Антыкамуністычны The Superbullz (прэм’ера)
На гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі гурт The Superbullz, вядомы раней пад назваю The Superboyz, прэзэнтуе на Tuzin.fm песьню «Чарка-шкварка» і лірык-відэа на яе. Музыкі заклікаюць не рамантызаваць падзеі 1917 году.
Вакаліст The Superbullz Алесь-Францішак Мышкевіч, кажа, што ў «чарку-шкварку» ўкладаецца зьбіральны вобраз сярэднестатыстычнага маладога чалавека, якога нічога не цікавіць у жыцьці, акром элемэнтарных патрэбаў. «Менавіта такія людзі 100 гадоў таму былі інфінікаваныя вірусам камуністычнай ідэі, што і прывяло да жахлівых наступстваў у нашай гісторыі. Рамантызаваць падзеі 1917 году ня варта, гэта небясьпечны шлях. Пагатоў цяпер, калі ідэя вяртаньня ў савецкую эпоху выглядае ўжо не на такое трызьненьне, як усяго некалькі гадоў таму», — кажа Алесь-Францішак.
У сваім кліпе The Superbullz апавядаюць гісторыю пра містычныя падзеі, якія здарыліся ў адной зь менскіх кватэраў. Паводле сюжэту, дзея адбываецца ў адным і тым жа месцы з розьніцай у год. У цяперашнім часе гэтую кватэру здымае студэнтка (Карына Момат), якая піша дыплёмную працу на тэму падзеяў 1917 году ды іх наступстваў. У будучым, у гэтай кватэры жыве просты хлопец (Ягор Якушык), жыцьцё якога банальнае і шэрае. Паміж імі ўзьнікае дзіўная повязь: дзеўчына, якая вывучае працы Леніна, пастаянна знаходзіць сьляды вандалізму на кнігах правадыра пралетарыяту. А хлопец знаходзіць гэтыя кнігі ды намагаецца іх зьнішчыць. Меркавалася прэзэнтаваць паўнавартасны кліп на «Чарка-шкварку», але вялікая частка адзьнятага відэа проста зьнікла з картаў памяці. Але гурт вырашыў усё ж прэзэнтаваць відэаўвасабленьне песьні ў выглядзе лірык-відэа на 7 лістапада, каб данесьці сваё стаўленьне да гэтай даты. Рэжысэрам мантажу стаў Ігар Чышчэня.
Прэм’еру каманда запускае пад новай назвай — The Superbullz. Як тлумачыць прадусар гурта Руслан Старыкоўскі, да гэтага рашэньня іх падштурхнуў такі выпадк. Пры ўзгадненьні выступу The Superboyz на карпаратыве аднаго футбольнага клюбу з Расеі, расейскі пошукавы сэрвіс выдаў патэнцыйным замоўцам поп-гурт трэцяга гатунку. Сябрам з блізкага замежжа, якіх папрасілі спраўдзіць тое праз свае кампутары, сярод першых таксама траплялася іншая каманда. Таму і вырашылі назву падкарэктаваць.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ