«Нашыя з табой краіны — Беларусь ды Ўкраіна» — беларускія музыкі за Эўрамайдан (відэа)
7333 / 1
03.12.2013

«Нашыя з табой краіны — Беларусь ды Ўкраіна» — беларускія музыкі за Эўрамайдан (відэа)

Падзеі ў суседняй Украіне не пакінулі абыякавымі і беларускіх музыкаў. Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Зьміцер Вайцюшкевіч, Vinsent, гурты Sciana і Аkute выказалі праз Tuzin.fm свае меркаваньні і словы падтрымкі ўкраінскаму народу.

Беларускія музыкі зь вялікай трывогай  і надзеяй назіраюць за тым, як разгортваюцца падзеі ў суседняй Украіне, дзе ў цэнтры Кіева сабраліся прыхільнікі эўраінтэграцыі.

Лявон Вольскі мае багата сяброў ва Ўкраіне, сам калісьці выступаў на Майдане ў час Аранжавай рэвалюцыі перад паўмільёнам гледачоў. Пра апошнія навіны з Эўрамайдану ён дазнаецца непасрэдна праз свайго калегу — лідэра гурта «Тартак» Аляксандра Палажынскага,  які бярэ актыўны ўдзел у кіеўскіх падзеях. «Яшчэ ў першы дзень Эўрамайдану я зьвязаўся з Сашком Палажынскім — пытаўся, чым дапамагчы. Ён адказаў, што калі будзе трэба, паведаміць. Дык вось, пацьвярджаю — калі трэба, мы гатовыя. Украінскія браты й сёстры! Жадаю вам хуткае Перамогі, а пасьля — не расчаравацца ў гэтай Перамозе. Будзьце пільныя — ня дайце сябе заблытаць, справакаваць і ашукаць! А ўвогуле, выдатна, што пабоч з намі ёсьць Сусед, годны і неабыякавы да свайго лёсу. Слава Україні!» — заявіў музыка ў камэнтары для Tuzin.fm.

Выканаўца Vinsent  якраз наведваў Украіну за некалькі дзён да Эўрамайдану, таму добра адчувае настрой тамтэйшай моладзі: «Я шмат размаўляў з маладымі ўкраінскімі творцамі пра іхнюю ўнутраную сытуацыю, яны, у сваю чаргу, ажыўлена цікавіліся нашай сытуацыяй. Я пабачыў, што прагрэсіўная украінская моладзь, безумоўна, абірае эўрапейскі шлях разьвіцьця. Безумоўна, я выказваю свае словы падтрымкі ўкраінцам, якія прагнуць лепшага заўтра. Упэўнены, што мы маем агульны гістарычны эўрапейскі шлях і эўрапейскую будучыню».

Словы падтрымкі ўкраінцам выказвае і лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, які напісаў у сваім статусе ў Facebook: «Тримайтеся брати». «Я адчуў поўную разгубленасьць, калі ў навінах па расейскай тэлевізіі сказалі, што Януковіч пагаварыў з адным самых уплывовых людзей у сьвеце“ ды зьмяніў сваё рашэньне наконт эўраінтэграцыі. На маю думку гэтым самым, былі справакаваныя тыя падзеі, якія потым разгарнуліся ва Ўкраіне… Цяпер віруюць надзвычайныя эмоцыі, гэта вымагае зрабіць непрадуманыя дзеяньні. Хачу пажадаць украінцам быць мудрымі. Слава Украіне!»

Гурт Akute, творчасьць якога любяць і шануюць ва Ўкраіне і запрашаюць у якасьці гасьцей на такія фэсты, як «Бандэрштат» і «Верціфэст», заявілі праз Tuzin.fm, што цалкам падтрымліваюць імкненьні ўкраінцаў: «Мы вітаем гэтыя падзеі і шчыра зычым каб у нашых суседзяў усё атрымалася. Слава Украіне!» 

Не застаўся ў баку ад падзеяў і музыка Зьміцер Вайцюшкевіч. «Вельмі трывожна за нашых суседзяў. Маю спадзеў, што імкненьні простых людзей спраўдзяцца і Ўкраіна знойдзе сваю эўрапейскую будучыню. Цяпер галоўны страх у тым, што можа здарыцца аблом людзкіх надзеяў. Шчыра жадаю, каб украінцы пайшлі сваім шляхам, займелі надзейную будучыню, а не безнайдзейную, як таго прагнуць некаторыя».

У гэтыя дні ў сацыяльных сетках сапраўдым гітом стала песьня гурта Sciana «Беларусь-Україна», якую берасьцейскія музыкі выканалі ў дуэце з сваімі калегамі з Хэрсону — гуртом «Роллікс». «Вельмi трывожна нам цяпер назiраць за падзеямi ва Ўкраiне. Бо нашым братам хочуць навязаць чужы выбар. Аднак мы верым, што яны змогуць адстаяць сваю волю. Трымайцеся!» — кажа аўтар словаў да гэтай песьні Андрусь Клімус.

Cяргей Будкін, Tuzin.fm, фота — Svaboda.org

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    03.12.2013 / 13:31

    Калі нехта з музыкаў жадае выказаць сваё меркаваньне на гэты конт, можна дадаваць у камэнтары.

  • КАМЕНТАВАЦЬ