Experty.by: Пукст у шакалядзе (фота)
Шостая музычная прэмія Experty.by па выніках 2013 году прайшла 25 лютага ў Менску. Рэпартаж Tuzin.fm.
Традыцыйна цырымонію ўзнагароджаньня пачалі з выступу пераможцаў у намінацыі «Найлепшы дэбютны альбом». Сёлета такім прызналі ню-джазавы гурт Pafnutiy's Dreams з альбомам на мяжы рэальнасьці і сну «The Sandman». Гурт Паўла Кузюковіча, колішняга трубача «Ляпісаў», атрымаў таксама Прыз штатных экспэртаў і перамогу ў новай намінацыі «Найлепшы інструмэнтальны альбом». «Прыемна, што вы заўважылі тое, што мы зрабілі зь сябрамі», — камэнтуе лідар гурта. Музыкі прэзэнтавалі альбом на Ultra-music.com пры самым канцы 2013 году і такога вялікага посьпеху не чакалі. «Нас шасьцёра і мы хворыя! Спадзяюся, тое, што ёсьць у нашых галовах, знойдзе сваё адлюстраваньне ў гуках, — сказаў Павал, — Але асабіста маё меркаваньне — трэба было ўсё Пуксту даваць!»
Зрэшты, пра Сяргея Пукста з гуртом Pukstband узгадвалі ня раз. У цэнтры ўвагі — новы «Последний альбом». Ён зьявіўся, нягледзячы на тое, што тры гады таму Пукст заявіў, што сыходзіць са сцэны. «Той апошні канцэрт — гэта прафэсіяналізм! — з усьмешкай кажа Сяргей. — Калі ў чалавека доўгае творчае жыцьцё, то апошнія канцэрты ў яго часам здараюцца». За яркае авангарднае вяртаньне Pukstband атрымаў перамогу ў намінацыі «Найлепшы рок-альбом», а таксама Прыз вялікага журы. І галоўнае дасягненьне — «Последний альбом» Pukstband абвясьцілі альбомам 2013 году. Pukstband атрымае паўнавартасную рэклямна-інфармацыйную падтрымку свайго канцэрту ад «Атлант Тэлекам» і Experty.by.
«Нават калі канцэнтрацыя кампазытарскай думкі цэніцца нявысока, а тое, што прадаецца, лічыцца добраю музкыкаю, я бачу, што экспэтры нас заўважаюць — і гэта выдатна», — сказаў Сяргей падчас атрыманьня ўзнагароды.
Прыз замежных экспэртаў атрымаў праект (((О))), Прыз народных экспэртаў — The UNB.
Найлепшым поп-альбомам 2013 году быў названы «Жить в кайф» Макса Каржа. Некалькі гадоў па гэтай намінацыі нікога не ўзнагароджвалі, бо не было з каго выбіраць, а ў гэтым годзе адбыўся нейкі ўсплёск. «Калі нашыя поп-музыкі пачнуць рабіць такія альбомы, то гадоў празь пяць мы выйдзем на зусім іншы ўзровень», — кажа адзін з экспэртаў Алесь Чарнуха.
А вось аднагалоснасьці падчас выбару «Найлепшага фолк-альбому» не было. Як зазначыў Алег Клімаў, пасьля самаадводу «Троіцы», зьявілася інтрыга. Зьдзівіў «Стары Ольса», Ірэна Катвіцкая зрабіла карысную працу ня толькі для слухачоў, але і для музыкаў. А перамогу здабыла Kriwi з альбомам «Traukamurauka», дзе «і гісторыя, і якасьць, і брэнд, і трэнд».
Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra, BosaeSonca ды Kriwi былі прадстаўленыя ў намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом». Каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская ды экспэрт Зьміцер Падбярэскі казалі про тое, што вынясеньне беларускамоўных альбомаў у асобную намінацыю — гэта ня нейкая рэзэрвацыя, а акцэнт на неабходнасьці абапірацца на нацыянальную культуру ды мову. Менавіта таму ўладальнік прызу — гурт BosaeSonca з альбомам «Адпусьці» — атрымае падтрымку ад грамадзкай і культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» канцэрту, што адбудзецца ў найбліжэйшыя тры месяцы.
Сёлета арганізатары зьмянілі рэглямэнт. Да чатырох штатных экспэртаў — Зьмітра Падбярэскага, Алега Клімава, Сяргея Будкіна і Зьмітра Безкаравайнага — далучыліся Аляксандар Чарнуха (Ultra-music.com) ды Ягор Цывілька (блог Broken CD). Найлепшых выбіралі калегіяльным галасаваньнем журы штатных экспэртаў, вялікага журы (16 беларускіх крытыкаў), замежных экспэртаў (крытыкаў з Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расеі), народных экспэртаў (карыстальнікі сайту).
Хрысьціна Дарапей, Tuzin.fm, фота — Budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ