Piarevaracień. Захаваць як… (аўдыё)
Фольк-эмбіент-рок альбом «Spadčyna/Heritage» беларускага гурту Piarevaracień, рэліз якога адбыўся на францускім лэйбле Crush theDesert, аналізуе Барыс Шчука.
Актуалізацыя народнай спадчыны, дараваньне ёй новага жыцьця — адно са значных пытаньняў для людзей, зацікаўленых нацыянальнай культурай. Падыходы да гэтай справы ёсьць розныя, але яны не заўжды выразна асэнсоўваюцца. І мала абмяркоўваюцца. Паспрабуем на прыкладзе канкрэтнага альбома канкрэтнага гурта разабраць прынцып выкарыстаньня народных сьпеваў у сучаснай музычнай творчасьці.
У сакавіку менскі гурт «Пярэварацень» выпусьціў альбом «Спадчына», стылістыку якога вельмі прыблізна можна абазначыць як folk ambient rock. У запісе паўдзельнічалі ў тым ліку сьпявачкі з гуртоў аўтэнтычнага сьпеву. Разгледзім тое, якім чынам тут ужыты фальклёрны матэрыял і ў які кантэкст ён трапіў.
Робячы свае апрацоўкі, гурт максымальна захоўвае арыгінальныя мэлёдыі песень і іх асобных галасоў. Захоўваецца і рытмічны малюнак, з папраўкай на неабходнасьць «упісваць» песьні ў пэўны музычны памер і тэмп. Таксама важна, што тэксты песень на гэтым альбоме пяюцца збольшага цалкам, да канца. Усё гэта паказвае пэўную ашчаднасьць у стаўленьні да фальклёру, разуменьне яго знутры. Для тлумачэньня: некаторыя музыкі выкарыстоўваюць народныя песьні як нежывы матэрыял, які можна браць дзеля зьнешняга ўпрыгожваньня. Напрыклад, адкідаюць або скажаюць музычны складнік і робяць яго ў сучасным стылі. Або выкарыстоўваюць толькі першую палову тэксту, не хвалюючыся, што ідэя песьні застаецца нявыказанай. Гэтак з народнай творчасьці атрымліваюцца дэкаратыўныя эстэтычныя «шпалеры», а словы песень ураўноўваюцца з выпадковымі ангельскімі словамі, для прыгажосьці надрукаванымі на кітайскай вопратцы.
У той жа час, нязьмененыя народныя мэлёдыі «Пярэварацень» накладае на звычайны для рок-музыкі акордавы акампанэмэнт, чаргаваньне акордаў. Гэтак музыка становіцца заснаванай на гармоніі («harmony-driven») у процівагу архаічнай заснаванасьці на мэлёдыі. Тут хаваецца досыць прынцыповы адыход у бок мадэрну. Мэлёдыя губляе частку сваёй значнасьці, выкарыстоўваецца інакш і не стварае колішняга эфэкту. Яе самастойнасць пераламляецца, распушчаецца ў «натоўпе» акордавага акампанэмэнту.
Да сучасных твораў, як і да архаічных, можна высоўваць пытаньне: навошта яны? Для якіх цэляў мяркуецца іх ужываць? Сучасны набор спосабаў ужываньня твораў, вядома, будзе адрозьнівацца ад архаічнага, але ён існуе. Творы на альбоме «Спадчына» ўтрымліваюць ня вельмі складаныя партыі інструмэнтаў і кампазыцыйную будову. Яны збольшага спакойныя ў дынаміцы. А вакал у іх, праз шэраг чыньнікаў, адыгрывае НЕ вядучую ролю. Улічваючы гэта, а таксама вышэйзгаданую «акордавасьць», альбом і слухаецца як напалову эмбіентны, фонавы. Ён можа добра пасаваць як суправаджэньне для нейкай працы.
Калі б праз захады ў аранжыроўцы і зьвядзеньні вакал быў выведзены на цэнтральнае месца, то кампазыцыі маглі б служыць зручнай асновай для завучваньня гэтых народных песень слухачом. Слухач бы больш верагодна ўспрымаў партыю голасу як тое, што можна сьпяваць самому. Часткова гэта рэалізавана ў песьні «За туманам» — магчыма, самай выразнай на альбоме.
Афіцыйная суполка гурту ў сеціве
Барыс Шчука, «Вольны архіў», для Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ