«Крама» падтрымае гурт Green Pills канцэртам на плошчы Свабоды
Гурт «Крама» зайграе акустычны канцэрт 17 ліпеня на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды разам зь фіналістамі конкурсу «Засьпявай 2.0» гуртом Green Pills.
Green Pills прэтэндуе на перамогу ў намінацыі «Кавэр» конкурсу «Засьпявай 2.0». Хлопцы граюць разам ужо пяць гадоў. У сёньняшні склад Green Pills уваходзяць Ян Верабей (27 гадоў), Зьміцер Аніськоў (27 гадоў), Уладзімер Машкоў (27 гадоў), Сяргей Пракапенка (22 гады). Па стылiстыцы яны больш схіляюцца да цяжкой альтэрнатывы, што не перашкодзіла выдаць акустычны ЕР. Цяпер гурт працуе над новай праграмай, якая ўключае ў сябе сумесь цяжкой музыкi i электроннага гучаньня. Задумаў у іх багата — ад намераў запісаць альбом і зьняць кліп да арганізацыі трыб’юту на гурт «Мроя». Журы «Засьпявай 2.0» вылучыла іх за песьню «Белакрылы анёл» гурта Zet.
Канкурсантаў падтрымае гурт «Крама», які рыхтуе акустычны канцэрт з сваіх найлепшых песень. Ігар Варашкевіч кажа, што трэк-ліст іх выступу будзе фармавацца ледзьве не падчас выступу і што знойдзецца ў ім месца, як даўнім гітам, так і песьням з новага альбому гурта «Белая вада».
Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.
17.07. 20:00. Тэраса кавярні «Chill Out» (плошча Свабоды, 4). Green Pills пры падтрымцы гурта «Крама». Квіткі папярэдне прадаюцца праз сайт і касы Kvitki.by. Кошт: 120 000 — 150 000. Толькі 50 месцаў! Інфалінія: +375-29-676-81-95.
Tuzin.fm
Квіткі тут:
http://www.kvitki.by/ru/event/26486
КАМЕНТАВАЦЬ