Арцём Лобач: «Большасьць музыкаў пра візуальны складнік не задумваецца»
4115 / 0
29.10.2016

Арцём Лобач: «Большасьць музыкаў пра візуальны складнік не задумваецца»

Рэжысэр Арцём Лобач паразважаў у размове зь Сяргеем Будкіным пра ўзровень беларускага кліпмэйкерства і паказаў якімі сваімі працамі ганарыцца, а якіх саромеецца.

Свой першы кліп Арцём Лобач зьняў, калі яму было 19 гадоў. Усяго празь некалькі гадоў ён стаў адным з самых запатрабаваных беларускіх кліпмэйкераў. Ён рабіў ролікі для The Toobes, Akute, J:Морс, Naka, Vuraj, Vinsenta. Размаўляем з Арцёмам напярэдадні прэм’еры на кінафэстывалі «Лістапад» ягонай стужкі «Беларускія песьні: традыцыя адлегласьці», у якой спалучыліся дзьве галоўныя любові рэжысэра — дакумэнтальнае кіно і музыка.

— Арцём, ці вядзеш падлік сваім кліпам. Колькі іх маеш?

— Шчыра, не лічыў. Зьняў шмат, больш за 20 дык дакладна. Іншая справа, якія лічыць, а якія лепей пакласьці на палічку (сьмяецца).

— Сорамна паказваць?

— Тое, што здымаю ў апошнія годы — ужо ня сорамна. А першыя кліпы рабіліся дзеля досьведу, таму пра іх ня хочацца згадваць, бо яны засталіся ў мінулым і не адпавядаюць цяперашнім глядацкім чаканьням. Хіба перагледзіць, каб панастальгаваць. А цяпер прагнуць якаснай выявы і ня будуць глядзець кліп толькі таму, што ён зьняты на старую камэру.

Дэбютны кліп Арцёма Лобача для электроннага праекту Vjik72 (2007)

Я б вёў адлік з кліпу The Toobes (2009), бо там пачаўся больш-менш прафэсійны падыход да справы, калі адбыўся пераход ад аматарскіх здымак да прафэсійнага абсталяваньня, да здымачнай групы, працы з прадусарам, выбудовы адносінаў у калектыве — так і зараджаецца прафэсіяналізм.

— Ты ўвасабляеш на экране ідэі музыкаў ці прапануеш сваю ідэю? І як наогул дасягаецца паразуменьне між музыкам і рэжысэрам.

— Адна з галоўных маіх умоваў — я сам сачыняю ідэю. Але пры гэтым улічваю прапановы з боку музыкаў. Такое, каб мне прапанавалі ўвасобіць чужы сцэнар, было ў мяне аднойчы і гэта быў эпік фэйл.

— А было такое, што музыкі табе даверыліся цалкам, але вынік быў непрымальны для іх?

— Пакуль такога не было. У мяне ў самога завышаная ацэнка да сябе. І калі мне не падабаецца вынік — ня буду аддаваць, пакуль не давяду да розуму. Як з тым жа кліпам на The Toobes было, бо кліп не атрымаўся, здымкі былі правальныя. Пару сцэнаў хіба былі нічога, але патрэбнай колькасьці добрага матэрыялу мы ня зьнялі. І таму давялося рабіць гэтую анімацыю. Таму замест трох месяцаў я рабіў гэты кліп паўгоду.

— Музыкі задаволіліся тым, што атрымалася?

— Моцна ўражаныя яны не былі, але і рэзкай крытыкі ня чуў ад іх.

— А табе мусіць падабацца сама песьня, на якую ты здымаеш кліп?

— Канечне. Хаця і трапляліся такія песьні, якія б я проста так ня стаў слухаць дома. У такім разе зьяўляюцца іншыя прычыны, па якіх я здымаю кліп. Але дакладна ня дзеля грошай, такога яшчэ не было. Напрыклад, у сытуацыі з Настай Шпакоўскай. Ня вельмі хацеў здымаць кліп на «Малітву», але вельмі гарэў ідэяй увасобіць песьню «Пра любоў», якую яна выканала зь Сьветай Бень і Аняй Хітрык. Наста хацела кліп на абедзьве кампазіцыі. Па выніку так і зрабілі, бо я разумеў, што калі адмоўлюся ад аднаго кліпу, то не рэалізую другі.

— Дужа шмат нараканьняў на нізкі ўзровень беларускага кліпмэйкерства. Ты пагаджаесься з такім меркаваньнем?

— Так, згодны, бо тут адсутнічае музычны рынак. Тут усё самадзейна. Здымае два-тры чалавекі. Музыкі плацяць за здымкі з уласнае кішэні, чаго таксама не павінна быць. Узяць Польшчу для прыкладу — там сярод кліпмэйкераў ёсьць канкурэнцыя, бо там ёсьць рынак. Таму калі ты там пачынаеш рабіць нешта новае, то разумееш, што табе ў сьпіну ўжо нехта дыхае. А ў нас, як і шмат якіх сфэрах, поле неўзаранае.

— І што прапануеш рабіць у такой сытуацыі?

— Рабіць якасна і дастойна, няхай і бяз звышідэяў. Удасканальвацца ў тэхнічным сэнсе, шукаць удалае візуальнае рашэньне — якраз у гэта я сам імкнуся біць.

Кліп Арцёма Лобача на песьню «Жывы» Вінсэнта

— А як жа прывабная і правакацыйная гісторыя? Попыт якраз на такія кліпы.

— У маіх кліпах сапраўды няма сьмелых гісторыяў, якія б заваблівалі гледача. І я разумею, што ў гэтай сувязі я сябе абмяжоўваю. Ня ўмею генэраваць відовішчныя ідэі, мне гэта неўласьціва. Хоць спробы такія былі, усё зьвялося да візуальнага наратыву. Гэтак жа і з маімі фільмамі. Гэта мая асабістая праблема, якую я выпраўляю з дапамогай далейшай адукацыі і самаадукацыі (Арцём Лобач цяпер вучыцца ў школе рэжысуры Анджэя Вайды ў Варшаве — заўвага СБ).

— Для чаго і каго здымаюць беларускія музыкі кліпы?

— Пераважна для Youtube, бо гэта сфэра папулярызацыі сваёй музыкі. Ты можаш і сябе паказаць у якім-небудзь прыгожым вобразе… Але ня буду тут казаць за музыкантаў, магу адказаць за сябе: мне хочацца здымаць кліпы, бо я люблю музыку. І мне падабаецца рабіць так, каб музыка атрымала працяг з дапамогай візуальных вобразаў. 3—4 кліпы на год, якія мне прапануюць рабіць, цалкам задавальняюць маё жаданьне.

— Ці на ўсе прапановы адгукаесься?

— Прапановаў прыходзіць больш, але не на ўсе згаджаюся. Некалькі разоў прапаноўвалі зьняць кліп дэз-мэталічныя гурты, але для мяне гэта ўжо перабор (сьмяецца).

— Колькасьць праглядаў для цябе важная?

— Пра гэта я думаю ў апошнюю чаргу. Ня дзеля праглядаў на Youtube я раблю кліп. Мне галоўнае падчас здымак адчуваць эўфарыю і атрымліваць асалоду ад таго, што ў мяне атрымліваецца. Можа таму рабіць кліпы ў стылі групы «Ленінград» я не змагу. Я натхнюся зусім іншымі працамі.

— Якімі?

Напрыклад, вось гэтым кліпам Scissor Sisters і наогул тым, што робіць суполка «Canada».

— А якім сваім кліпам ганарысься найбольш?

— Першае, што прыйшло на розум — гэта кліп на песьню гурта «Мамкины бусы», зусім непапулярнага, які можа ўжо і не існуе. Здымаў яго з сваёй ініцыятывы, па-сяброўску. Яны зьвярнуліся, каб я проста паздымаў іх на рэпэтыцыі, каб адправіць заяву на нейкі музычны фэст, але ж мне гэтага было мала (сьмяецца). Знайшоў візуальнае рашэньне, якое лічу ўдалым дагэтуль. Ну і музыка мне іх вельмі падабаецца.

— Перад тым, як зрабіць кліп пэўнаму выканаўцу ты цікавісься ягонымі ранейшымі відэапрацамі?

— Так, напрыклад з J:Морс так было. Я паглядзеў тыя кліпы, якія ім здымалі да мяне, у асноўным яны працавалі з Максам Сірым. І я адразу зразумеў, што Ўладзімеру Пугачу патрэбны рэбрэндынг. Што ў маім кліпе ён мусіць выглядаць у новым для сябе вобразе. Мы зрабілі гэты кліп, але пасьля гурт далей здымае з Максам Сірым. Але я рады, што хоць была спроба зрабіць іншы вобраз.

Наогул жа, у нас ніхто ня думае пра візуальны вобраз гурта і пра яго стратэгію. Атрымліваецца так, як у гурта Re1ikt, якому кліп здымае хто захоча. Яны на ўсё згаджаюцца і не задумваюцца пра тое, што іх візуальная падача на тым жа Youtube мае вялізарнае значэньне.

— І як дасягнуць правільнай візуальнай падачы?

— У ідэале працаваць з канкрэтным іміджмэйкерам і прадусарам. Музыканты павінны пісаць музыку. Візуальнае напаўненьне трошкі іншая праца, ёй павінны займацца адмысловыя людзі з мастацкай адукацыяй. І абавязкова мець стратэгію вобразу на будучыню. У нас ёсьць гурты, якія на гэта зьвяртаюць увагу. Напрыклад, «Серебряная свадьба», хаця паводле іх кліпаў не магу сказаць, што яны маюць цэласны вобраз. Brutto клапоціцца пра візуальны складнік. Але большасьць беларускіх музыкаў пра яго не задумваюцца.

— Гледзячы твае кліпы, часам ловіш сябе на думцы, што недзе тое ўжо бачыў. Прычым бачыў у тваіх жа іншых кліпах.

— Так, я згодны, што ў мяне ёсьць самапаўторы і гэта мяне як аўтара не ўпрыгожвае. Але цяпер у мяне зьмянілася стратэгія наконт таго, як я хачу здымаць. Калі я раней моцна ціснуў на прыгожую карцінку, дзіўныя вобразы ды іх сумяшчэньне, то ў апошні год я больш прыслухоўваюся да таго, чаго хоча музыкант. Лічу патрэбным шукаць кампрамісы і адыходзіць ад свайго дыктатарства ў візуальным вырашэньні. Новы кліп гурта Hurma на песьню «Люк, я твой тата» будзе якраз неўласьцівым мне па зьмесьце — па тым, што адбываецца ўнутры кадру. Хоць мая стылістыка будзе захаваная. Прэзэнтацыя будзе неўзабаве.

Кліп Арцёма Лобача для гурта «Рада» на песню «Дарожка»

— Ёсьць розьніца ў здымках музычнага відэа для Youtube і для тэлебачаньня?

— Увасабляць музыку візуальнымі сродкамі для тэлебачаньня прасьцей, чым для сеціва. Бо ў выпадку ТБ спрацоўвае такая рэч, што гэта ўсё адно будзе глядзець аўдыторыя каналу. Табе трэба проста якасна зьняць. А для відэа, якое ты выпраўляеш у космас сеціва, ты мусіш нечым зьдзівіць і ўразіць. У сваім выпадку я імкнуся зьдзівіць не сцэнаром і не сюжэтам, а візуальным рашэньнем. Калі мы здымалі навагодні канцэрт для «Белсату» задача была іншая — дастойна паказаць музыкаў, стварыць атмасфэру з дапамогай простых інструмэнтаў — сьвятло, камеры, дэкарацыі. Для мяне гэта зусім розныя рэчы — тэлешоў і кліп для інтэрнэта.

— Акром кліпаў і музычных праграмаў, ты здымаеш дакумэнтальнае кіно, робіш тэлерэпартажы. Што для цябе ў прыярытэце сярод гэтых справаў?

— Калі выбудоўваць герархію, то на першым месцы стаіць дакумэнтальнае кіно. Я люблю дакумэнтальнае кіно і люблю музыку. Наўрад ці мне нехта ў Беларусі замовіць дакумэнтальнае кіно пра музыку. Толькі хіба я сам магу зрабіць, уклаўшы свае сілы і рэсурсы.

Усе астатняе дапамагае рухацца да звышідэі. Падчас працы над кліпамі я знаёмлюся з музыкай, шукаю для сябе новыя рашэньні і, магчыма, вынайдзеныя вобразы пяройдуць у мае новыя музычныя фільмы. А здымкі для тэлебачаньня — гэта знаёмства зь сьветам, новыя людзі. Ты адкрываеш іх унутраны сьвет і гэта цябе ўзбагачае, бо ў кожным з нас цэлы космас.

— І ты ўрэшце наважыўся на здымкі музычнага дакумэнтальнага фільма. Распавядзі ў чым яго задума.

Восем гадоў таму нарадзілася гэтая ідэя. Тады я пачаў пошук гуртоў для поўнамэтражнага фільму пра беларускую музыку. Зь цягам часу ідэя выкрышталізавалася — па выніку яна распаўсюдзілася не на ўвесь зрэз сучаснай беларускай музыкі. Мне спадабалася ідэя ўвасабленьня ў сёньняшнім дні беларускай традыцыі, якая ў беларусаў вельмі моцная, хоць можа быць глыбока схаванай. Я абраў на герояў тры гурты — Re1ikt, Shuma і Vuraj. І не памыліўся. Іх трэкі мяне натхнялі да здымак, падчас здымак, ад іх мяне прэ дагэтуль. Афіцыйная прэм’ера фільму «Беларускія песьні: традыцыя адлегласьці» адбудзецца 5 лістапада на кінафэстывалі «Лістапад». Запрашаю ўсіх!

На загалоўным фота: Арцём Лобач атрымлівае ўзнагароду фэстываля Bulbamovie, зьлева ад яго Андрэй Кудзіненка, справа — Максім Жбанкоў, фота iwanow.pl

Размаўляў Сяргей Будкін, Tuzin.fm, для Budzma.by