Сяргей Будкін: «Уваходзьце, дзьверы адчыненыя» (аўдыё)
Кіраўнік Tuzin.fm цешыцца, што маладыя беларускія выканаўцы адкрываюць для сябе ды астатніх сучасную беларускую паэзію і спрабуюць інакш паглядзець на беларускія і замежныя гіты.
Конкурс «Засьпявай.by» паўстаў з канкрэтнай мэтаю — зьвярнуць увагу маладых беларускіх выканаўцаў на сучасную беларускую паэзію, бо неяк не адбываецца кантакту між музыкамі і паэтамі апошнім часам. Нібыта што паэзія існуе недзе там, за зачыненымі дзьвярыма, недасяжная для мясцовых небеларускамоўных музыкаў, якія часьцяком прызнаюцца ў слабым веданьні мовы з аднаго боку і адсутнасьць добрых тэкстаў, якія маглі бы стаць песьняю, з другога.
Вельмі радуе, што з дапамогай конкурсу шмат хто зь яго ўдзельнікаў адкрыў для сябе (а значыць і для іншых) творчасьць Віталя Рыжкова, Марыі Мартысевіч, Дашы Бялькевіч, Ігара Канановіча ды іншых прадстаўнікоў новай хвалі беларускай паэзіі, паглядзелі па-свойму, а значыць па-новаму, на творы Ўладзімера Караткевіча, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна ды іншых нашых клясыкаў. Сёлета мы паставілі абмежаваньне — верш меўся быць апублікаваны/выдадзены ў апошнія 33 гады — гэта звузіла поле для пошукаў годнай паэзіі на карысьць паэтаў-сучасьнікаў: Купала і Багдановіч таксама выдатна, але давайце сачыць за тым, што ствараецца тут і цяпер. На жаль, ня ўсе былі ўважлівымі да гэтай умовы. І таму, напрыклад, проста выдатная кампазыцыя Віктара Паўлючэні і Марыны Вярэніч «А ты ідзі» на словы Пятруся Броўкі, якая асабіста для мяне была сёлета па-за канкурэнцыяй — ня ўдзельнічала ў галасаваньні сяброў журы. Але набярэцца зь дзесятак іншых твораў, якія пры дапрацоўцы, маюць усе шанцы стаць узорам і прыкладам па спалучэньні Музыкі і Слова. З тых, хто ня трапіў у выніковую шасьцёрку, таксама адзначу яшчэ Пятра Клюева (але Антось Ролда выканаў песьню на гэты ж верш больш ахайна і кранальна), «Сон-Трава» (дужа нагадала «Новае Неба» часоў «Дзяцей чорнага гораду»), Ксенію Тоўсьцік (у гэтай 16-гадовай дзяўчыны — неверагодны патэнцыял!), Кацярыну Ваданосаву (хацелася бы больш асэнсаванай працы з аранжаваньнем кампазыцыі), Яна Жанчака (гэта прафэсіянал экстра-клясы, безумоўна), Антося Звычайнага (выдатная задума з рэпам на Караткевіча).
Што да тых, хто ўвайшоў у запаветную шасьцёрку. Дзіва, што ніхто дагэтуль не заўважыў пранікнёны сьпеў Андрэя Сянькевіча на адзін з самых важных вершаў Генадзя Бураўкіна. Можа быць не хапіла выканаўцу нейкага надрыву і драматызму, але спроба падаць гэтыя словы зусім у іншым рэчышчы, чым гэта зрабіла ў свой час Сьвятлана Ханок, заслугоўвае ўвагі. Цалкам гарманічна паклала паэзію на музыку Pauline, выдатна пачуў верш Вішнёва гурт «Голая манашка». Кэці Асраташвілі ўзяла няпросты для выкананьня верш Барадуліна і з пастаўленай задачай справілася. Ну і поўнае замілаваньне выклікаў «Мірны хоп» (няхай сабе і ідэя ляжала на паверхні) у выкананьні недзеяздольнага, на жаль, у пляне канцэртаў гурту «Чтобы-чтобы».
Сьпяваная паэзія
Андрэй Сянькевіч — Малітва (на словы Генадзя Бураўкіна)
Антось Ролда — Гукі зямлі (на словы Дашы Бялькевіч)
Pauline — Смутак гораду (на словы Ірыны Багдановіч)
Чтобы-чтобы — Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)
Кэці Асраташвілі — Свабода (на словы Рыгора Барадуліна)
«Голая манашка» — Танец-фрык (на словы Зьмітра Вішнёва)
«Беларускі кавэр» — намінацыя, якая зьявілася ў конкурсе летась і мае таксама ясную і канкрэтную мэту: зьвярнуць увагу маладых музыкаў на тое, што рабілі да іх тут мінулыя пакаленьні беларускіх творцаў. Таму ня могуць ня цешыць спробы (няхай сабе і не заўжды ўдалыя) асэнсаваньня па-свойму даробку гуртоў «Мроя», «Бонда», «Мясцовы час», «Новае Неба», «Уліс», N.R.M. Ну, і куды ж, вядомая справа, без «Калыханкі» ад «Песьняроў» (адразу 2 вэрсіі) ды «Вы шуміце, бярозы» ад «Сяброў» (3 вэрсіі). Тут варта згадаць Яўгена Барышнікава, які злавіў Ніла Гілевіча на слове і вярнуў гэтай песеньцы менавіта той настрой, які першапачаткова ўкладаўся ў гэты верш. Не для танцулек яна, ані. Радуе, што музыкі зьвярталі ўвагу і на каманды 2000-х — зьявіліся кавэры на Akute, HandmadE, «Без билета», J:Морс. Прычым у выпадку з двума апошнімі згаданымі гуртамі яшчэ і перакладзеныя на беларускую мову. Зьдзівіла адсутнасьць кавэраў на «Ляпісаў»/Brutto, прадказальна часта зьвярталіся да творчасьці Лявона Вольскага. І часам гэта былі вельмі ўдалыя інтэрпрэтаваньні. Як у выпадку з гуртом U.G.oslavia. Па-за шасьцёркаю хацелася бы яшчэ адзначыць прыгожую вэрсію «Калыханкі» ў выкананьні Сяргея Скуратовіча (Рэя), «Рок-музыканта» ў выкананьні Сяргея Башлыкевіча (трохі штучнай, праўда, падалася гэтая вэрсія, у музычным пляне), вясёлую вэрсію песьні HandmadE ад «Шык-бэнду» і «Я да жалю ня пан», якую роўна, аж занадта, сыграў SnopSnoǔ.
Беларускі кавэр
Лепшы квас — Прамяні pt.2 (кавэр на Akute)
Істота — Я жыў (кавэр на «Мясцовы час»)
Яўген Сяргеюк — Многа неба (кавэр на J:Морс)
Ганна Крамэр — На станцыі Койданава (кавэр на «Бонду»)
Яўген Барышнікаў — Здарожыўся (кавэр на «Сяброў»)
U.G.oslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)
«Замежны пераклад» — намінацыя, якая зьявілася сёлета ўпершыню дзеля таго, каб у нас паболела перакладаў на беларускую замежных гітоў. Справа неабходная як для разьвіцьця мовы, так і для разьвіцьця агульнага, ды і значна цікавей, калі кавэр-бэнд не паўтарае адзін у адзін арыгінальны тэкст, а пераадкрывае ўсім вядомы твор на сваёй мове (такая практыка звыклая, напрыклад, у нашых суседзяў — украінцаў, палякаў, літоўцаў, расейцаў). На жаль, насуперак чаканьням, сёлета вартых увагі перакладаў было зусім вобмаль. Ледзьве набралася шасьцёра. І тое — Яўген Цярэнцьеў, які даслаў беларускі пераклад, набраны расейскімі літарамі (што можна трактаваць як непавагу да сябе, мовы і сяброў журы) ды Ангеліна (досыць няўпэўнена зроблены пераклад) трапілі ў гэты сьпіс зь вялікаю доляю нацяжкі, бо само выкананьне на прыстойным узроўні. Вельмі добра, што зьявіліся рэчы, даўно ўжо вартыя перакладу, але нечапаныя беларусамі дагэтуль: песьні Эраса Рамазоцьці, Крыса Айзэка, Эрыка Клэптана. У нечым можна пагадзіцца зь Яўгенам Карпавым — было б цікава пачуць і топавыя там і цяпер песьні па-беларуску, але ня будзем прысьпешваць падзеі.
Замежны пераклад
Ангеліна — Вольна як фэнікс (Conchita Wurst cover)
Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)
DW — So Far (HaBanot Nechama cover)
DrЫмоn — Позна для выбачай (One Republic feat. Timbaland cover)
Mk-band — Я зьмяняю сьвет (Eric Clapton cover)
Яўген Цярэнцьеў — Ноч у ліпні (Кипелов cover)
Сяргей Будкін
Даведка ТГ: Сяргей Будкін — кіраўнік інтэрнэт-парталу Tuzin.fm, саарганізатар конкурсу «Засьпявай 3.0», арт-мэнэджар, прамоўтэр, журналіст. Нарадзіўся 23.02.1982 у Менску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (2005), аддзяленьне журналістыкі ў Беларускім калегіюме (2003), курсы «Personal career and development» для дзеячоў культуры (Wake Technical Community College, ЗША, 2012). Сааўтар і рэдактар кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» (2004), сузаснавальнік праекту Experty.by (2007), прадусар цырымоніі «Рок-Каранацыя» (2005—2007), сэрыі канцэртаў «Tuzin.Unplugged/Жывы Тузін» (з 2011), мэнэджар CD-выданьняў «Прэм’ер Тузін» (2005—2011), кіраўнік музычных праектаў «Тузін.Перазагрузка» (2009) «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» (2011), «Global Reload» (2014), «Тузін.Немаўля» (2011), «Апошні золак» (2013), «Re:Песьняры» (2014), «Новае пакаленьне на Новы год» (2015) ды іншых. У музычнай журналістыцы з 1999 году, аўтар артыкулаў на культурную тэматыку ў беларускіх выданьнях, журналіст тэлеканалу «Белсат», аўтар і вядоўца праграм на NetRadio (2007—2009), Радыё Свабода (2011—2012), Радыё Рацыя (з 2006) ды іншых.
КАМЕНТАВАЦЬ