Фёдар Жывалеўскі: «Я не магу на гэта болей глядзець» (+камэнтар рэдакцыі)
Лідэр гурту «Голая манашка» запатрабаваў зьняць датэрмінова сваю песьню з галасаваньня ў аўдыёчарце на Tuzin.fm.
Я ў прынцыпе стаміўся спаборнічаць. Хочацца разабрацца з новым рэлізам, каторы мы ня можам аніяк давесьці да нармальнага стану і прэзэнтаваць яго. Арганізацыя актыўнасьці насамрэч забірае час, калі ты не купляеш гэтую актыўнасьць. Проста хачу падкрэсьліць, першыя месцы ў рэйтынгах — гэта вельмі ўмоўна. Мне не аднаго разу даводзілася чуць ад слухачоў нібыта тая музыка модная, а вось гэтая не. Зьвяртаючыся да наведнікаў «Тузін» я проста канстатую, што ня варта рабіць такія высновы. Бо за апошнія гады і так ужо пахерылі такое паняцьце як беларускі рок. Калі хто ня верыць, дык можна праверыць «беларускі рок» як ключавы запыт з дапамогай адпаведных для гэтага праграм. Я ўзгадваю словы Міхала Анемпадыстава, які зьвяртаў увагу на неабходнасьць наяўнасьці нейкага руху на прыкладзе гурта «Кино», што належыць да такога руху як «расейскі рок». І тут жа я кацэптуальна хацеў бы спаслацца на Альгерда Бахарэвіча, можна сказаць клясыка беларускага андэграунду. З адной размовы зь ім я ведаю, што сучасная мода на капіталізм псуе карціну ня толькі ў літаратуры, але і ў музыцы. На простым прыкладзе: вы аніяк не праверыце ці купленая актыўнасьць для галасаванак ці ня купленая. Калі я бачыў нейкіх зялёных выскачак на першых месцах, а на апошніх таго ж Аляксандра Памідорава альбо Зьмітра Вайцюшкевіча, мне было не па сабе. Таму я і стаў зьвяртаць увагу іншых людзей на гэтыя галасаванкі. Зрэшты мне нават здаецца што яны наогул непатрэбныя. Але гэта толькі маё меркаваньне.
Я патрабую зьняць нашу песьню на верш Зьмітра Вішнёва «Танец-фрык» з аўдыёчарту. Мая стратэгія на сёньня — быць сабою наколькі гэта магчыма і па магчымасьці ня ўвязвацца ў штосьці, што насамрэч марнуе мой час. Выбар, канечне, сьмелы. Бяз масавасьці далёка пачуты ня будзеш, але я маральна гатовы дзейнічаць нават абмежавана праз сваё блізкае асяродзьдзе. Бо ня бачу пакуль іншай магчымасьці.
Фёдар Жывалеўскі
Камэнтар рэдакцыі:
Пакінем убаку неабгрунтаваныя Федзівы абвінавачваньні на адрас нашага парталу і зьнявагаў на адрас удзельнікаў чартаў. Эмоцыі сплывуць, застануцца факты. Фёдар Жывалеўскі напраўду адзін з тых нешматлікіх, да жалю, беларускіх музыкаў, які робіць сваю справу шчыра і на сумленьне, выключна на ўнутраным гарэньні. Для яго важная творчасьць у чыстым выглядзе і ён ніколі ня будзе задаволены сабою і астатнім сьветам. Таму ён адчувае сябе чужым нават сярод сваіх і бачыць падвох у тым ліку там, дзе яго няма. Задавольвацца малым, сядзець у атачэньні сваіх блізкіх і чуць толькі тое, што песьціць слых, або гучаць на шырэйшы абсяг, праяўляць актыўнасьць і сутыкацца з рознымі меркаваньнямі — асабісты выбар кожнага.
Для лідэра «Голай манашкі» і для ўсіх астатніх музыкаў паўторым, для чаго існуе галасаваньне на «Тузіне»:
«Наш чарт — гэта спосаб прэзэнтацыі новых песень і спосаб для наведніка атрымаць порцыю сьвежых твораў. І пры гэтым ня трэба бегчы ў розныя каталёгі. Гэта нагода штодня заходзіць на сайт і пры гэтым чытаць іншыя новыя публікацыі. Гэта скарбонка розных нагод ад „Тузіна“ ў рэальным жыцьці, як праграма на радыё, канцэрты, праекты. Урэшце рэшт гэта тытульны фармат назвы парталу — „Тузін Гітоў“».
(сузаснавальнік Tuzin.fm Вецер Мэханічны)
«Вынікамі галасаваньня я ня дужа пераймаюся, але яно патрэбнае, як элемэнт гульні, каб стымуляваць музыкаў да добрых твораў, а аўдыторыю да прамое падтрымкі сваіх улюбёнцаў. То бок, спартыўна-аналітычны элемэнт у хаатычным віры музычнага жыцьця».
(Віктар Сямашка, аўтар рубрыкі !OUT на Tuzin.fm)
«Галасаваньне прынцыпова важная частка фармату парталу, які неабходны кожнаму сучаснаму выканаўцу, а беларускаму ў сёньняшніх варунках дык проста жыцьцёва неабходны. Чарт дае найкаштоўнейшую інфармацыю аб пасіянарнасьці гурта і актуальнасьці творчасьці. Выніковае месца адыгрывае адносна ўмоўную ролю, але дае адчуваньне ўдзелу ў агульнай справе — гэта цяпер для беларускага грамадзтва каштоўнасьць №1».
(Алег Хаменка, вядучы канцэртнай і радыёвэрсіі Tuzin.fm)
«Бывае часта так, што перамагае той выканаўца, які заахвоціў прагаласаваць болей сяброў ці добра спрацаваў ягоны фэн-клюб. Нічога нэгатыўнага тут ня бачу, бо актыўнасьць сваіх якраз і спрыяе прасоўваньню песьні на большую аўдыторыю. Ну і наогул лічым неабходным заахвочваць да актыўнасьці ў гэтай сфэры. Калі ёсьць рух — значыць ёсьць жыцьцё. І вельмі прыемна, што першыя месцы ў нас займаюць як Вайцюшкевіч з Памідоравым, так і зусім маладыя ды амбітныя праекты».
(Сяргей Будкін, кіраўнік Tuzin.fm)
Такім чынам, у трэцім туры аўдыёчарту застаецца 11 удзельнікаў. У наступным туры замест трох навічкоў да галасаваньня далучыцца чатыры новыя песьні.
А падтрымаць «Голую манашку» цяпер можна праз сайт Talaka.by, дзе музыкі зьбіраюць сродкі на выхад свайго новага альбому.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСКІ РОК
КАМЕНТАВАЦЬ