Tuzin.fm Павал Сьвярдлоў: «Стыльскі на мове — гэта пакуль што балерына на лёдзе»
Цягам месяца беларускі інтэлектуал Павал Сьвярдлоў прапускаў празь сябе творы ўдзельнікаў чартаў і цяпер дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад пачутага і ўбачанага.
Два гады таму я сыйшоў зь «Еўрарадыё», дзе працаваў у музычнай рэдакцыі. Тады нашых артыстаў я слухаў вельмі шмат: раз на тыдзень мы выпускалі падборку новых трэкаў, ад афіцыйна выдадзеных альбомаў да знойдзеных у суполках мэтал-гуртоў «УКантакце». На сьпевакоў зь іншых краінаў часу амаль не заставалася. Цяпер усё наадварот. На час майго «экспэрцтва» прыпала два туры — бягучы восьмы і дзявяты. Праслухаўшы іх, магу сказаць, што нічога ў беларускай музыцы за два гады не зьмянілася. Як было джжж, цілібім-цілібім, пі-пі, фе-фе і ту-ту, так і засталося.
Аўдыёчарт
Пачнем з восьмага туру.
Rahis — «Па праспэкце». Песьня паўгоду пратрымалася ў гіт-парадзе, а што яна, пра што яна? Самота, каханьне, пусты горад. Сур’ёзна? Разумею, каханьне — вечная тэма, нават у змрочным сусьвеце «1984» героі кахаліся. І заўжды людзі будуць хавацца ад праблемаў пад цёплай коўдрай і слухаць пра каханьне. Але хіба цяпер час такіх песень? Да таго ж, напісана так ужо інтэлігентна, так асцярожненька… Для нейкіх абстрактных шляхцічаў. Калі вас задавальняе, што пра вас з 9,5 мільёну будуць ведаць максімум пяць тысячаў — калі ласка.
Неяк усё і адразу вывалілася на Rahis. Каб музыкам не было крыўдна: рысачкі гэтай шляхетнай бяззубасьці ёсьць шмат у якіх трэках з абодвух тураў. Martin S. — «Так і трэба». Тое самае, але з энэргічнасьцю ўкраінскіх гуртоў, вядомых толькі ў сябе на радзіме, якія раз на год заяжджаюць у Беларусь выступіць перад нешматлікімі выпадковымі фанатамі. Irdorath — «Быў. Ёсьць. Буду». Патасныя словы і «гераічная» аранжыроўка крыху вылучаюць гэтую песьню, але, ну вось шчыра: калі б не Караткевіч, хто б галасаваў за гэты енк? А ў выпадку са «Сьвечкамі» ад Ilo&Friends (гэта ўжо дзявяты тур) усё, на маю думку, яшчэ горш — гурт са сваім лёгкім стылем зусім ня трапіў у настрой вершу. Каб сьпяваць Сыса, патрэбна Камоцкая.
Цяпер пра тых, хто крыху тырчыць над агульным балотам. Haina — «Ты абяцала (Васількі)». Мне шчыра шкада, што гэтая песьня пакінула гіт-парад яшчэ месяц таму. Хлопцы не пасаромеліся сваёй фрыкавасьці і ня сталі прыводзіць сябе да агульнага знамянальніку. Бо амаль кожны, хто ўдзельнічае ў гэтым туры, так ці інакш гэта зрабіў. На сваім узроўні: высокім, як Pauline ці Akute, ці так сабе. Хіба што Re1ikt ды Nizkiz, ну і яшчэ «Ілюжан» стаяць асобна. А свой шлях, які можа прывесьці да сапраўднага посьпеху, гэта дзяленьне на нуль.
МАМА — «Сеяць вецер». Твор абсалютна бездапаможны з музычнага гледзішча, але хто не праходзіў гэты этап энэргічнай бас-гітары і ненавязьлівага трэнькання ўверсе? Ухваляю за грамадзянскую пазыцыю.
Brutto — «Будзь сьмелым» і Dzieciuki — «Тадэвуш Касьцюшка»: песьні-блізьняты. Ня ведаю, ці заўважалі вы, наколькі яны падобныя? Амаль аднолькавы тэмп, амаль аднолькавы сэнс, паўтор адных і тых жа словаў у прыпеве, суседнія месцы ў гіт-парадзе. Дзякуй, што не пі-пі пра каханьне.
Nizkiz — «Цемра». Гэтая песьня мне спадабалася, бо яна і падобная — і непадобная да іншых. Гэтым трэкам хлопцы граюць на полі «Океана Ельзи», і ўкраінцы іх, натуральна, перайграюць. Але за спробу дзякуй.
:B:N: feat.Tony Fadd — «Хвалі». Пры ўсёй павазе — хто і навошта будзе слухаць гэтую песьню больш за адзін раз, акрамя мяне? Я разумею — веснавы настрой, усе справы. Але ж няблага было б, каб у песьні быў нейкі сэнс, а ня проста набор словаў. Што праўда, лёгка ўяўляю яе ў трэнажорнай залі — пад яе добра было б падымаць гантэлькі. Адзначу глыбокае і якаснае гучаньне трэку і голас Алеся Лютыча, які ня можа не зьдзіўляць.
Re1ikt — «Люцэрна». Гэты гурт стаіць асобна ва ўсёй сучаснай беларускай музыцы. Хлопцы гучаць магутна і цёпла, мне вельмі падабаецца. Я быў шчыра зьдзіўлены тым, што песьню напісаў Аляксандар Дземідзенка, бо раней думаў, што ўсё піша Ўладзь Казлоў. Вельмі крутое пасланьне да слухача: «Станеш ты зоркай з самых глыбокіх сноў, станеш ты возерам з самых далёкіх краёў». Гэта на галаву вышэй і за «Будзь сьмелым», і за «Сеяць вецер».
Akute — «О Божа мой». Калі б не камэнтар на «Тузіне», я не здагадаўся б, што гэта песьня — размова з Богам, і залічыў бы яе ў шараговыя «песьні пра каханьне». Гатэль, цыгарэты, сачы за мной і паўтарай, і ў выніку — о Божа мой. Тлумачэньне істотна зьмяніла сытуацыю. Гэта нетыповыя Akute, а паколькі я і ня ведаў, што такія бываюць, дык гэта адкрыцьцё.
Pauline — «Маё мора». І яшчэ адно адкрыцьцё. Гадоў дзесяць таму музычныя журналісты скардзіліся адно аднаму, што ў краіне не стае папсы на мове. Ну, вось яна — сьветлая і якасная, засьпяваная дзяўчынай, пра хвалі, абдымкі, сантымэтры і «патані ўва мне». Мы марылі, што зьяўленьне папсы па-беларуску зьверне людзей да мовы. І дзесяць гадоў таму, магчыма, так бы яно і адбылося. Але сёньня іншыя часы, іншая інфармацыйная прастора і іншыя апатычныя людзі. Карацей, зь верасьня не зьмяніла Pauline нічога, а шкада.
Самае цікавае для мяне ў дзявятым туры знайшлося ўсярэдзіне. Галоўны здабытак — гэта баляда «Маценька» ад гурта «Ілюжан». У трагедыю гэтай песьні верыш, верыш у шчырасьць яе аўтараў і выканаўцаў. Эпічна, ад каранёў. Я б адправіў «Маценьку» на «Эўравізію» — гэта сапраўды беларуская песьня, і яна б там зрабіла магутнае ўражаньне.
І, нарэшце, правал беларускамоўнага дэбюта «Дай дарогу!» на «Тузіне». Берасьцейцы маглі б бясконца выйграваць у гэтым чарце, варта было ім папросту запосьціць спасылку на яго ў сваіх сацсетках. Але не — ня іх гэта варыянт. Стыльскі на мове — гэта, пакуль што балерына на лёдзе, але дзівіцца тут няма чаму — прыгадайце, што Міхалок пісаў, калі толькі спрабаваў пераходзіць на беларускую. «Ня веру» нічым ня горшая за іншыя песьні «Дай дарогу!», але ў гіт-парадзе не ўзьнялася вышэй за 12-е месца. Што кажа, хіба што, пра адносную вартасьць усіх гэтых гіт-парадаў.
Відэачарт
Беларускія кліпы — гэта маё вялікае каханьне. 13 гадоў таму мы зь сябрамі выкупілі дамэн smotritel.com і зрабілі там сайт, прысьвечаны беларускім кліпам. Гэта быў час росквіту! Здымаць відэа тады мела сэнс найперш таму, што яго было дзе круціць: быў «Першы музычны канал», была «Кліп-абойма» на БТ і свае праграмы на іншых тэлеканалах. Кліпы былі складаным і адносна дарагім мастацтвам. Шмат хто экспэрымэнтаваў з формай, гэта было надта цікава.
Квадракоптэраў тады папросту не існавала. Ніхто нават уявіць ня мог, што такую карцінку можна атрымаць за дзень, без асаблівай падрыхтоўкі. А сёньня — калі ласка! У кліпе Aura «Па-над зорамі» менавіта карцінка, зробленая з паветра, і ёсьць самай прыгожай. Плястмасавае зорнае неба, якое зьяўляецца ў кадры на словах «па-над зорамі», натуральна, не ўражвае. А, яшчэ што крута: словы «Я кахаю цябе». Ня так часта даводзіцца іх чуць, калі глядзіш відэа на Youtube.
У пачатку 2000-х гурт «Новый Иерусалим» зьездзіў на гастролі ў ЗША і са знятага там відэа зрабіў круты кліп «Неба осколки». Жанр жыве, хаця і зьмяняецца з часам: у кадры гіпстарка, відэа здымаецца з сэлфі-палкі. Але цікаўнасьць: як там ім жывецца ў той Амэрыцы? — і ўсьмешкі людзей робяць сваю справу. Часу, патрачанага на кліп «Птушка» гурта Hurma не шкада.
Алесь Камоцкі — «Горад мой». Наіўная анімацыя, якая вельмі пасуе сумнай песні. Так, пэрсанажы нязграбныя, і сабака паводзіць сябе як замбак. Але Алесь Камоцкі такі ж дэманстратыўна несучасны, як і ўвесь гэты кліп.
Верасень — «Халодны блюз». Яшчэ адзін мульцік. Пятнаццаць гадоў таму анімацыя любой якасьці выйгравала ў большасьці беларускіх кліпаў, аўтары якіх здымалі «ў рэале». Але да сёньня ўсякія «Піксары» ды «Ўолты Дыснэі» наздымалі столькі якасных мульцікаў, што плянка патрабавальнасьці мімаволі падвысілася. Цяпер мы хочам ні больш, ні менш, а каб карцінка ажыла. У «Халодным блюзе» яна ажывае хіба што за кошт рухавых калёсікаў. Калёсікі прыгожыя, а пэрсанажы павольныя, быццам бы баяцца сламаць што-небудзь з дэкарацыяў. Відэа гэта неблагое, з прэтэнзіяй, але ж зь яго можна было зрабіць што-небудзь больш цікавае. Варыяцыю на сюжэт «Тытаніка», напрыклад.
Зьміцер Вайцюшкевіч — «На Каляды». Як вы ўжо здагадаліся, тур я вырашыў глядзець зьнізу ўверх. Пад канец мне пісаць надакучыць, і пераможцам дастанецца па пары радкоў. Затое аўтсайдэры і сераднячкі ня будуць абдзеленыя ўвагай. «На Каляды» — трэцяя анімацыя ў ніжэйшай палове чарту запар. Гэты — як цяпер памятаю — мне не спадабаўся, калі я глядзеў яго ў першы раз. Цяпер перагледзеў — ізноў не спадабаўся. Менск у ім прыгожы, зіма прыгожая, а ўсё астатняе — штучнае. Сытуацыю не ратуюць нават коцікі.
Лявон Вольскі — «Маё каханьне». Кліп — мэтафара вечнай пагоні за недасяжным. Усё проста і зразумела: нашае жыцьцё і ёсьць такой пагоняй. Але галоўнае — жыць ня толькі марай, а кожным сваім крокам.
Rahis — «Грэй мяне». А вось тут я гатовы пляскаць музыкам стоячы. Настолькі станоўчае ўражаньне пакідае і песьня, і відэашэраг, што хочацца пераглядзець яшчэ раз. Усё тут цёплае і жывое, і нават няёмкасьць вучняў у аўдыторыі настолькі натуральная, што хочацца крычаць: «Веру! Веру!» — і тэрмінова чым-небудзь сагрэцца.
Dzieciuki — «Ладзьдзя роспачы». Той выпадак, калі зь першых кадраў не чакаеш крутых тэхнічных рашэньняў і сочыш за сюжэтам, з радасьцю пазнаючы Караткевіча ў кароткім пераказе. Ідэям песьні добра адпавядае ня толькі дзея кліпу, але і тое, як прамаляваныя пэрсанажы. Менавіта такая сьмерць, напрыклад, у мяне асацыюецца з гукамі банджа.
Brutto — «Родны край». Той выпадак, калі рэквізіт для кліпу каштуе як папярэднія дзевяць ролікаў агулам. «Родны край» у гэтым чарце — як баксэр-прафэсіянал сярод пачаткоўцаў. Натуральна, гэта не праблема Brutto, што некаторыя ўсё жыцьцё ходзяць у пачаткоўцах-аматарах, але для «Роднага краю» патрэбен асобны гіт-парад з супернікамі, роўнымі па вазе.
Race of Dreamers — «Успамін аб глыбіні». Экспэрымэнт з формай у музыцы — экспэрымэнт з формай у відэа. Інструмэнтал вельмі рэдка абуджае канкрэтныя асацыяцыі. Слухаеш і паглыбляесься ў сябе, калі можаш. Таму абстрактны відэашэраг — самы просты і зразумелы шлях да яго візуалізацыі. Хаця мне было б цікава, якую канкрэтную гісторыю можна было б пакласьці на такі трэк. Хіба што — Вялікі выбух.
Ёсьць такія кліпы — антыакыны. Бо акын — гэта «што бачу — тое сьпяваю». А кліп-антыакын — гэта «што сьпяваю — то бачу». Нічога добрага асабіста я ў гэтым не бачу — відэа мусіць разьвіваць і ўзбагачаць сэнс песьні, а ня быць яго дасканалым адлюстраваньнем. Таму кліп «Начны праспэкт» гурта «Мерада» я не лічу ўдалым, нягледзячы на тое, што ён у топе чарту. Нашмат цікавейшы кліп на начным праспэкце ў Менску 12 гадоў таму зьнялі beZ bileta. Называецца «нарисована».
І апошні — шэры кліп пра «Попел шэрых дзён». Калі шчыра, то дыму падчас здымкаў напускаюць тады, калі здымаць няма чаго — але хочацца напоўніць кадар. У :B:N: ёсьць клёвая адмазка: песьня пра попел, адсюль і дым у відэа. Гурт зьняты цікава — сылюэты музыкаў у кантравым сьвятле — але калі ўлічыць, што гэта першы кліп :B:N: за сем гадоў, няблага было б і твары хлопцаў паказаць. Каб пазнаёміцца з гледачамі. А вось «бытавая» лінія ў кліпе — абсалютна звычайная. Не ўражвае. Вось калі б Ён сыйшоў, а яна ў спартовай сумцы на стале адрэзаную галаву знайшла — была б іншая справа. А так — нецікава.
Павал Сьвярдлоў, для Tuzin.fm
Экспэрт Tuzin.fm Павал Сьвярдлоў нарадзіўся ў Менску ў 1984 годзе. Скончыў журфак БДУ. Напісаў, але не абараніў дысэртацыю «Музычная журналістыка як тып камунікацыйнай і творчай дзейнасьці». Працаваў у газэтах «Згода», «Вечерний Минск», «БДГ. Деловая газета» ды іншых беларускіх мэдыя. Адзін з аўтараў кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» (2003). Сузаснавальнік і рэдактар сайту пра беларускія кліпы «Смотритель». Вядомы таксама, як гулец у «Што? Дзе? Калі?». Ва ўкраінскай тэлевэрсіі гульні яго каманда была прызнаная найлепшай (2012). Доўгі час матляўся паміж інфармацыйнай і музычнай рэдакцыяй «Еўрарадыё». Быў рэдактарам часопіса «Таймер». Цяпер — рэдактар на KYKY.org.
КАМЕНТАВАЦЬ