«Камэта» Вайцюшкевіча — альбом месяца на Tuzin.fm
Альбом «Камэта» Зьмітра Вайцюшкевіча стаў пераможцам лістападаўскага чарту на Tuzin.fm. Гэтая падзея супала яшчэ з адной прыемнай навіной — 8 студзеня ў Менску пройдзе вялікі канцэрт WZ-Orkiestra.
«Камэта» літаральна ўварвалася ў альбомны чарт. Навічок 2-га туру празь некалькі дзён узьняўся на першую пазыцыю і ўтрымаўся ў ёй цягам усяго галасаваньня. Па выніках галасаваньня ў Вайцюшкевіча 314 галасоў — на 15 болей, чым у Юрыя Несьцярэнкі з альбомам «Сьвята на дваіх», які заняў другое месца.
Старонка альбому «Камэта» на Tuzin.fm
Навіна пра перамогу засьпела Зьмітра па дарозе ў Цюрых, дзе ён дае сольны канцэрт 3 сьнежня. «Безумоўна, рады, што за мяне штодня аддавалі галасы свае слухачы. Прычым за альбом, які ня быў пракручаны і прэзэнтаваны як сьлед», — кажа сьпявак. Спробы зрабіць прэзэнтацыю «Камэты» з удзелам аўтара песень, чэскага выканаўцы Яраміра Ногавіцы ў Менску сапраўды скончыліся нічым — тут сыграла ролю, як забарона на творчасьць Вайцюшкевіча, так і занятасьць замежнага госьця. «Напэўна, прэзэнтацыі альбому „Камэта“ ўжо ня будзе, але я рады таму, што Ярамір яго адзначыў і што шмат якія песьні прыжыліся ў маім канцэртным рэпэртуары. Думаю, іх неўзабаве пачуе і менская публіка ў межах вялікага канцэрту», — зазначае музыка.
Сапраўды, на 8 студзеня заплянаваны выступ Зьмітра Вайцюшкевіча разам з WZ-Orkiestra ў менскім КЗ «Атлант». Арганізатар канцэрту Вячаслаў Гулевіч пацьвердзіў Tuzin.fm, што быў атрыманы дазвол ад менскіх ідэолягаў на арганізацыю гэтага мерапрыемства. З наступнага тыдня стартуе продаж квіткоў, якія будуць каштаваць 20 рублёў.
Таксама Зьміцер Вайцюшкевіч выйдзе разам з паплечнікамі па «Народным альбоме» на сцэну менскага «Prime Hall» 24 лютага.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ