!OUT: Боб Дылан, запяяны па-беларуску (аўдыё/відэа)
3880 / 0
14.10.2016

!OUT: Боб Дылан, запяяны па-беларуску (аўдыё/відэа)

Упершыню тэксты песень прызналі літаратурай найвышэйшага гатунку. Літаратурны Нобэль прысуджаны Бобу Дылану. Tuzin.fm сабраў меркаваньні беларускіх аўтараў пра новага набэліста, а таксама ўзоры беларускіх перакладаў ягоных песень.

Амэрыканец Боб Дылан стаў наступным нобэлеўскім ляўрэатам у галіне літаратуры пасьля беларускі Сьвятланы Алексіевіч. Сапраўднае імя сонграйтэра — Робэрт Ален Цымэрман. Першую славу ён здабыў яшчэ ў пачатку 60-х, напісаўшы гімны пратэсту. Па мацярынскай лініі музыка паходзіць з габрэяў-літвакоў (то бок, з тых, што жылі пераважна на тэрыторыі сучасных Беларусі ды Летувы). Цяпер Бобу 75. На рахунку аўтара 37 студыйных альбомаў і 6 кнігаў з уласнымі накідамі ды малюнкамі. Кружэлкі сонграйтэра разышліся па сьвеце накладам болей за 100 мільёнаў копіяў. Апошні па ліку альбом «Fallen Angels» зьявіўся сёлета.

Нобэлеўскі камітэт адзначыў у творчасьці Дылана «стварэньне новай паэтычнай мовы ў вялікай амэрыканскай песеннай традыцыі». Але відавочна, што ўплыў узнагароджанага барда значна шырэйшы. Цяпер, пэўна, у кожнай краіне Эўропы маецца свой Боб Дылан, а то й не адзін. Расейскім «Бобам» называюць Барыса Грабеншчыкова, у Польшчы такім быў, мажліва, Яцэк Качмарскі, які колісь склаў нават «Эпітафію для Боба Дылана». Ва ўласным перакладзе гэты сьпеў выконвае паэт, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч. Рашэньне Нобэлеўскага камітэту ён называе нечаканым і вельмі прыемным: «Яшчэ дзень таму я б сказаў, што гэта немагчыма. Мы звыкліся, што акадэмічнае рашэньне датычыць чагосьці вельмі-вельмі сур’ёзнага. А раптам аказваецца, што рок-музыка можа быць таксама аб’ектам узнагароджаньня».

Андрэй Хадановіч пераклаў на беларускую песьню Дылана «Blowing in the Wind». Рабіў пераклады Нобэлеўскага ляўрэата і Макс Шчур, сёлетні пераможца літаратурнае прэміі імя Ежы Гедройця. Увогуле, на яго рахунку шматлікія пераклады ангельскамоўных песень, ён сам іх выконвае пад гітару. Макс пагаджаецца з той думкай, што напісаньне песень, а менавіта вершаў, які менавіта будуць сьпявацца, адно з самых складаных адгалінаваньняў паэтычнага мастацтва. «Для амэрыканцаў, для таго пакаленьня 60-х Боб Дылан — гэта ня проста сьпявак. Ягоныя тэксты мелі вялікую значнасьць, нават большую, чым музыка. І калі параўноўваць з сытуацыяй нашага гістарычнага досьведу, то гэта ўсё роўна, што Нобэлеўскую прэмію па літаратуры далі б, напрыклад, Уладзімеру Высоцкаму», — мяркуе Макс Шчур.

Гурт «Bar Akaryna» выконвае сваю песьню Боба Дылана «Girl from the North Country» («Дзяўчына з паўночнай краіны») у перакладзе на беларускую, выступ на конкурсе «Засьпявай 3.0»

У падобным да «дыланаўскага» амплюа з гітарай і вуснавым гармонікам на шыі выступаюць жывыя легенды белроку Лявон Вольскі (часьцяком) і Ігар Варашкевіч (зрэдчас).

Першы называе тэксты Дылана сапраўднай літаратурай, сапраўднай амэрыканскай паэзіяй. «Хто ж краем вуха ня чуў ягоныя песьні?! Усе слухалі. Але я не захапляўся. Аднак гадоў 6 таму мне падаравалі канцэртовую зборку Дылана, запісы з канцэртаў у Ньюпарце. Я зь вялікай цікавасьцю прагледзеў усё гэта, і потым пачаў яго слухаць», — распавядае Лявон.

Лявон Вольскі і Ігар Варашкевіч

На Ігара Варашкевіча Дылан больш паўплываў ня як паэт, а як вакаліст: «Ён мне падабаўся заўсёды, яшчэ са школы. Калі я пачынаў граць на акустычнай гітары, на гармоніку, то быў уражаны тым, што Дылан, ня маючы, у прынцыпе, голасу, можа сьпяваць».

Беларускія пераклады асобных песень Боба Дылана зьявіліся цягам апошніх некалькіх гадоў. Іх выканалі барды Арцём Сітнікаў, Сяргей Башлыкевіч, але болей за ўсіх (каля дзесятка) Раман Яраш.

Тры гады таму Раман наведаў канцэрт Боба Дылана ў Бэрліне, а ў Патсдаме браў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай сонграйтэру. Адмыслоўцы тады чамусьці пазытыўна ацэньвалі той факт, што Дылан не атрымоўваў Нобэля, хаця вылучаўся неаднойчы. Раман Яраш прызнаецца, што да Боба Дылана прыйшоў праз паглыбленьне ў беларускі фальклёр: «Нягледзячы на ўсю ягоную літаратурнасьць ды рок-н-рольнасьць, разнажанравасьць, мне здаецца, што Дылан расьце з фальклёру й па вялікім рахунку ў фальлёр пераўтвараецца».

P.S. У Менску ўжо неаднойчы ладзіліся супольныя сьвяткаваньні дня народзінаў Боба Дылана й Ёсіфа Бродзкага (абодва нобэлеўскія ляўрэаты нарадзіліся 24 траўня з розьніцай у год). Прычым, Дылан гучаў ня толькі па-беларуску, але й па-ўкраінску. Раман Яраш і Арцём Сітнікаў, акром уласных, выконваць пераклады ўкраінскага журналіста, што доўгі час працаваў у зоне АТА Міколы Байдзюка.

Віктар Сямашка, для Tuzin.fm