Кліп месяца — «Яна» ад гурту «Вочы»
2743 / 0
02.12.2016

Кліп месяца — «Яна» ад гурту «Вочы»

Лідэр гурту «Вочы» Юры Дубовік у камэнтары пераможцы распавёў Tuzin.fm пра свой улюбёны кліп з чарту ды паабяцаў неўзабаве зьдзівіць слухачоў.

Кліп на песьню «Яна» гарадзенскага гурту «Вочы» перамог у другім туры відэачарце на Tuzin.fm. Ён набраў 270 галасоў і адарваўся ад другога месца роўна на 30 пунктаў. Лідэр гурту Юры Дубовік кажа, што ён і ўсе музыкі ўважліва сачылі за галасаваньнем ды заклікалі на сваіх восеньскіх канцэртах слухачоў падтрымаць іх кліп у чарце. «Лічым „Тузін“ тым рэдкім месцам, дзе можна пазнаёміцца з творчасьцю беларускамоўных выканаўцаў, таму распавядаем пра наш удзел паўсюль. З усіх кліпаў асабіста мне спадабалася вясёлае відэа ад the Superbullz. Зразумела, што кліпаў з галівудзкім бюджэтам у нас яшчэ доўга ня будзе, але добра тое, што ў нашых умовах людзі імкнуцца нешта ствараць», — кажа Юры.

«Вочы» найбліжэйшым часам абяцаюць зьдзівіць. Гурт стварыў музыку да дакумэнтальнага фільму «Васілёва званіца». Яго прэм’ера адбудзецца ў студзені 2017-га. І Юры кажа, што відэа будзе трохі шакавальнае. Акром таго гарадзенскі гурт рыхтуе сумесны твор зь Вікторыяй Дземянчук, беларускай сьпявачкі з Канады, якая некалі перамагла на фэсьце «Славянскі базар — 1999». Праца вядзецца на студыях Горадні і Калгары.

Tuzin.fm