Памерла Сьвятлана Пенкіна — жонка Ўладзімера Мулявіна
Пра яе сыход стала вядома 20 кастрычніка. Пакуль невядомая дата і прычына сьмерці.
Пра сыход Сьвятланы Пенкінай паведаміла агенцыя БелаПАН са спасылкаю на калегаў і родных, якія некалькі дзён не маглі датэлефанавацца да яе і па выніку знайшлі жанчыну мёртвай ва ўласнай кватэры.
Спадарыня Сьвятлана была добраю акторкаю, зьнялася ў дзясятках фільмаў у савецкія часы. Самыя вядомыя яе ролі ў стужках «Блуканьне па пакутах» і «Беражыце жанчын». Акурат на кіназдымках у 1977-м яна і пазнаёмілася з Уладзімерам Мулявіным. Яны пабраліся шлюбам у 1981 годзе, праз год у іх нарадзіўся сын Валеры. Пасьля вясельля Пенкіна фактычна скончыла сваю кар’еру ў кіно і прысьвяціла сябе «Песьнярам», была мэнэджаркай, як на цяперашнюю мову, галоўнага беларускага ансамблю. Па некаторых меркаваньнях, можна зрабіць выснову, што яна адыграла ў «Песьнярах» такую ж ролю, як Ёка Она ў The Beatles.
«Яна Мулявіным круціла як хацела. Часам здавалася, што Сьвета неяк яго адмыслова зачаравала, бо ён безь яе на гастролях быў адзін чалавек, а па вяртаньні дамоў Георгіевіча было не пазнаць — поўная супрацьлегласьць», — згадвалі ў адным з інтэрвію ўдзельнікі ансамблю.
Пасьля сьмерці мужа Сьвятлана Аляксандраўна апекавалася ягонай спадчынай, кіравала музэем Мулявіна ў Белдзяржфілярмоніі. Даводзілася размаўляць з спадарыняй Сьвятланай. Яна спачатку прыязна паставілася да ідэі праекту «Re:Песьняры», але па выніку забараніла да выкарыстаньня ўсе творы, якія магла. Яна не хацела ніякіх інтэрпрэтацыяў, для яе быў важны арыгінал. Гэтае нашае непаразуменьне якраз і згладжвала адчуваньне Вялікага Каханьня. І гэта сапраўды самае галоўнае.
R.I.P.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ