Уладзімер Пугач. Сонца ўзыдзе заўтра! (аўдыё)
4809 / 6
04.12.2013

Уладзімер Пугач. Сонца ўзыдзе заўтра! (аўдыё)

Сайд-праект лідэра «J:морс» прадставіў у сеціве дэбютны рэліз — міні-альбом, які немудрагеліста назвалі «ЕР 2013». У яго ўвайшлі дзьве беларускамоўныя і дзьве расейскамоўныя песьні.

Праект «Нафта» рыхтаваўся ў абстаноўцы поўнай сакрэтнасьці зь мінулага лета і быў прэзэнтаваны публіцы толькі сёлета ў красавіку. Прома прэзэнтацыі было беспрэцэдэнтным — першыя 500 чалавек, якія зарэгістраваліся на адмысловым сайце, атрымалі бясплатны запрашальнік на першы канцэрт праекту ў Re:Public. Дэбютны рэліз пабачыў сьвет 3 сьнежня на сайце «Эўрарадыё».

«У першым жа тэлефанаваньні з нагоды Нафты ад журналістаў мне сказалі, што вобраз нафты ўжыў ужо Міхалок, на што я параіў пашырыць музычны далягляд. Ня думаю, што ў Міхалка ёсьць копірайт на беларускую мову. Шчыра скажу, што нават ня ведаў, што ў яго ёсьць такая песьня. Той факт, што падобныя пытаньні задаюць, сьведчыць пра беднасьць і ўбоства таго, што адбываецца ў беларускай культуры, на жаль. Падкрэсьлю — не з самой культурай, а зь яе папулярызацыяй, калі гадамі мусоляцца паўтары-два ньюсмэйкеры ад культуры. Таму такі вузкі дыяпазон пытаньняў, якія задаюцца. А пэсымістычны прагноз, ведаеш, які робяць навукоўцы на бліжэйшыя 40 гадоў? Што галоўным стратэгічным прадуктам на Зямлі будзе вада. А ў Беларусі 30 тысяч рэк і 10 тысячаў азёр, так што мы будзем нафтавымі магнатамі. Такі мой „пэсымістычны прагноз», — заявіў з нагоды прэм’еры праекту Ўладзімер Пугач у інтэрвію галоўнаму рэдактару Tuzin.fm.

Уладзімер падкрэсьлівае, што праект «Нафта» аніякім чынам не адаб’ецца на яго асноўным гурце: «J:Морс - гэта маё жыцьцё. Проста каб не пераўтварыцца ў такі шалёны генэратар музыкі, трэба часам даць сабе адпачыць. І не сандаліць альбом за альбомам, лепей радзей, але каб сапраўды было што сказаць. Падчас гэтай паўзы я і вырашыў увасобіць у жыцьцё адну з сваіх старых задумаў».

У «Нафце» сабраўся сапраўды зорны склад музыкаў, але фактычна атрымалася, што Пугач толькі зьмяніў рытм-секцыю «J:морс». За басам у яго грае Алесь-Францішак Мышкевіч, лідэр джазавай фармацыі Chiefs Band ды ўдзельнік «Крамбамбулі» (апошнім часам ён грае і з «морсамі»). За бубнамі — майстра Аляксандар Старажук, які доўгі час быў зь «Ляпісам Трубяцкім». Гітарыста Паўла Трацяка Пугач пазычыў у свайго асноўнага гурта. Наогул, у сытуацыі з «Нафтай» магла бы прасіцца паралель з «Брюсселем» лідэра «Окена Ельзи» Сьвятаслава Вакарчука, каб Уладзімер запрасіў яшчэ каго на вакал.

Налета «Нафта» зьбіраецца прадставіць яшчэ адзін міні-альбом. Пра выхад поўнафарматнага дыску пакуль не вядзецца.

Tuzin.fm, фота — Budzma.org 

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    04.12.2013 / 17:52

    Ці нехта заўважыў прынцыповыя адрозьненьні ад J:Морс?

  • bulbanik / адказаць
    05.12.2013 / 00:44

    уся творчасць пугача нейкая падобная. калі шчыра, не вельмі чапляе

  • Zap / адказаць
    05.12.2013 / 01:03

    Вось чаму б лінк на альбом проста ня даць.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.12.2013 / 01:08

    Даем - адным файлам сьцягнуць можна па гэтай спасылцы:
    http://naftamusic.by/files/nafta_ep_2013.zip

  • Siarhei Balakhonau
    Siarhei Balakhonau / адказаць
    05.12.2013 / 20:32

    Вось і я не разумею, навошта было выдумляць Нафту?
    песень там, дарэчы, не чатыры, а пяць. бонус-трэкам яшчэ адна белмоўная кампазіцыя.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    06.12.2013 / 15:43

    Ёсьць адно меркаваньне - Пугачу хацелася паіграць з Старажуком, а бубнача Морса выганяць з гурту не хацеў:).

    Бонусную песьню не запампавалі на афіцыйны акаўнт "Нафты". А мы напісалі пра тое, што бачым. А бачым мы 4 песьні.

  • КАМЕНТАВАЦЬ