Nuteki ў Belsat Music Live. Гурт з прэтэнзіяй на сусьветную вядомасьць (поўнае відэа)
5500 / 0
12.01.2018

Nuteki ў Belsat Music Live. Гурт з прэтэнзіяй на сусьветную вядомасьць (поўнае відэа)

У новым выданьні аўтарскай праграмы Cяргея Будкіна Belsat Music Live — гурт Nuteki. Музыкі раскажуць, чаму на пачатку кар’еры пазыцыянавалі сябе як гурт з Масквы, аднак вярнуліся на радзіму і засьпявалі па-беларуску.

Nuteki — адны зь нешматлікіх беларускіх выканаўцаў, якія дасягнулі больш за мільён праглядаў на YouTube. Гаворка пра кліп на песьню «Дни километры». Калі пагартаць відэаархіў «Нутэкаў» за 10 гадоў, то зь цяжкасьцю можна паверыць, што ён належыць адной і той жа камандзе. Заснавальнікі гурту вырваліся з Бабруйску, перамаглі на маскоўскім фэсьце ды выправіліся ў тур па Ўкраіне і Расеі. Кліпы каманда здымае тлустыя і дарагія. І шукае сябе ў тым ліку на ангельскамоўным рынку. Толькі што Nuteki выдалі новы альбом, які адкрывае новую старонку ў творчасьці гурта. 

У шчырай размове зь Міраю Шульц музыкі распавядуць, чаму на пачатку кар’еры пазыцыянавалі сябе як гурт з Масквы, аднак вярнуліся на радзіму і засьпявалі па-беларуску, як змагаюцца са спакусамі вялікай сцэны, спалучаючы рок-музыку і хрысьціянскія прынцыпы, якую праграму рыхтуюць для амэрыканскага туру і чаму больш ня хочуць прабівацца на «Эўравізію». У жывым сэце прагучыць эксклюзіўная вэрсія галоўнага гіта каманды, а таксама некалькі прэм’ерных рэчаў з новага альбому.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Так кахаць» (музыка Міхаіл Накарашвілі, словы Мікіта Найдзёнаў)

«Тролль» (словы і музыка Міхаіл Накарашвілі)

«Уйди или останься» (словы і музыка Міхаіл Накарашвілі)

«Дни километры» (словы і музыка Міхаіл Накарашвілі)

Праз тыдзень у студыі Belsat Music Live завітае зорка сусьветнай опэры зь Беларусі — Надзея Кучар. Прэм’ера — 20 студзеня ў 21:15 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.

TuzinFM