Znich пра перамогу ў відэачарце: «Так яно і мусіла быць» (+прэм’ера)
4535 / 0
28.06.2016

Znich пра перамогу ў відэачарце: «Так яно і мусіла быць» (+прэм’ера)

Навічок відэачарту гурт Znich перамог з кліпам на песьню «Дунаю» ў апошнім туры галасаваньня ў сэзоне 2015/2016.

Кліп на песьню «Дунаю» набраў 596 галасоў падчас галасаваньня ў 9-м туры і апярэдзіў папярэдніх пераможцаў гурт Rahis на 91 голас. «Я асабліва і не зьдзівіўся перамозе, бо так яно і мусіла быць: песьня ваярская і вельмі неадназначна ўвасобленая. Мяне пацешыў той факт, што наша відэа апярэдзіла ўсе беларускія кліпы. Маем больш за 50 000 праглядаў роліку за паўгоду, а гэта добры паказьнік як для нас, так і для ўсёй мэтал-сцэны», — зазначыў з нагоды перамогі лідэр Znich Алесь Таболіч. Адносна іншых кліпаў, прадстаўленых у чарце, музыка кажа: «Нічога для сябе цікавага ня вылучыў, бо павінны быць цікавымі ня толькі здымкі, але і сама песьня. А ў нашай музыцы, на жаль, праблема зь песьнямі, якія б зачапілі».

Znich рыхтуе ўжо новы альбом. На фэсьце «Купальскае кола», які прайшоў на гэтых выходных, гурт прэзэнтаваў міньён «Словы зямлі». У студыйнай вэрсіі музыкі прадстаўляюць яго для наведнікаў Tuzin.fm.

Таксама Znich пачаў здымкі новага роліку — на песьню «Асьвяці». Алесь Таболіч інтрыгоўна зазначае, што яна будзе вельмі спэцыфічная і цікавая па сваёй ідэі і рэалізацыі. Цяпер гурт едзе з выступамі ў Латвію і Польшчу, каб прэзэнтаваць сваю праграму замежнай аўдыторыі. За навінамі каманды можна сачыць праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm