
Назіральнік месяца Алесь Квіткевіч: «Робім Гуд!»
Назіральнік месяца, дырэктар выдавецкай кампаніі Prastora.By, паслухаў удзельнікаў чартаў і зрабіў для сябе нямала адкрыцьцяў.
Месяц сьнежань традыцыйна вянчае год з пункту гледжаньня падвядзеньня рознага кшталту высноваў і вынікаў. Мне ж выпала быць аглядальнікам месяцу на Tuzin.fm менавіта ў сьнежні, таму пра ўсё, што называецца, па парадку.
Аўдыёчарт. Тур чацьверты і пяты.
Akute. «Калі б я застаўся з табой». Усё растуць і растуць далей «акуты». Што, само па сабе, ня можа ня радаваць. Праўда, як на маё ўласнае адчуваньне, рост магілёўскага рок-гурту збольшага ідзе ўсё ж ня ўгору, а ўшыркі. У тым сэнсе, што якасьць запісаў і ўзровень падачы матэрыялу шторазу стаюць усё больш і больш «элегантнымі», а вось нейкага істотнага скачка або прарыву на нейкую іншую вышыню, пра якую гаворыцца ў самым канцы гэтай песьні, на маё, паўтаруся, суб’ектыўнае перакананьне, пакуль не адбываецца.
Для мяне як для слухача наогул у творчасьці Akute замнога цемры і змроку (хоць я цудоўна разумею, што гэта іх фірмовы стыль), і згаданы вышэй трэк, які ўжо двойчы перамагаў у чарце, для мяне ў гэтым сэнсе ня стаў чымсьці новым. «Калі цябе паклічуць зь цемры…», «За намі гарады спалёнае пустэчы…», «Трымай маёй крывавай лапы…» і г. д. Мне пэрсанальна гэта ўсё крыху цяжкавата слухаць, і тэкст самое песьні ўваходзіць у невялічкі дысананс з тым прадстаўленьнем, якое даў трэку аўтар словаў і часткова музыкі Раман Жыгараў: «падкрэсьліць бадзёрасьць, надаць сілы, веры ў перамогу дабра, разьвеяць сум». Мне гэты трэк сум ня надта разьвейвае, хаця, паўтару тое, што сказаў на самым пачатку: бачачы на ўласныя вочы падчас менскай прэзэнтацыі альбому «Płastyka», колькім людзям такая творчасьць устаўляе, я разумею, што «рост ушыркі» паступова адбываецца, і колькасьць прыхільнікаў у гурту з году ў год як мінімум ня робіцца меншай.
Pauline. «Людзі, дзе вы?» Найкруцейшы, імхо, нумар з усяго чарту. Прычым круты ён, як на мяне, менавіта сваёю шчырасьцю і глыбокім прачуваньнем тэмы і ўсяго таго, што закладзена ў творы. І яшчэ — вее ад яго нейкім сьвятлом… Вось парадаксальная штука: быццам бы сумныя рэчы склала ў сваім вершы аўтарка тэксту Ірына Багдановіч, і нібыта сам твор у арыгінале мае назву «Смутак гораду», а ў выкананьні гурту Pauline чуецца ў ім невымоўная сіла і нейкая асаблівая чалавечнасьць. Лішне казаць, вакал Паліны Цімохінай проста зачароўвае. Разумею тых, хто ў свой час даваў ёй званьне «Адкрыцьцё году» на прэміі «Героі году», і гэтаксама зь нецярпеньнем чакаю іх першага альбому. У свой час я гэтаксама, пачуўшы некалькі нумароў з тады яшчэ нявыдадзенага першага альбому гурту HandmadE, далучыўся і потым прыняў з выдавецтвам «Prastora.By» чынны ўдзел у зьяўленьні на сьвет дыску «На вачах тваіх«. Калі ў дадзеным выпадку ад нас спатрэбіцца штосьці падобнае, без ваганьняў далучымся.
«Сразу Май». «Небасхіл». Праўдзівасьць эмоцыяў гэта першае, што адразу па праслухоўваньні «кідаецца ў вушы». Жывы нэрв, на якім напісаны і выкананы гэты трэк, выдае ў Сяргею Стэцюку натуру чульлівую, праз што ён, мабыць, часьцяком і церпіць. Прынамсі адносіны лірычнага героя песьні «Небасхіл» з уяўным «іншым» выглядаюць празрыстымі, і, калі толькі ўсё перададзенае ў творы насамрэч мае месца быць, то ня дужа простымі менавіта для самога складальніка твору. Хочацца пажадаць берасьцейскаму рокеру дасягнуць мэты і «наблізіцца да Сонца», ну і таксама як мага меней «здаровага сэнсу прымаць за сьмецьце». Што ж датычыць самога трэку, то перайшоўшы на афіцыйную суполку і праслухаўшы там іншыя трэкі гурту «Сразу май», я застаўся з адчуваньнем, што песьня «Небасхіл» напраўду небеспадстаўна можа лічыцца адною з самых стылёвых у творчасьці берасьцейцаў. Гурт варты ўвагі на абедзьвюх мовах, і іншымі найбольш выразнымі творамі мне падаліся «Шчасьце» і «Медленный яд». Але гэта ўжо, што называецца, «на правах рэклямы» — проста сходу дзялюся тым, што і сам для сябе адкрыў упершыню. Посьпехаў хлопцам!
Uzari. «Мора». Вельмі «смачны» трэк. Выкшталцоны тэкст ад Мікіты Найдзёнава, гладкая ва ўсіх сэнсах музыка ад Uzari. Вось як ахарактарызаваў сам выканаўца свой сынгл: «Мова, мара — мора ў кожным з нас». Дасьць Бог, не патонем! Няма чаго дадаць, трэба слухаць.
Botanic Project. «А хто там ідзе?» Заяўлены як знаёмства Янкі Купалы з Бобам Марлі трэк з альбому «Сказки» асабіста для мяне падзяляецца на дзьве даволі асобныя часткі. Першая — уласна прачытаньне вершу са школьнае (напэўна, дагэтуль) праграмы ў манеры рэгі. І другая — чыстая музычная варыяцыя на тэму «Exodus» у выкананьні Botanic Project. Прычым гэтыя дзьве часткі нават храналягічна дзеляць песьню прыблізна напалам. І калі першая частка напоўнена Купалавым зьместам і дадумаць там штосьці складана, то падчас гучаньня другое часткі тыя, хто ведаюць, пра што ў арыгінале песьня дзядзькі Боба Марлея, могуць спакойна сабе ўявіць (іншага тэксту ў гэты час амаль не гучыць, таму гэта досыць проста), як «шэсьце беларусаў» становіцца «Movement of Jah people!». Наогул, рэспэкт хлопцам з Botanic Project за арыгінальнасьць — прыдумаць такі мастацкі пераклад, а дакладней, «пераклічку» двух знакамітых твораў, гэта, вядома, моцна.
Sakramant. «Бона». Не зусім мой музычны жанр, тым ня менш, запісана і зьведзена ўсё вельмі годна. Я для сябе адзначыў гучаньне жалейкі напрыканцы твору і сымбалізм, які для новаўтворанага гурту Sakramant мае вобраз каралевы Боны Сфорцы. Пад «Чорнаю Паннаю», да забойства якой мае дачыненьне, тут, трэба думаць, маецца на ўвазе былы гурт удзельнікаў «Sakramant» — «Litvintroll» з аднайменным альбомам. «Яе жыцьцё і сьмерць зьвязаныя паміж сабой шматлікімі інтрыгамі, змовамі і таямніцамі, якія яна пакінула разблытваць сваім нашчадкам», — кажа Васіль Верабейчыкаў, які разам з аўтарам песьні «Бона» Алесем Стаціўкам заснавалі новую каманду. Спадзяюся, яны разам з усімі іншымі былымі ўдзельнікамі культавага «Літвінтролю» дадуць рады разблытаць усе інтрыгі, змовы і таямніцы, і звадаў паміж імі ня будзе.
«Амплітуда сьмеласьці». «Асьцярожна, лістапад». Годна пастаўленая Пятром Клюевым мэта, каб беларуская мова загучала ня толькі ў беларускай прасторы, але і за мяжой, была ня менш годным чынам выкананая, калі дадзены твор на верш Беларуса Зь Вялікай Літары Генадзя Бураўкіна прагучаў перад журы ўкраінскага шоў «Х-Фактар». І, як сьцьвярджаюць відавочцы, быў асабліва ўпадабаны прадусарам Канстанцінам Меладзэ. Якасны поп-прадукт, які Пётар намагаецца рабіць, безумоўна, дапаўняецца прафэсіяналізмам музыкаў былога «Ляпіса Трубяцкога», і я ўпэўнены, што Пётар з камандаю яшчэ заваююць тыя Алімпы, якія яны сабе сьмела акрэсьлілі.
.К. «Робін Гуд». Канкрэтна арыгінальны матэрыял і яго, гэтага матэрыялу, падача. Зацікавіла настолькі, што я нават перайшоў па адпаведнай спасылцы ды праслухаў іншыя рэчы з альбому «Dobrazol», адкуль паходзіць і гэты «Робін Гуд». Прыкольна, аказалася, «просты хлопец зь вёскі» стаў пераможцам «Басовішча-2016». Карацей, Робім Гуд!
ili-ili. «Апошні зонг». Адчуваецца, што песьня — або яшчэ па-іншаму «зонг» — напісаная для тэатральнага праекту «Матухна Кураж і яе дзеці». Бадай што эпас, баляда ў самым лепшым разуменьні гэтага слова. Духавая партыя — сапраўднае ўпрыгожаньне твору ў музычным сэнсе. Ну а са зьместам там і так усё ў парадку. Галоўны ляйтматыў — «мы застаемся жывымі». Акторы Купалаўскага тэатру яшчэ раз даказалі, што з посьпехам авалодваюць ня толькі сцэнічным, але і музычным майстэрствам. Вельмі жыцьцесьцвярджальная рэч!
«Ілюжан». «Як ніколі раней». Для мяне бадай сапраўды «як ніколі раней», бо «Ілюжан» — пагатоў, у такім гучаньні — дагэтуль ня чуў. І дадзеная стылістыка выклікае сымпатыю. «Ад любові аж млосна мне!» — цалкам натуральныя для вакалісткі з прыемным голасам Кацярыны Аліхвер думкі ды пачуцьці. Але, разам з тым, ёсьць у гэтай песьні і іншыя файныя радкі, такія як «дыхаю музыкай восені» і «хай хораша будзе ўсім тым, каму веру». Лёгкі восеньскі матыў «насустрач нябачнаму сонцу» — словам, мне такі «Ілюжан» спадабаўся.
Tiptoe. «Бай». Модна, стылёва, па-беларуску. Раней штосьці з гэтае тройцы пастаянна выпадала, і карцінка 3D была няпоўнаю. А тут нарэшце сышлося. Хочацца верыць, што гэта будзе далёка не апошні прыклад. Працягвайце, сябры, у вас добра атрымліваецца!
Пінхас Цынман. «Дзякуй Б-гу». Пачуцьцё ўдзячнасьці, напэўна, адно з самых значных у жыцьці чалавека. Той, хто на яго здольны ў большай меры, па ўсім відаць, шчасьлівейшы за тых, каму дадзенае пачуцьцё наогул малавядомае. Вось пра гэта і песьня, ці можа гэта проста я яе так пачуў. У кожным разе, трэк выканаўцы, што жыве ў слаўным палескім месьце (ня блытаць «места» зь «месцам») Пінску атрымаўся досыць сьветлы і пазытыўны. І сам па сабе можа ўспрымацца як часьцінка хвалы або ўдзячнасьці таму самаму Б-гу, да якога сьпявак зьвяртаецца. Дзякуй і Вам, спадар Пінхас, за творчасьць!
Наконт відэачарту мушу зазначыць, што я ўсё ж належу да тых, хто мяркуе, што музыку трэба найперш слухаць. Безумоўна, магчымасьць дадаць да песьні відэашэраг дадае выяўленчых сродкаў і можа ў некаторых выпадках дапамагчы раскрыць дадатковы сэнс твору. Або, як гэта часта бывае, праз свой уласны сюжэт разгарнуць перад вачыма гледача цалкам іншую карціну — поўнасьцю адрозную ад таго, пра што вядзецца ў песьні. І так, гэта вымога сёньняшняга дня, ствараць якаснае відэа да практычна любога вартага музычнага твору (калі толькі аўтар прэтэндуе на публічнасьць), але ў гэтым, на маю думку, ужо болей ад шоў-бізнэсу чымся ад рэальнай сутнасьці. Хоць гэта і не выключае таго, што некаторыя відэапрацы могуць зьяўляцца шэдэўрамі ледзь не кінэматаграфічнага мастацтва. І некаторыя ўрэшце менавіта імі і зьяўляюцца. Тым ня менш, я за музыку ў першую чаргу ў гуках.
Таму тут я ўстрымаюся ад нейкіх ацэнак, а проста скажу, што дзякуючы «тузінаўскаму» відэачарту адкрыў для сябе яшчэ некаторых беларускіх артыстаў — кагосьці проста адкрыў і пачуў/пабачыў упершыню, а кагосьці, каго ўжо ведаў раней, адкрыў з пэўных іншых ракурсаў, пардон за ненаўмысны калямбур. Вось гэтыя выканаўцы і іх кліпы: Re1ikt, «Вочы», «Мерада», «Крама», Pomidor/Off, «Агата», Navi, The Superbullz, «Без Билета», Юлка Каціч, «Час Лайна», Shuma.
Што да альбомнага чарту, то тут папросту, каб не шматслоўнічаць, пастаўлю агульны залік усім, хто стараецца. У беларускай — і асабліва беларускамоўнай — музыцы на сёньня з розных прычынаў (і дзякуй Богу!) пакуль што яшчэ практычна няма выпадковых людзей. У тым сэнсе, што музыкаю па-сапраўднаму ў нас займаюцца толькі тыя, хто проста ня можа ёю не займацца. І таму намаганьні кожнага, хто так ці іначай імкнецца падзяліцца са сьветам сваімі творчымі знаходкамі — і знаходзіць у сабе сілы запісаць і выдаць цэлы альбом (а некаторыя і далёка не адзін!) апрыёры вартыя як ня самай высокай, то блізкай да яе ацэнкі. Я так ці іначай пазнаёміўся з усімі альбомамі, прадстаўленымі ў чарце, і, натуральна, маю сваіх фаварытаў, але ў дадзеным выпадку, як мне падаецца, гэта ня так істотна. Таму проста хачу, узяўшы прыклад з крайняга выканаўцы, прадстаўленага ў аўдыёчарце, аглядальнікам якога мне давялося гэтым разам выступіць, сказаць «Дзякуй!» усім тым, хто робіць у нашай краіне музыку, і потым яшчэ і дзеліцца ёю з намі.
І дзякуй парталу Tuzin.fm, які дапамагае адкрываць многім з нас чарговыя зорачкі на музычным небасхіле Беларусі. А таксама націраць да бляску некаторыя з тых, што ўжо даўно сьвецяць. Атрымаўшы запрашэньне выступіць аглядальнікам месяцу, я напраўду зрабіў для сябе багата прыемных адкрыцьцяў. Парадаваўся, калі выявілася, што сяго-таго з выканаўцаў ня тое што чую і бачу ўпершыню, а з многімі мы нават дагэтуль не сябруем у фэйсбуку.
Хоць гэта, хутчэй, недапрацоўка самаго фэйсбуку — хтосьці ж у іх там даўмеўся і зрабіў ліміт на колькасьць сяброў 5000. Затое, як кажа сучасная беларуская прымаўка, не фэйсбукам адзіным жыве чалавек! І я ад свайго імя, ад імя «Беларускай Прасторы» і «Смачнага Арт-Цэнтру ГРАЙ» раблю запрашэньне да супрацы ўсім беларускім артыстам, якія шукаюць пляцоўку для выступаў і хацелі б заявіць пра сябе публіцы. Як кажа Сяргей Міхалок ды іншыя энэргетычна зараджаныя людзі, «пакуль мы яшчэ не астылі», будзем намагацца пашыраць беларускую прастору і ў тым ліку ладзіць канцэрты і выступы тых, чые выступы варта ладзіць. Што датычыць пляцоўкі пад назваю «ГРАЙ», то мы ўжо пачалі творчаю сустрэчаю са Зьмітром Вайцюшкевічам ды некаторымі іншымі мерапрыемствамі там абжываць беларускае культурніцкае поле. Якое, дасьць Бог, будзе толькі пашырацца. Мае кантакты ў выпадку патрэбы можна знайсьці ў тым жа фэйсбуку, або праз рэдакцыю «Тузіна» ці сайт Prastora.By. Посьпехаў Вам, шаноўныя музыкі, і новых творчых дасягненьняў у новым годзе!
Алесь Квіткевіч, Tuzin.fm
Алесь Квіткевіч нарадзіўся ў Менску ў 1986 годзе. Скончыў МДЛУ. Пераклаў на беларускую мову творы Э. Гэмінгўэя, К. С. Льюіса і некаторых іншых пісьменьнікаў. Перакладае і агучвае на беларускую мову фільмы, мультфільмы, стварыў студыю для запісу і выданьня аўдыёкніг на беларускай мове. Кіруе дыстрыбутарска-выдавецкай кампаніяй Prastora.By, у склад якое таксама ўваходзяць выдавецкі праект «Паперус» і студыя гуказапісу Hukapis. Выдаў некалькі дзясяткаў дыскаў і кніг, у тым ліку музычных. Ладзіць рознага кшталту мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэньне беларускай культуры.
КАМЕНТАВАЦЬ