Зьніжаны кошт квіткоў на фінальны канцэрт «Засьпявай 3.0»
2636 / 0
30.09.2016

Зьніжаны кошт квіткоў на фінальны канцэрт «Засьпявай 3.0»

22 кастрычніка пройдзе канцэрт трох пераможцаў конкурсу пры ўдзеле адмысловых гасьцей — гурту Navi. Квіткі на танцпляц ужо можна набыць па 6 рублёў.

У вялікім канцэрце, які пройдзе ў клюбе «Coyote» возьмуць удзел пераможцы ў трох намінацыях «Засьпявай 3.0». Pauline выступіць поўным складам з праграмай найлепшых гітоў. «Прагучаць ужо вядомыя некаторым слухачам песьні, але ў якасна новым гучаньні, — кажа сьпявачка. — Мы працягваем пошукі новага і арыгінальнага нават ва ўжо існуючым матэрыяле, а таксама працуем над падачай саміх кампазыцыяў. Абавязкова прагучыць песьня, якая прынесла нам перамогу ў „Засьпявай 3.0“».

Leibonik наадварот рыхтуе больш камэрную праграму. «Мы падрыхтуем максымальна „рок-музыкантаўскі“ баявы сэт амаль бяз клявішна-дудачных аздабленьняў. Да таго ж Leibonik засьпявае на новай для сябе мове. А наогул плянуем у гэты вечар актыўна сьвяткаваць перамогу ды віншаваць пераможцаў іншых намінацыяў, запрашаем сяброў далучыцца!»

Трыё Дзімы Нікановіча, Волі Сацюк і Мікіты Найдзёнава, якое ўтварылася адмыслова для ўдзелу ў «Засьпявай 3.0», вырашыла працягнуць творчую дзейнасьць і надалей. «Мы адчулі, што нашы галасы спалучаюцца ў нейкай незвычайнай гармоніі. А гэта кажа пра тое, што можна далей сьпяваць разам», — заўважае Дзьмітры Нікановіч. «Мы вырашылі спачатку ў жарт, што, калі пераможам, абавязкова зробім новую песьню і паспрабуем зь ёй трапіць на „Эўравізію“. А цяпер, падумалі самі сабе, чаму б і не. Таму 22-га будзе прэм’ера новай песьні, зь якой мы зьбіраемся скарыць ужо іншы конкурс!» — дадае Мікіта Найдзёнаў.

Госьцем вечарыны будзе гурт Navi, пераможца конкурсу «Засьпявай» у 2015 годзе, які выступіць з гадзінным канцэртам. «Мы з прыемнасьцю згадваем момант перамогі на конкурсе „Засьпявай 2.0“. Цудоўна тое, што гэта гісторыя мае працяг. Песьню „Плакалі ветры“ мы выконваем і цяпер. З радасьцю падтрымаем гала-канцэрт, дзе абавязкова сыграем нашу пераважна беларускамоўную праграму», — кажа Арцём Лук’яненка.

Квіткі на канцэрт паступілі ў продаж па 10—15 рублёў, але неўзабаве на рашэньне арганізатараў кошт быў істотна зьніжаны. «Пляцоўка здольная зьмясьціць даволі вялікую колькасьць слухачоў — да 400 чалавек, таму мы вырашылі зрабіць уваход максымальна даступным, каб як мага больш людзей пачулі пераможцаў нашага конкурсу, бо можа быць якраз за імі будучыня беларускай музыкі», — кажа прадусар конкурсу Сяргей Будкін.

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ ОН-ЛАЙН

Квіткі таксама можна набыць у краме «Беларуская прастора» на пр-це Незалежнасьці, 58 (ГЦ «Маскоўска-Венскі»), другі паверх, павільён 205. Тэл. крамы: +375-44-762-78-80

Далучайцеся да падзеі ў Facebook i УКантакце

22.10. Менск. Бар «Coyote» (праспэкт Незалежнасьці, 117а). 19:00—22:00. Канцэрт пераможцаў конкурсу «Засьпявай 3.0»: Pauline, Leibonik, Дзьмітры Нікановіч&Вольга Сацюк&Мікіта Найдзёнаў. Пры ўдзеле гурта Navi. Кошт квіткоў: 6 руб.(танцпляц), 10 руб. (столік) — папярэдне, 10 руб. (танцпляц), 15  руб. (столік) — у дзень. Інфа: +375 29 687-20-93.