«СДС». Адвернутыя ад сонца (прэзэнтацыя максі-сынглу)
Гарадзенскі гурт з мусіць самай даўгой назвай у беларускай музыцы «СьпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!» прадстаўляе на Tuzin.fm свой дэбютны рэліз — сынгл з трох песень «Спроба першая!».
«Мы граем 100% беларускую музыку ў розных кірунках», — лідэр гурту «СьпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!», ці скарочана «СДС», Мікалай Скрабец яўна не імкнецца ўпісаць сваю творчасьць у межы пэўнага стылю. На апошнім мэтал-сэйшане ў гарадзенскім клюбе «Парлямэнт» музыкі з «СДС», напрыклад, падзівілі сваім прачытаньнем творчасьці Джорджа Майкла. Прычым пераклалі тэкст «Careless Whisper» на беларускую. Гурт нібы сыйшоў са сцэны «Басовішча» ўзору 2005—2007 гадоў, калі такая музыка была ў асаблівым фаворы. Але ўтварылася фармацыя трохі пазьней.
«Ідэя паўстала недзе чатыры гады таму, былі спробы набраць склад, але поўнавартасны старт усё адкладаўся. Люді прыходзілі і сыходзілі, гучаньне трансфармавалася і зьмянялася і ўсё было ня так, і ўсё было ня тое. Але ж тэксты і музычныя замалёўкі ствараліся няспынна, так што матэрыялу для працы ў нас багата», — распавядае Мікалай.
Нараджэньнем «СДС» лічыцца сакавік 2013 году, калі ўсталяваўся склад каманды. На сёньня ў гурце граюць:
Мікалай Скрабец — бас-гітара
Яўген Лапука — гітара
Дзьмітры Жук — гітара/вакал
Анастасія Бенаш — бубны
Роўна праз год музыкі вырашылі паказаць слухачам плён сваёй працы і выдалі сынгл «Спроба першая!». Для яго было запісана чатыры песьні, праўда ўвайшлі толькі тры. Яшчэ адну пакінулі на потым, каб прэзэнтаваць асобна.
«Ва ўсіх песьнях укладзена асабістае перажываньне. Пяем пра тое да чаго даводзіць хлусьня, пра тое, што чалавек сам стварае сваё жыцьцё, на кон спадзявацца не выпадае. Пра тое, што балюча, калі губляеш блізкіх людзей», — кажа музыка. Асаблівы гонар «СДС» — трэк «Попел», які ўдзельнікі каманды лічаць самым сэнсавым.
Раней Мікалай пісаў па-ангельску і па-расейску, але потым прыйшоў да таго, што трэба ствараць песьні на беларускай мове. «Мы жывем у Беларусі, дзе ёсьць свая нацыянальная мова і багатая культура, дык чаму бы нам гэтым не карыстацца? Тым больш, што старабеларуская мова была дзяржаўнай у ВКЛ. Я зьяўляюся прыхільнікам нацыяналізму, толькі прашу ня блытаць з нацызмам. І я лічу, што ў Беларусі павінна быць паболей беларускасьці», — разважае музыка.
Сачыць за навінамі каманды можна ў іх афіцыйнай суполцы.
Tuzin.fm
Аўдыё. Песьня «Попел» з максі-сынглу «Спроба першая!». Цалкам рэліз можна спампаваць па гэтай спасылцы.
КАМЕНТАВАЦЬ