BosaeSonca сыграе разам зь фіналістамі «Засьпявай 3.0»
22 ліпеня летнюю сэрыю канцэртаў у дворыку на плошчы Свабоды, 4 працягне гурт BosaeSonca разам зь фіналістамі конкурсу «Засьпявай 3.0» — Ганнай Крамэр, Антосем Звычайным і Mk-band.
BosaeSonca апошнім часам выступае зрэдчас — іх вакаліст Алесь Кот-Зайцаў цяпер жыве ў Варшаве, а баяніст Алесь Ясінскі ў Празе. Сваіх менскіх прыхільнікаў каманда парадавала канцэртам акурат год таму ўлетку. Але пры гэтым музыкі не зьбіраюцца разыходзіцца — летась яны прэзэнтавалі альбом «Unplugged-2», які стаў працягам выдатнага live-рэлізу «Адпусьці». Песьні з гэтых праграмаў стануць асновай сэт-лісту гурта на канцэрце ў дворыку плошчы Свабоды 8 ліпеня. Tuzin.fm склаў топ-12 найлепшых песень у выкананьні гэтай цудоўнай каманды.
Наогул жа гэты канцэрт фіналістаў будзе самым разнастайным. Антось Звычайны прадставіць свой праект у стылістыцы abstract/decadence hip-hop. Разам зь Яўгенам Касьцючэнкам ён прадставіў для намінацыі «Сьпяваная паэзія» сваё бачаньне верша Ўладзімера Караткевіча «Быў.Ёсьць.Буду» і трапіў у лік найлепшых. У ліку лідэраў яго назвалі Андрэй Хадановіч і Сяргей Балахонаў. Цяпер Антось працуе над канцэптуальным рэлізам, куды ўвойдзе ня толькі гіп-гоп альбом на ўласныя вершы і аўтарскую музыку, але і кніга — раман-антыўтопія, а таксама кароткамэтражны фільм, як будзе дастаткова сродкаў. Таму перамога на «Засьпявай» будзе для Антося вельмі дарэчы.
Ганна Крамэр прэтэндуе на перамогу ў іншай намінацыі — «Беларускі кавэр». Яна зрабіла для конкурсу сваю інтэрпрэтацыю песьні гурта «Бонда» — «На станцыі Койданава». Для ўдзелу ў конкурсе «Засьпявай 3.0» 30-гадовая вакалістка гурту «Мерада» сабрала сапраўды выдатны склад музыкаў. У запісе конкурснай песьні ўзялі ўдзел басіст «J:Морс» Валеры Дасюкевіч (32 гады), гітарыст (+мандаліна) зь «Мерады» Сяргей Бальцэвіч (30 гадоў), бубнач Дзьмітры Дзядзечка (21 год) і скрыпач Віталь Хрушчоў (23 гады) з гурту «Эльдорадо», а губным гармоніку падыграў гомельскі музыка Вадзім Міцько (28 гадоў). Песьню, дарэчы, упадабалі аўтар словаў Адам Глёбус і выканаўца арыгіналу Ігар Варашкевіч. А ў лік фаварытаў яе паставілі сябры журы Глеб Лабадзенка і Сяргей Будкін.
Выступіць з сэтам і прэтэндэнт на перамогу ў намінацыі «Замежны кавэр» — гурт «МК» зь Беразіна, які пераклаў на беларускую песьню Эрыка Клэптана «Change the World» — гэта частка іх праекту з працоўнай назвай «Парк імя Э. П. Клэптана», куды ўвойдуць іх пераасэнсаваньні творчасьці брытанскага музыкі. Усе песьні перакладзеныя не літаральна, а з улікам мясцовага калярыту і гумару. Маюць музыкі ў рэпэртуары і багата ўласных песень, прычым сьпяваюць толькі па-беларуску. Сярод іх — «Дзеўчына з айфонам», «Мінорны шлях», «Маладая Беларусь» (на верш Янкі Купалы). У склад гурту ўваходзяць Міхаіл Максімовіч, Канстанцін Уласевіч, Глеб Шаўчэнка і Міхаіл Лабунскі. У ліку фаварытаў у гэтай намінацыі гэты гурт назвалі сябры журы Віталь Рыжкоў і Ўладзь Лянкевіч.
Весьці канцэрт «Засьпявай 3.0» будзе Алег Хаменка. У продажы толькі 50 квіткоў.
За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэньне найлепшага на меркаваньне народнага журы.
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ ДА ПАДЗЕІ! FACEBOOK/УКАНТАКЦЕ
22.07. Менск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19:00-22:00. BosaeSonca + фіналісты «Засьпявай 3.0»: Ганна Крамэр, Антось Звычайны, гурт «МК». Кошт квіткоў: 10 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень, пры наяўнасьці). Інфа: +375 29 687-20-93.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ