Збор сродкаў у падтрымку Алеся Дзянісава
969 / 0
04.12.2020

Збор сродкаў у падтрымку Алеся Дзянісава

Падтрымай артыста перамогі Алеся Дзянісава.

Беларускі фонд культурнай салідарнасці разам з Беларускім інстытутам Амерыкі абвяшчаюць збор сродкаў у падтрымку творчасці Алеся Дзянісава, музыкі, паэта, кампазітара журналіста, заснавальніка гуртоў “КальЯн”, Dzieciuki і “Людзі на балоце”. 
 
За 25 год творчай дзейнасці Алесь засведчыў сваю нязломнасць. Яго канцэрты зрываліся і афіцыйна забараняліся ўладамі, за выказванне пазіцыі яго пераследавалі, на яго ціснулі, канфіскоўвалі тэхніку, судзілі і штрафавалі.
 
11 жніўня 2020 года яго брутальна затрымалі невядомыя і пачалі здзекі: працягнулі па асфальце, разарвалі адзенне, паставілі на калені, зацягнулі сцяжку на руках, наўмысна разламалі ровар, размалявалі твар фламастарамі. На базе АМАПу Алеся білі, у тым ліку каленямі ў пах і нанеслі сур’ёзную траўму. У выніку, музыка вымушаны быў лекавацца ў больніцы. Нягледзячы на ціск, забароны на актыўную дзейнасць, адмену гастрольных планаў і праблемы са здароўем (нядаўна Алесю зрабілі аперацыю, якая не звязаная з траўмай 11 жніўня).
 
Музыка не губляе аптымізму і працягвае займаецца творчасцю. У яго бліжэйшых планах:
 
- запіс сольнага альбома на словы Уладзіміра Караткевіча (да сакавіка 2021 года);
 
- працяг працы над альбомам гурта “Людзі на балоце” на словы славутай гарадзенкі Дануты Янаўны Бічэль ды падляшскай паэткі Марыі Базылюк-Саснюк, які быў задуманы даўно, але так і нерэалізаваны праз недахоп сродкаў (да канца 2020 года);
 
- праца над спектаклем “Рух” рэжысёра Васіля Калача пра вызваленчы рух Беларусі ад часоў Каліноўскага да сёння. Алесь піша да яго музыку, будзе выконваць прамовы, вершы і песні (пачатак 2021 года).

Падтрымаем нескароны гарадзенскі андэграўнд!

Калі збор у Facebook не актыўны ў вашай краіне, падтрымаць можна па спасылцы: byculture.org/donate
 

 

 

за тры месяцы