«Народны альбом»: Ненаўмысны шэдэўр (дак.фільм + тэлеканцэрт)
4719 / 0
02.01.2017

«Народны альбом»: Ненаўмысны шэдэўр (дак.фільм + тэлеканцэрт)

На YouTube адбылася прэм’ера тэлевэрсіі праекту «Народны альбом», адроджанага па ініцыятыве каналу «Белсат» і дакумэнтальнага фільму «Ненаўмысны шэдэўр».

Канцэрт «Народны альбом. 20 гадоў» стаў адным з галоўных гітоў навагодняй ночы 2017 году — толькі праз інтэрнэт, без уліку спадарожніка, трансляцыю глядзелі тысячы карыстальнікаў з 19 краінаў сьвету.

Канцэрт «Народны альбом. 20 гадоў» адбыўся на пачатку верасьня ў Беластоку, квіткі на яго разышліся за дзьве гадзіны. У стварэньні юбілейнай вэрсіі бралі ўдзел Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Зьміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандар Памідораў, Сяргей Ахрамовіч, а таксама сьвежыя сілы ў асобах музыкаў Apple Tea, духавой сэкцыі, бэк-вакалістаў, актораў другога пляну. Таксама ў сеціва выкладзены дакумэнтальны фільм «Ненаўмысны шэдэўр» Сяргея Будкіна і Яўгена Шапчыца, які распавядае пра тое, як ствараўся праект.

Водгукі ў сеціве:

— Шыкоўны фільм пра «Народы альбом» і бліскучы канцэрт паказалі на «Белсаце». Яшчэ адзін пераканаўчы довад на карысьць каналу. Сяргей Будкін, Яўген Шапчыц і ўсе астатнія, хто датычны да гэтага — вы зрабілі грандыёзную і вельмі важную працу!

— Выдатная праца! Уразiлi i мастадонты, i музыкi Apple Tea, якiя дадалi новога гучаньня (не скажу, што раней было горш, але, менавiта новае, цiкавае, глыбокае). Моладзi раiў бы праглядзець першапачаткова дакумэнтальны фiльм аб стварэньнi й запiсе альбому, праслухаць яго папярэдне перад праглядам… Дзякуй творцам i вытворцам!

— Фільм пра «Народны альбом» — сапраўды выдатны! І дзясятак запісаў і канцэртаў, дзе я была… Ну проста расчулілі да сьлёз.

Тэлевэрсія канцэрту «Народны альбом. 20 гадоў»

24 лютага ў менскім Prime Hall адбудзецца першы за 10 гадоў паказ «Народнага альбому» ў Беларусі. Квіткі на месцы за столікамі і на сэктарах ужо разыйшліся, засталася толькі частка танцпляцу па 35 рублёў. Набыць квіткі можна ў тэатральна-канцэртнай касе па вул. Калініна, 5 з панядзелка па пятніцу з 10:00 да 19:00 альбо праз сайты Ticketpro.by, Bezkassira.by. Інфалінія: (033) 655-55-96.

Tuzin.fm