Тузін гітоў на Soundcloud. Рэйтынг вясны-2017
Самыя папулярныя песьні гэтае вясны на канале парталу TuzinFM у сетцы Soundcloud.
Усяго на канале нашага парталу ў Soundcloud у пэрыяд з 1 cакавіка да 31 траўня 2017 году зафіксавана 58 800 праслухоўваньняў (гэта менш, чым за аналягічны пэрыяд летась, калі было 94 000). Больш за ўсё песьні з каналу «Tuzin.Streaming_Belarus» слухалі ў Беларусі (30 541). На другім месцы — ЗША (5166), на трэцім Украіна (4342). Пасьля ідуць Расея (3992), Польшча (1506) і Канада (1251).
Сьпіс самых запатрабаваных трэкаў на канале выглядае наступным чынам.
12. Dzieciuki — Трымайся, браце! (357)
Беларускі варыянт песьні італьянскіх партызанаў — адзін з самых ударных канцэртных нумароў фольк-панк каманды з Горадні, не пакідае топ-12 ад моманту прэзэнтацыі альбому «Рэха».
11. N.R.M. — Паветраны шар (358)
У топ вясны-2017 трапіла песьня з альбому «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.», якую Лявон Вольскі напісаў 21 год таму. Яна ўвайшла ў топ-100 найвялікшых беларускіх песень паводле апытаньня TuzinFM. А зьявілася на сьвет гэтая кампазыцыя ў памяшканьні радыё 101,2 на вуліцы Рэвалюцыйнай, дзе на той час рэпэтавалі музыкі.
10. Naviband — Historyja majho žyćcia (359)
Безумоўныя героі гэтае вясны — гурт Naviband, які годна прайшоў выпрабаваньне «Эўравізіяй» акурат з гэтай песьняй. І ня ў месцы справа, а ў тым, што ўпершыню са сцэны гэтага міжнароднага конкурсу прагучала беларуская мова і на іх выступ было прыемна глядзець.
9. Dzieciuki — Сумнае рэгі (393)
Ня траціць актуальнасьці гіт з дэбютнага альбому «Дзецюкоў» — «Гарадзенскі гармідар». Аўтар песьні Дзяніс Жыгавец кажа, што напісаў яе, каб нагадаць пра страшныя сымбалі ХХ стагодзьдзя ў Беларусі і паказаць роўнасьць паміж крывавымі таталітарнымі рэжымамі — камунізмам і нацызмам. На песьню таксама зьняты кліп, які выклікаў у гледачоў масу пачуцьцяў.
8. Антось Звычайны — Не глядзі (418)
Рэп на Янку Купалу з альбому Антося «бел.літ. х змрок», які быў прэзэнтаваны ў сакавіку на TuzinFM. У яго таксама ўвайшлі песьні на словы Караткевіча, Сыса, Танка, Бураўкіна і Езавітава. Гэтай сваёй працаю рэпэр імкнуўся паказаць, што беларуская літаратура не такая змрочная і шэрая, як тое можа падацца пасьля школьных урокаў.
7. Dzieciuki — Чорны хлеб і гарбата (480)
Яшчэ адзін трэк з альбому «Рэха». Гіт часоў польскай Салідарнасьці атрымаў другое жыцьцё ў Беларусі дзякуючы перакладу Аляксандра Памідорава і выкананьню «Дзецюкоў».
6. Варона — Мая праўда (481)
У топ-12 самых запатрабаваных песень на «тузіноўскім» Soundcloud вярнулася песьня гурту «Варона», якая была ўжо ўзначальвала рэйтынг узімку 2014—2015. Сьпявачка Алёна Варона кажа, што гэтая песьня з аднайменнага EP адпраўляе нас на пошукі сябе і сваёй асабістай свабоды.
5. Leibonik — Я рок-музыкант (504)
У лідэрах апынулася песьня адных зь пераможцаў конкурсу «Засьпявай 3.0» — Сяргея Башлыкевіча і гурту Leibonik. Яны ня проста перасьпявалі клясычны гіт гурту «Мроя», але яшчэ дадалі куплет ад сябе.
4. CherryVata — Вясна (740)
Першы беларускамоўны аўтарскі трэк знанай электроннай фармацыі, які быў прэзэнтаваны гэтаю вясною на TuzinFM. На самой справе, гэта наогул адна зь першых кампазыцыі CherryVata, напісаная яшчэ ў 2003 годзе, першапачаткова на расейскай мове.
3. Алесь Дзянісаў (feat. Race of Dreamers) — Калі над лугам бусел праляцеў (814)
Самотнік з сольнага альбому вакаліста гурту Dzieciuki «Кароткая гісторыя Беларусі», які быў прэзэнтаваны на TuzinFM напярэдадні Дня Волі. «Я адчуў у гэтым вершы прадчуваньне вайны», — зазначыў з нагоды прэм’еры Алесь.
2. СлухацьУнавушніках — Зіма (1069)
Песьня, якая была прэзэнтаваная на TuzinFM на Першамай, акурат, калі пайшоў сьнег. Барыс Штэрн прысьвяціў свой новы трэк Ядзьвізе Паплаўскай, якую кампазытар Эдуард Ханок пазбавіў права выконваць свае галоўныя гіты ягонага аўтарства.
1. Жадан і Собаки — Рок-музыкант (2275)
Песьня, запісаная для праекту TuzinFM і кампаніі «Будзьма!», вярнулася на пазыцыю лідэра, якую заняла па выніку мінулага году. Гэта ўкраінскамоўны перасьпеў усё таго ж гіта «Мроі», які зрабіў бадай што самы вядомы сучасны ўкраінскі паэт Сяргей Жадан. І сам жа выканаў разам з гуртом «Сабакі ў космасе».
Яшчэ:
Топ-12 зімы 2016/2017. «Коленька» наперадзе ўсіх!
Вясна. Dzieciuki ўзьляцелі
TuzinFM, загалоўнае фота Павло Березюк
КАМЕНТАВАЦЬ