Генадзь Бураўкін: «Творчасьць заўжды імкнецца ўвысь»
6511 / 2
30.05.2014

Генадзь Бураўкін: «Творчасьць заўжды імкнецца ўвысь»

Пайшоў у іншы сьвет Генадзь Бураўкін. Паэту і аўтару шматлікіх вядомых песень было 77 гадоў.

Спадар Генадзь памёр раніцою 30 траўня ў сваёй кватэры ў Менску. Паэту ў апошнія месяцы было зусім кепска — у яго быў рак. Ён трымаўся да апошняга, пра хваробу не распаўсюджваўся, сустракаўся зь сябрамі і журналістамі, намагаўся наведваць усе імпрэзы, куды яго запрашалі.

Адзін з тых, з кім ён трымаў сувязь, быў Зьміцер Вайцюшкевіч. Музыка кажа, што якраз хацеў зайсьці на гэтым тыдні да паэта, падбадзёрыць. Навіна пра сьмерць яго шакавала. «Вельмі цяжка ўсьвядоміць, што Генадзя Мікалаевіча ўжо няма з намі. Гэта быў сьветлы чалавек і выдатны паэт. Шкада, што цяперашняя ўлада не разумела маштабу яго таленту. Вельмі рады, што мне пашчасьціла працаваць разам зь ім. Ён праяўляў такое бацькоўскае апякунства, вельмі рэдкае ў наш час сярод творчых людзей. Заўсёды тэлефанаваў мне пасьля канцэртаў, рабіў заўвагі ці проста казаў пра свае ўражаньні. Мне вельмі падабаецца выконваць песьні на яго вершы — «Месяц — жоўтая лодка», «Дачакайся, матуля», «Вочы твае»… Мы страцілі вялікую Асобу», — сказаў выканаўца ў камэнтары для Tuzin.fm.

Спадар Генадзь жыва цікавіўся сучаснай беларускай музыкай. Да яе, дарэчы, ён меў самае непасрэднае дачыненьне. Яму належыць аўтарства «Калыханкі» ў выкананьні Ядзьвігі Паплаўскай, на якой узгадаванае не адно пакаленьне беларускіх дзетак. «Завіруха» ў выкананьні «Верасоў» ­— ці не галоўны позьнесавецкі беларускі гіт. Неверагодная «Зачараваная» ў выкананьні «Песьняроў». Шмат песень на вершы Генадзя Бураўкіна ў рэпэртуары Зьмітра Вайцюшкевіча. Ён выдаў у 2007 годзе альбом «Лірыка», цалкам складзены зь вершаў паэта, якога чамусьці так і не надзялілі званьнем Народнага. Хаця вядома чаму: Бураўкін заўжды меў сваё меркаваньне, а чыноўнікам гэта вой як не падабаецца.

Генадзь Мікалаевіч камэнтаваў адзін з тураў чарту на «Тузіне Гітоў» у 2007 годзе. Тады ён вылучыў для сябе рэпэра Гудвіна, новых дзяржаўных «Песьняроў» і гурт «Авангардшкола», убачыў сымпатычныя моманты ў гурта «Глюкі». «Ва ўсіх песьнях мне найперш спадабался неблагая беларуская мова, у большасьці яна натуральная, літаратурная. Добра і тое, што выканаўцам неабыякавыя праблемы сёньняшняга беларускага грамадзтва. Наколькі гэта ў іх выходзіць глыбока і цікава — пытаньне іншае. Мне падабаецца, што яны хочуць жыць унутры гэтай аўдыторыі, да якой яны выходзяць. Няма тут адарванасьці ад жыцьця. Вельмі прыемна, што зьяўляюцца гурты някепскага ўзроўню ня толькі ў сталіцы. Пажаданьне ў мяне адно — працаваць, ісьці заўжды наперад і не апускацца ніколі да нечага звычайнага, бо творчасьць — яна заўжды імкнецца ўвысь».

Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім Паэта.

SB, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    30.05.2014 / 11:25

    Генадзь Бураўкін. Малітва

    Мы здалёку ўбачылі свабоду
    I яшчэ не вырваліся з пут…

    Божа,
    Не дабаў майму народу
    Пошасці,
    Няпраўды
    I пакут.

    У чужым нялюдскім землятрусе
    Хіба ў нечым мелі мы віну?..

    Божа,
    Адвядзі ад Беларусі
    Здраду,
    Вераломства
    I вайну.

    Смутнаю парою нелюдзімай,
    Калі ўсё вакол ідзе на злом,

    Божа,
    Захіні маю Радзіму
    Мудрасцю,
    Спакоем,
    I цяплом.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    30.05.2014 / 15:35

    Разьвітаньне з паэтам адбудзецца 31 траўня з 11.30 у менскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы (вул. Ракаўская, 4).

  • КАМЕНТАВАЦЬ