«Belsat Music Live»: Музыка жыві!
5934 / 3
26.12.2016

«Belsat Music Live»: Музыка жыві!

Тэлеканал «Белсат» запускае музычную праграму, у межах якой з жывымі сэтамі выступяць вядучыя музыкі зь Беларусі. І ня толькі.

Першы, падвоены, выпуск «Belsat Music Live» выйдзе ў этэр 7 студзеня. Паводле задумы, героі праграмы будуць граць жыўцом свае галоўныя гіты і зусім новыя творы ды распавядаць вядучай Міры Шульц пра жыцьцё і творчасьць. Аўтар праграмы — кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін. Ён будзе прадстаўляць музыкаў ды абмяркоўваць пры канцы кожнага выпуску разам зь Мірай іх вартасьці ды недахопы. Часам зь відэасюжэтамі да Міры зь Сяргеем будзе далучацца Хрысьціна Дарапей.

Вядоўца Міра Шульц і візажыстка Лізавета Горбач

«У размовах з музыкамі мы хочам паказаць іх ня толькі, як творчых асобаў, але і як звычайных людзей, якія кахаюць, сварацца, мараць, нечага баяцца, і ў якіх акрамя музыкі могуць быць іншыя цікавасьці і заняткі, — кажа Сяргей Будкін. — Мы арыентуемся на найлепшыя сусьветныя ўзоры музычных лайв-здымак, напрыклад, на BBC Live Lounge ці KEXP, але зразумела, што ўвасабляем і ўласныя ідэі. Мы хочам зрабіць праграму, якую можна будзе глядзець з пачуцьцём гонару як за карцінку, так і за зьмест. І якасьць мы гарантуем!»

Арцём Лобач, Яўген Шапчыц, Аляксандар Алейнікаў

«Belsat Music Live» робіць тая ж каманда, якая працавала летась над тэлепраектам «Новае пакаленьне на Новы год». Гэта рэжысэр Арцём Лобач, апэратары Аляксандар Алейнікаў і Яўген Шапчыц, гукарэжысэр Андрэй Акатаў, за стыль праграмы адказваюць Наста Шастак і Вольга Глуш.

Navi

Першыя здымкі «Belsat Music Live» ледзь не сарваліся праз тое, што нягледзячы на дамоўленасьць, уладальнік студыі, дзе плянавалася рабіць праграму, нечакана адмовіўся ад супрацы за некалькі гадзінаў да пачатку працы. Рыхтык — як з забаронай канцэртаў. Літаральна за некалькі гадзінаў каманда праекту знайшла іншую пляцоўку, дзе прайшлі ўжо здымкі з удзелам гуртоў «Дай дарогу!», Vuraj, Navi, Akute, «Палац». У далейшым плянуецца запрашаць у праграму і замежныя гурты.

Грае «Дай дарогу!»

Працягласьць «Belsat Music Live» — 25 хвілінаў. Праграма будзе выходзіць штосуботу ў этэры каналу «Белсат» (як глядзець), кожны выпуск будзе выкладацца таксама на сайтах Belsat.eu i Tuzin.fm.

Падрыхтоўка да этэру: Міра Шульц, Наста Шастак, Сяргей Доўгушаў

Яўген Шапчыц

Аляксандар Алейнікаў

Tuzin.fm, фота Яўгена Банкоўскага ды з акаўнтаў удзельнікаў гуртоў Navi i «Дай дарогу»

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    27.12.2016 / 02:10

    Пакідайце ў камэнтарах назвы беларускіх гуртоў, якія б хацелі пабачыць у межах праграмы.

  • niekaltyha / адказаць
    27.12.2016 / 20:14

    - RAHIS

  • max91 / адказаць
    30.12.2016 / 20:56

    :B:N:, Крама, Martin S

  • КАМЕНТАВАЦЬ