Міхаіл Баярын: «Сьпевы на вершы клясыкаў — важная азнака ўзнаўленьня нацыі» (аўдыё)
Паэт, філёзаф, знаўца санскрыту падсумаваў вынікі музычнага сэзону на Tuzin.fm і асабліва ўразіўся тым, наколькі крута і сучасна гучаць вершы клясыкаў.
Асаблівых крытэраў адбору ў мяне не было — выбіраў тое, што чапляла, што хацелася пераслухоўваць. Але ў выніку можна зрабіць пару абагульненьняў.
1. Уражвае, наколькі крута і сучасна гучаць вершы клясыкаў — Янкі Купалы (Naka), Якуба Коласа (Brutto), Уладзімера Караткевіча (Indorath). Тое, што мы знаходзім у традыцыі адказы на сучаснасьць — вельмі важная азнака ўзнаўленьня нацыі.
2. Радуе тое, што цэлыя жанры пераяжджаюць з этнічнага каляндарнага цыклу ў сеткавую культуру. «Цуд на Каляды» (Trubetskoy і Аляксандар Памідораў), «Вясенка» (Нагуаль) — рэчы, якія доўга не выходзяць з галавы.
3. Заўважна, наколькі танчэй і далікатней мы выражаем і слухаем свае пачуцьці. Гэта зусім іншае «разрашэньне», калі параўнаць з тым, што мы слухалі гадоў 15 таму. Haina, «Ойра», Allia — гэта тая мнагамернасьць, якой мне не хапала ў беларускай музыцы.
Allia — Мокрыя
Brutto — Будзь сьмелым
Dzieciuki — Тадэвуш Касьцюшка
Haina — Ты абяцала
Irdorath — Быў. Ёсьць. Буду
Naka — Малітва
Trubetskoy і Аляксандар Памідораў — Цуд на Каляды
Vinsent — Музыка
Лявон Вольскі і 25 АББА Orkiestra — Зямля
Мама — Cеяць вецер
Нагуаль — Вясенка
Ойра — Тваё маё сэрца
Міхаіл Баярын, для Tuzin.fm
Экспэрт Tuzin.fm Міхаіл Баярын — паэт, філёзаф, лінгвіст, перакладчык, знаўца граматыкі санскрыту, дызайнэр шрыфтоў. Нарадзіўся ў 1978 годзе ў Менску. Атрымаў адукацыю ў клясычнай філялёгіі (2000) і праграмаваньні (2014). Вывучаў санскрыт і лінгвістыку старажытнай Індыі, вучыўся ў Санскрыцкім унівэрсытэце Сампурнанда (Індыя). Аўтар кніг паэзіі «Шалёны вертаградар» (1997) і «Заваёўнік» (2014), кнігі эсэ «Самабыцьцё» (2014), падручніка «Уводзіны ў традыцыйны санскрыт» (2014). Пераклаў на беларускую мову старажытнаіндыйскую паэму «Багавітава песьня».
КАМЕНТАВАЦЬ