Experty.by назвалі найлепшыя беларускія альбомы за 10 гадоў
Аўтары праекту Experty.by, у межах якога за 10 гадоў было адрэцэнзавана больш за 500 беларускіх дыскаў, на разьвітаньне склалі рэйтынг найлепшых беларускіх альбомаў 2008—2017 гадоў.
У галасаваньні бралі ўдзел штатныя экспэрты за ўсе дзесяць гадоў існаваньня праекту. Пачынаючы з квартэту заснавальнікаў (Зьміцер Безкаравайны, Сяргей Будкін, Алег Клімаў, Зьміцер Падбярэзскі), працягваючы тымі, хто далучыўся да праекту пазьней (Конрад Ерафееў, Ягор Цывілька, Аляксандар Чарнуха, Мікалай Янкойць).
Рэйтынг узначаліў альбом інструмэнтальнага трыё Port Mone «Thou», выдадзены ў 2014 годзе. На другім месцы этна-трыё «Троіца» з дыскам «Зімачка» (2011). У пяцёрку таксама трапілі працы пост-фольк-мэтал гурту Re1ikt «Лекавыя травы» (2015), «Всем доволен» (2009) пост-панк-гурту «Петля пристрастия» і «Весёлые картинки» (2011) неіснуючага ўжо «Ляпіса Трубяцкога».
«13 чэрвеня 2008 году сайт Experty.by пачаў працу і роўна 10 гадоў пасьля мы яго замарожваем. На сайце застаецца вялікая база рэцэнзіяў і музыкі. Эпізадычна будуць абнаўляцца сацсеткі праекту, але хутчэй у рэжыме „ўзгадваючы найлепшыя альбомы“. Дзякуй усім аўтарам, музыкам і чытачам», — зазначыў кіраўнік праекту Зьміцер Безкаравайны.
Топ-10 найлепшых беларускіх альбомаў 2008—2017
1. PortMone «Thou» (2014)
2. Троіца «Зімачка» (2011)
3. Re1ikt «Лекавыя травы» (2015)
4. Петля пристрастия «Всем доволен» (2009)
5. Ляпис Трубецкой «Веселые картинки» (2011)
6. Лявон Вольскі «Грамадазнаўства» (2014)
7. Tonqixod «Прадмова» (2014)
8. Серебряная свадьба «LaternaMagica» (2012)
9. Akute «Не існуе» (2012)
10. Петля пристрастия «Мода и облака» (2016)
КАМЕНТАВАЦЬ