Як сьвяткавалі вясельле 50 гадоў таму (прэм’ера)
3562 / 0
07.09.2016

Як сьвяткавалі вясельле 50 гадоў таму (прэм’ера)

Сяргей Доўгушаў прадстаўляе на Tuzin.fm праект «Песьні і найгрышы вясельля вёскі Лявонпаль і яе навакольляў», які дае добрае ўяўленьне пра тое, як даўней сьвяткавалі вясельле.

Рэліз складаецца зь вясельных песень і найгрышаў, якія былі запісаныя ў экспэдыцыях беларускім паэтам і краязнаўцам Сяргеям Панізьнікам у 1968—1969 гадах у Мёрскім раёне Віцебскай вобласьці (вёскі Лявонпаль, Бабышкі, Даўгінава). Гэтыя песьні сьпявалі больш за паўстагодзьдзя таму, зь імі адзначалі вясельлі, іх перадавалі з вуснаў у вусны. Дыск дапоўнены брашурай, у якой даюцца тлумачэньні этапаў цырымоніі вясельля, і кожны этап суправаджаецца песьняй: апрананьне нявесты і жаніха, расчэсваньне касы нявесты, бласлаўленьне і адорваньне нявесты і жаніха, зборы і паездка жаніха за нявестай, чаканьне прыезду жаніха і яго сустрэча ў хаце нявесты.

«Дыск зьяўляецца ўнікальным, таму што частка песень была запісана ў аўтэнтычных умовах на сапраўдным вясельлі Яўгеніі Шадурскай і Франца Адамовіча, якое адбывалася ў Лявонпалі 18—19 жніўня 1969 году. На кружэлцы найгрышы зьмешчаны менавіта ў тым парадку, у якім яны гучалі на сьвяце. Там ёсьць і застольныя песьні, і мэлёдыі для танцаў: полькі, вальсы, кракавяк», — кажа аўтар і кіраўнік праекту Сяржук Доўгушаў.

На Tuzin.fm прадстаўляецца тры песьні з гэтага выданьня:

1. «Проша, госьцікі, проша» — песьня, якую сьпявалі за сталом на вясельлі. Выконвае Марута Міхайлаўна Палчэх (1906 г. н., в. Даўгінава)

2. Марш «Як дораць маладую». Выконвае інструмэнтальны ансамбль зь вёскі Ліпава. Запісана ў аўтэнтычных умовах, на сапраўдным вясельлі 18—19 жніўня 1969 году.

3. Песьня «Пайшла цёшча к зяцю ў госьці» ў выкананьні Зянона Каснарэвіча падчас спаборніцтва сватоў.

Набыць дыск «Песьні і найгрышы вясельля» можна ў этна-краме «Рагна», у крамах symbal.by і prastora.by.

У брашуры ёсьць усе тэксты песень, а таксама камэнтары кандыдата мастацтвазнаўства Тацяны Бярковіч. «Вясельнае выданьне» дапоўнена прыгожымі здымкамі, зробленымі Сяргеем Панізьнікам у тым жа жніўні 1969-га. Кружэлка спадабаецца навукоўцам, этнографам, усім, хто цікавіцца стражытнымі абрадамі і традыцыямі, і, канечне, маладзёнам, якія хочуць зрабіць сваё вясельле ў беларускім стылі. Брашура перакладзеная на ангельскую мову, таму можа стаць добрым падарункам для замежнікаў.

Мастэрынг зрабіў гукарэжысэр Сяргей Багданаў, дызайн — Аляксей Кульбіцкі. Выданьне зьдзейсьненае пры падтрымцы Андрэя Гайко (Прага).

З нагоды выхаду дыску, Сяргей Доўгушаў ладзіць паўнавартасны вясельны абрад, дзе будзе адноўленая атмасфэра вясковага вясельля: прагучаць застольныя песьні і танцавальныя мэлёдыі, а таксама пройдзе майстар-кляса па танцах. Дзея адбудзецца ў 15:00 10 верасьня ля «Беларускай карчмы» на тэрыторыі Музэю народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, падчас фэсту «Камяніца».

Яшчэ: GUDA: «Мы рэалізавалі самы складаны праект у сваім жыцьці!» (аўдыёпрэм’ера)

Tuzin.fm, фота Сяргея Панізьніка