Экспэрт Tuzin.fm Віталь Шум. Чарговы тур беларускага зомбі-апакаліпсісу
4402 / 10
06.06.2016

Экспэрт Tuzin.fm Віталь Шум. Чарговы тур беларускага зомбі-апакаліпсісу

Кіраўнік «Цэнтру жывога року» цягам месяца слухаў удзельнікаў чартаў на Tuzin.fm і канстатаваў цяперашні стан беларускай музыкі: гэта толькі імітацыя жыцьця.

Мне тут падказваюць, што ў першы раз я аскандаліўся як экспэрт на «Тузіне» каля 10 гадоў таму. «Падарваў пуканы», як цяпер модна казаць. І ад мяне, хутчэй за ўсё, чакаюць не экспэртнага меркаваньня, а рэмэйку «вялікага выбуху». Бо шмат хто падсьвядома разумее, што беларуская і беларускамоўная музыка ў вельмі глыбокім крызысе, і ніякія пахвалы сытуацыю ня выратуюць, патрэбная шокатэрапія, каб прывесьці пацыента да прытомнасьці… Толькі я вас засмучу. У адрозьненьне ад сытуацыі дзесяцігадовай даўніны, калі беларуская нацыянальная культура і музыка хай і крыва, але разьвіваліся, і можна было надаць ім паскарэньне хвацкім падсрачнікам, цяперашнія адчуваньні хутчэй сумныя і нават тужлівыя, як на магілцы ў нябожчыка. Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы. Дакладней, яго цяперашні стан — толькі імітацыя жыцьця. Аптымісты скажуць «постмадэрн», а я думаю «зомбі-апакаліпсіс».

У прынцыпе, Беларусь даўно стала краінай-фэйкам: прафанацыя палітычнага жыцьця, культуры, спорту, адукацыі, сацыяльнага дабрабыту, эканомікі, прамысловасьці… Куды ні торкні — прапораш палатно. Усе, каго хвалявала рэчаіснасьць, сабраліся на плошчы, атрымалі па дупе і адправіліся ў хлеў яшчэ ў 2010 годзе. «Zombieland» стаўся настолькі чароўным, што нават суседзі сталі браць прыклад. Расея атрымала посьпех, а вось ва Ўкраіне здарыўся збой «Матрыцы» і хвалюючы «zombie shooter», які пакуль яшчэ далёкі ад завяршэньня, але ён ужо даў культуры на палову стагодзьдзя наперад глебу для эмацыйных сюжэтаў і народнай міталёгіі: пакут, гераізму, самаахвяраваньня, любові, нянавісьці.

У нас усяго гэтага не было і, напэўна, ужо ня будзе. Затое мы носімся з дрымучымі, як неандэртальскае лайно, казкамі пра «Вялікую айчынную», «партызанаў», «ВКЛ», «Бітву пад Воршай» і іншай сьмяхотнай лухтой, да якой самі ня маем ніякага дачыненьня, і спрабуем прыняць яе за сымбаль нацыянальнага гонару. І падсьвядома разумеем, як гэта фальшыва і сумна. Калі ўжо хочацца зьвярнуцца да каранёў і гісторыі, пра якую ўсе адно мы дакладна нічога ня ведаем, што перашкаджае фантазіяваць радыкальна? Пра тое, што Майсей быў беларусам, пра тое, што санскрыт блізкі да беларускай мовы, і, значыць, гэта мы — легендарныя арыі, усе эўрапейцы паходзяць ад беларусаў, а этрускі прыйшлі з Полацкага княства. Гэтыя тэорыі існуюць у рэальнасьці, але ў нашых творцаў няма ні пасіянарнасьці, ні крэатыву, ні правакатыўнасьці разьвіць іх у песьнях. На жаль, рабскі мэнталітэт, бляяньне з хлява — занадта нізкі старт для нацыянальнай культуры, самасьвядомасьці. І які, скажыце, сэнс у разьвіцьці «роднай мовы», калі вам на ёй проста няма чаго сказаць?..

Пра гэта я заўсёды і казаў: неістотна, на якой мове ты выказваесься і ў якім стылі творыш, найважней, ШТО ты кажаш і наколькі шчыра. Эмоцыямі правяраецца жыцьцё, іх цяжка падрабіць, жывому само неба малюе дакладныя вобразы. Мёртвы ж альбо маўчыць, альбо ўзнаўляе штампы.

Падобныя думкі і адчуваньне прысутнасьці на могілках не пакідалі мяне, пакуль я слухаў 11-ы і 12-ы туры гіт-параду «Тузіну». Людзі проста перасталі пісаць, і тым больш — цікава. Перапеўкі чужых вершаў — туга сьмяротная. Тым больш што сярэднестатыстычны музыка — самаздаволеная малапісьменная доўбня, якая не падазрае, што музыка і паэзія — самастойныя жанры, а ня складнікі песьні. Музыка арганічна ня ўмее адчуваць унутраную мэлёдыку вершу і тым больш сэнс, у яго ўкладзены, каб адэкватна яго аранжаваць і данесьці. Вось і атрымліваецца, што музыка нацягваецца на тэкст, як прэзэрватыў на галаву. Тыповы, але яшчэ ня самы дрэнны прыклад — Navi feat Алег Хаменка — «Плакалі вятры», Irdorath — «Быў. Ёсьць. Буду» і Sounduk — «Давай сьмяяцца». Затое ўдзельнікам гурта TonqiXod, улучна з аўтарам вершаў, варта было б зашчаміць пальцы ў дзьвярах, каб прызналіся, навошта яны гэта зрабілі, а іх фанатаў — здаць на аналізы, як мутантаў. Пакуль такія песьні перамагаюць у гіт-парадах, у беларускай сцэны надзеі няма.

Akute вылецелі з гіт-параду са сваёй песьняй «О божа мой». Варта было не зьбядняцца, а назваць кампазыцыю «О божа мой, які мужчына» і спакойна лідзіраваць яшчэ колькі гадоў. Ilo & friends паставілі мне «Сьвечку» на шэсьць хвілін (зь цяжкасьцю дачакаўся, пакуль рассмокчацца). NGE ды «Маяк» — гадкі поп-авангард. Кажуць, Re1ikt у «Люцэрна» шукалі карычневую ноту? Знайшлі! А вось «Iлюжан» з «Маценькай» і  Shuma са сваім «Лосяй» — гэта псэўдаэтнічная валтузьня, як прыватны выпадак уцёкаў ад клімаксу. З тым жа посьпехам можна hand made заняцца, народнымі танцамі або ёгай.

Зараз пра тое, што заслугоўвае ўвагі. Як ні дзіўна, гэта Лявон Вольскі з рэмэйкам песьні «Зямля» ў выкананьні «25 АБ-БА-Аркестр». Польскія дзеткі выдатна сьпяваюць па-беларуску, вельмі кранальна. Хай падрастаюць і, як Рурыкавічы, прыходзяць да нас ня толькі сьпяваць, але і кіраваць. Самі ж мы ні на хрэн ня здольныя.

Нядрэнны дэбют атрымаўся ў Tadeush зь песьняй «Цэглы дзень». Лёгкай гаркавасьцю, падачай і няўпэўненым вершаскладаньнем гурт нагадаў магілёўскую Zatoczka, толькі Tadeush лепш. Прыкра, пераціснулі гучаньне кампрэсіяй, і досыць качовы грандж-кор страціў у энэргэтыцы. Паглядзім, што ў гэтых хлопцаў будзе атрымлівацца далей. З 90%-й верагоднасьцю — нічога, але і 10% для аптыміста — нямала.

Добры поп-рок атрымаўся ў :B:N: у песьні «Хвалі», асэнсаваны і з настроем — лепш, чым звычайна. Звычайна мяне ванітуе на першай страфе, а тут да канца даслухаў і пераслухаў. Хоць песьня і неапраўдана зацягнутая, у цэлым добра!

Праект МАМА зь песьняй «Сеяць вецер» — гэта мой цяперашні фаварыт у гіт-парадзе. Гераічны паўднёвы вецер прынёс з Кіева смак свабоды і надзеі, і лёгкі пах порна. Ян Маўзэр усё яшчэ дабёр, і ў адсутнасьці жанравай канкурэнцыі з боку Косьці Кінчава, якога хапіў паляруш, можа нарабіць нямала шуму. Я спадзяюся, гэты праект зможа стаць яшчэ крышачку больш энэргічным, рашучым і жорсткім. Ня час смаркачоў. Янка вярнуўся, але беларускаму року цяпер патрэбны Данка. Чаго, уласна, і жадаю.

* * *

Пасьля двух-трох пераслухоўваньняў гіт-параду я ладна стаміўся, а калі высьветлілася, што цяпер трэба адслухаць яшчэ і 12 беларускіх альбомаў, то адчуў сябе героем амэрыканскага трымценьніка, якога мачаюць галавой ва ўнітаз, герой, адчайна спрабуючы вырвацца, булькоча, а камэра здымае здолу. Хай даруе мне чытач, які дачытаў да гэтага самага месца і чакае працягу, але гэта ўжо занадта. Катаваньні ў нашай краіне афіцыйна забароненыя. «Значна цікавей — відэакліпы, бо там сустракаюцца цыцкі!» — падумаў я наіўна і пераключыўся на відэачарт.

Цыцак ні ў адным з 12 прадстаўленых відэаролікаў я не знайшоў. Самае аголенае месца — лысіна вакаліста Rahis. Але агульнае ўражаньне ад гэтых відэакліпаў — гэта амаль дотыкавы пах старасьці, які бывае ў кватэрах самотных старых. Ні крэатыву, ні правакацыяў. Так нельга! Ёсьць жа ўрэшце гармоны ўсякія, якія прымаюцца мэдычна — стэроіды, тэстастэрон-тэрапія… Тое, што беларусы здольныя на роўным месцы зрабіць мэга-кліп, зусім нядаўна з бляскам даказаў Максім Сіры. На жаль, на «Тузіне» не знайшлося нічога нават аддалена параўнальнага па крутасьці.

Вядома, ёсьць моцны відэашэраг Brutto «Родны край», але гэта і не зьдзіўляе. Каб Міхалок у кліпе з Гурковым узасос пацалаваўся, зь языком, вось гэта было б дзіўна.

Не хачу марнаваць час на шчыры паражняк, магу толькі плюнуць і расьцерці: :B:N: «Попел», Зьміцер Вайцюшкевіч «На Каляды», Race of Dreamers «Успамін аб глыбіні», Верасень «Халодны блюз», Крамбамбуля «Каб мы калі каму чаго».

Крыўдна за «Маё каханьне» Лявона Вольскага. Такая песьня была выдатная, але ўвасабленьне… Што рэжысэр, што акторы прыкладна на маім узроўні — ніякія. Літоўцы, што зь іх узяць?..

Наўпрост адваротная сытуацыя ў Hurma «Птушка»: аматарскія самастрэлы дзяўчынкі ў Нью-Ёрку выратавалі вельмі шэрую песьню. Танна і злосна, і добра толькі з адной прычыны — гэта маладосьць. Тое, як заразьліва гараць вочы ў дзяўчынкі, па меншай меры, выклікае зайздрасьць.

Слабенькі кліп атрымаўся ў «Мерада» — «Начны праспэкт», лірычная лінія — жахлівая ў сваёй пошласьці, але пара-Крамер выдатна выглядае ў кадры. Харызматычныя олдскульшчыкі, беларускі варыянт Марка Нопфлера і Эмілі Гарыс. Глядзець прыемна.

Vinsent у кліпе «Жывы» такая няшка! Як гаворыцца, «ябывдул». Кліп, наогул кажучы, даволі підарскі. Усяго адна дзяўчынка ў кадры — плоская, як вобла, і ў парыку. Можа, і не дзяўчынка зусім? Затое здымкі тлустыя, якасныя.

Алесь Таболіч ў кліпе Znich «Дунаі» надзеў балаклаву і, відаць, сам зьдзівіўся з уласнае адвагі. Цяпер, напэўна, сядзіць з гераічным тварам, чакае абвінавачваньняў у сэпаратызьме… На самай справе — шкада. Тэма ў кліпе паднятая цікавая і актуальная, але пры рэалізацыі, відавочна, збаяліся і напхалі кадраў з танкавага біятлёну. Прыкра!

Ну а найлепшым кліпам 9 тура відэчарту «Тузіну Гітоў» на відавочным бязрыб’і я б назваў мінулага пераможцу — Rahis «Грэй мяне». Чаму? Цяжка растлумачыць, бо нічога выбітнага ў гэтым кліпе няма. Проста прыгожыя здымкі з квадракоптара, і відэашэраг узгадняецца з настроем песьні і аўтарскім сьветаадчуваньнем.

Я б мог яшчэ доўга размазваць сваім языком кашыцу беларускамоўнай музыкі, але лічу дзіўным, што вы знайшлі ў сабе сілы дачытаць да гэтага месца. Буду рады, калі гэты тэкст падштурхне кагосьці перагледзець і пераслухаць прадстаўленыя ў мінулых гіт-парадах песьні, і, вядома ж, скласьці ўласнае меркаваньне. Ну а я, дзелячыся сваім, проста спрабаваў быць з вамі шчырым.

Віталь Шум, для Tuzin.fm

Даведка ТГ: Віталь Шум — журналіст, прамоўтэр. Нарадзіўся ў 1981 годзе ў Магілёве. Заснавальнік і каардынатар магілёўскага контркультурнага саюзу «Цэнтар жывога року». З 1999 году займаецца самвыдатам-выданьнем рок-часопісаў («Окорок», «Шум», «Под Шумок»), зборнікаў вершаў, журналістыкай, арганізацыяй рок-канцэртаў, паэтычных і творчых вечароў. Названы найлепшым музычным журналістам Беларусі (па вэрсіі «Музыкальной газеты», 2005). Быў дырэктарам шэрагу магілёўскіх гуртоў («Авангардшкола», «Глюкі», «Сердце дурака», «Обаяние невовлеченности»). Редактар сайту Morok.ru.

КАМЕНТАРЫ:

  • Liam Sobak
    Liam Sobak / адказаць
    06.06.2016 / 18:36

    Желчный автор,разочарованный в жизни и культуре своего бытия.А ещё за языком лучше бы следил, иначе от некоторых музыкантов,которых полил грязью,мог бы и сопатке получить,если бы в глаза осмелился высказаться.

  • Виталий Шум
    Виталий Шум / адказаць
    06.06.2016 / 21:06

    "разочарованный в жизни и культуре своего бытия" - вы сами-то поняли, что сказали? :)
    Грустно, когда общение с Шариковыми начинается с угроз на клятай рускай мове.

  • Виталий Шум
    Виталий Шум / адказаць
    06.06.2016 / 21:15

    Забыл спросить: а вы на балалайке смогли бы?

  • niareisha / адказаць
    06.06.2016 / 23:27

    Осторожнее, Виталий, этот человек - этнический перкуссионист, ему всё равно, в какой бубен стучать!

  • Olga / адказаць
    06.06.2016 / 21:50

    Вось і у нас свой Лаза з'явіўся...

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    06.06.2016 / 23:49

    Для цікаўных - дзеля параўнаньня камэнтар Віталя Шума 10-гадовай даўніны на "Тузіне". Пакуль парадкуем архівы на сайце, таму спасылка на перадрук http://mpby.ru/printnews-666.htm

  • Юлия Сикора
    Юлия Сикора / адказаць
    07.06.2016 / 01:41

    Не пагаджуся. Музыкі нашы, як раз, радуюць. Асабіста я не "крутасьці" тут шукаю, а каб было, што паслухаць перед сном. Песні для жыцця: кожнадзеннага, звычайнага, банальнага. Такога, якое есць. Але - песні нашых музыкаў і на нашай мове.
    А сення вось знайшла тэкст "крутога крытыка", якому б па узроўню фантазіі на заборах словы з трох літар вывадзіць, а не на музычным сайце рэцэнзіі пісаць. Напэўна, кожны, хто вывучыў некалькі мацерных слоў па-беларуску, лічыць своім доўгам карыстацца імі не разбіраючы дарогі? А пра этычныя нормы нічога не чулі?

  • Станислав Лазовский
    Станислав Лазовский / адказаць
    07.06.2016 / 22:52

    Очередной "великий промоутер" посидел перед микрофоном, раздул щеки и с пафосом говнаря накидал говна на вентилятор и всех вокруг... Скажем так, далеко не новый способ поднятия ЧСВ, да только вот с реальностью сие критиканство имеет мало общего -- сугубо шкалящая ИМХа горе-Ыксперда как в музыке так и в истории... Liam Sobak при всей чрезмерности формы высказыания очень хорошо сказал по сути..

    Что назыается Чернухо#2 только тот клоунадит на онлайнере, этот на тузине...

  • Василий Зайцев
    Василий Зайцев / адказаць
    08.06.2016 / 10:02

    Так ці іначай трэба сказаць чалавеку дзякуй за тое, што падняў статыстыку Тузіну (551 праглядб 9 каментароў) а як там па наведванням сайта?. Добры ход Сяргей. Так трымаць! А з некаторымі тэзісамі нельга не пагадзіцца, як бы хто ня енчыў.

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    08.06.2016 / 13:45

    Мы за статыстыкай і праглядамі ня гонімся і не дзеля гэтага запрашалі Шума ў экспэрты. Гэта не апошні ў беларускай музыцы чалавек, таму яго меркаваньне ўяўляе інтарэс. Пагаджуся хіба, што Віталь не заўжды карэктны і тактоўны ў сваіх выказваньнях, затое ў шчырасьці яму адмовіць дакладна цяжка.

  • КАМЕНТАВАЦЬ