Сяргей Пукст: «Недахоп майстэрства кампэнсуецца эмацыйнасьцю» (аўдыё)
Лідэр Pukstband і выкладчык ангельскай мовы прызнаўся, што песьні, пададзеныя на конкурс «Засьпявай 3.0» яго парадавалі. Асабліва кавэры, у якіх выканаўцы прапанавалі ўласнае аўтарскае бачаньне арыгіналу.
У цэлым, конкурс падарыў станоўчыя эмоцыі. Некаторы недахоп тэхнічнага майстэрства кампэнсаваўся багатай эмацыйнасьцю артыстаў. Намінацыя «Беларускі кавэр» аказалася самай складанай, таму што выявіла адразу некалькі прэтэндэнтаў на першае месца. Перш за ўсё, хачу сказаць пра крытэры, якімі я кіруюся пры вызначэнні найбольш цікавых варыянтаў. Выканаўца павінен знайсьці аўтарскі эквівалент арыгіналу. Гэта патрабуе разуменьня, што гэта за песьня, пра што яна, каб найбольш поўна адштурхнуцца ад аўтарскага варыянту. У гэтым пляне, найбольш пераканаўчымі мне здаліся два варыянты прачытаньня «сяброўскага» гіта «Вы шуміце, шуміце». Яўген Барышнікаў і Ксенія Тоўсьцік адчулі цалкам не эстрадны тэкст Ніла Гілевіча. Добрую змрочную атмасфэру мінімальнымі, але менавіта музычнымі сродкамі стварыла група Yellow Power. U.G.oslavia стварыла пераканаўчы поп-гіт на словы Лявона Вольскага. Яўген Цярэнцьеў у чарговы раз паказаў унівэрсальнасьць свайго почырку. Дзіма Ску проста ўмее ствараць атмасфэру ў прынцыпе. Для падліку галасоў я раставіў сваіх фаварытаў па месцах, але на просьбу арганізатараў дзеля захаваньня інтрыгі падаю свой сьпіс у гэтай ды іншых дзьвюх намінацыях у адвольным парадку.
Яўген Цярэнцьеў — Вераніка (кавэр на «Песьняроў»)
Ксенія Тоўсьцік — А я лягу, прылягу (кавэр на «Сяброў»)
Чтобы-чтобы — 10 афрабеларусаў (кавэр на «Бостонское чаепитие»)
U.G.oslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)
Yellow Power — Котка (кавэр на «Новае Неба»)
Яўген Барышнікаў — Здарожыўся (кавэр на «Сяброў»)
Сьцісла пра іншыя намінацыі і некаторых удзельнікаў. У катэгорыі «замежны пераклад» Вольга Міцура знайшла просты і пераканаўчы эквівалент арыгіналу. Віктар Лупасін, які добра адчувае прыроду трэшу ўбачыў у «Багэмскай рапсодыі» досыць унушальны аб’ект для гульні. Асобнай згадкі заслугоўвае Ксенія Тоўсьцік ды яе пераклад і выкананьні песьні Крыса Айзэка. Пры некаторай прыдуманасьці вакальнай манеры — гэта дапрацуецца — у яе ёсьць індывідуальнасьць і правільнае пачуцьцё таго, што яна робіць. А гэта нашмат больш, чым нейкае ўмоўнае майстэрства. Такім чынам, мой топ-5 (шасьці вартых не набралася) у намінацыі «Замежны пераклад» (парадак месцаў адвольны):
DW — So Far (HaBanot Nechama cover)
Віктар Лупасін — Багэмская рапсодыя (Queen cover)
Ксенія Тоўсьцік — Wicked Game (Chris Isaak cover)
Яўген Цярэнцьеў — Ноч у ліпні (Кипелов cover)
Вольга Міцура — All of Me (John Legend cover)
«Сьпяваная паэзія»:
Ян Жанчак — Успаміны (на словы Барыса Жанчака)
Адарвірог — Баляда пра паўстанца Ваўкалаку (на словы Ўладзімера Караткевіча)
Апоўначы — Стварэньне сусьвету (на словы Касі Глухоўскай)
Сон-трава — Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)
Чтобы-чтобы — Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)
Антось Звычайны — Быў.Ёсьць.Буду (на словы Ўладзімера Караткевіча)
Сяргей Пукст, для Tuzin.fm
Даведка ТГ: Сяргей Пукст — кампазытар, аранжыроўшчык, піяніст, гітарыст, музычны журналіст, выкладчык ангельскай мовы. Нарадзіўся ў Менску 14.10.1972. Скончыў музычную школу пры Дзяржаўнай кансэрваторыі па клясе клярнэта (1986), Менскую мастацкую вучэльню (спэцыяльнасьць «апрацоўка дрэва, косьці і камня»), Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт (1996). Удзельнік панк-рок гурта «Король пчёл», з 1997 году выступае сольна і з гуртом Pukstband. Аўтар найлепшага альбому году ў беларускай музыцы ў 2004 годзе («Strange Glamour», па вэрсіі «Белорусской газеты»), на ўзнагародах Experty.by па выніках 2013 году «Последний альбом» ад Pukstband перамог у намінацыях «Альбом году» і «Рок-альбом году», а таксама ўзяў «Прыз вялікага журы». Удзельнік музычных праектаў «Тузін.Перазагрузка», «Тузін.Немаўля», «Новае пакаленьне на Новы год». Мае таксама сайд-праекты «Георгий Добро» і True litwin beat.
КАМЕНТАВАЦЬ