Сяргей Балахонаў. Тое, што супала (аўдыё, відэа)
Пачынаем друкаваць меркаваньні сяброў журы ды іх рэйтынгі найлепшых удзельнікаў конкурсу «Засьпявай 3.0». Сваімі ўражаньнямі дзеліцца літаратар і музычны экспэрымэнтатар Сяргей Балахонаў.
Асэнсавана праслухаць усе конкурсныя песьні было ня так проста, як мне здавалася спачатку. Даводзілася гэта рабіць у некалькі прысядак. Песьні, якія станавіліся фаварытамі, праслухоўваліся наноў, каб можна было разьмеркаваць кожную зь іх па месцах ва ўмоўных шасьцёрках. Адзначу, што з усёй гушчы, дасланых на конкурс матэрыялаў, больш парадавалі трэкі ў намінацыях «Сьпяваная паэзія» і «Беларускі кавэр».
Тут многія песьні ў маім асабістым рэйтынгу паводле фармальных конкурсных умоваў ідуць упоравень. У шасьцёркі ж увайшло тое, што па розных прычынах прыпала да душы больш за астатняе: штось супала з маімі ўласнымі «касьмічнымі перажываньнямі», ранейшымі творчымі экспэрымэнтамі (перакладаць «J:Морс» ня так проста!) і пражэктамі (ці не прысьпеў час трыб’юту «Народнага альбома»?). Зрэшты, Кацярына Ваданосава і Leibonik узялі да ўсяго яшчэ і харызматычнасьцю.
Ад трэкаў у намінацыі «Замежны пераклад» чакаў большага, нават спадзяваўся, што тут будуць сапраўдныя «бомбы» — песьні, якія стануць дыямэнтамі конкурсу ў цэлым. Гэта ня значыць, што абраная мной шасьцёрка ў гэтай намінацыі нічога нявартая — кожнае ўвасабленьне замежных песень па-свойму цікавае (тут і пераклад з іўрыту, і спроба гульні словаў). Да сьпеву а капэла Тацяны Пілюцік сьпярша паставіўся скептычна, але, пераслухаўшы, адчуў нэрв выкананьня, тую самую пранікнёнасьць, якой іншым разам не хапала канкурсантам ва ўсіх трох намінацыях конкурсу. Лідэрам жа гэтай намінацыі мой нізкі паклон і асобны дзякуй за выдатную беларускую вэрсію гіта Эраса Рамазоцьці.
Хачу скласьці падзяку і арганізатарам конкурсу, як за саму ідэю і яе ўвасабленьне, так і за той досьвед, які сёлета давялося атрымаць мне, знаходзячыся ў складзе журы.
Сьпяваная паэзія
Пятро Клюеў — Твае песьні (на словы Дашы Бялькевіч)
Тутэйшыя — Дзяцінства (на словы Тацяны Казановіч)
Антось Звычайны — Быў.Ёсьць.Буду (на словы Ўладзімера Караткевіча)
Станіслаў Чахоўскі — Астэроід (на словы Ігара Канановіча)
Bigi — Вясна (на словы Алеся Плоткі)
Кацярына Ваданосава — Бурштынавае мора (на словы Кацярыны Ваданосавай)
Беларускі кавэр
UGoslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)
Яўген Сірота — Прастора (кавэр на N.R.M.)
Яўген Сяргеюк — Многа неба (кавэр на J:Морс)
Тутэйшыя — Чырвоны дыск Сонца (кавэр на «Без білета»)
SnopSnoǔ — Я да жалю ня пан (кавэр на «Народны альбом»)
Leibonik — Я рок-музыкант (кавэр на «Мрою»)
Замежны пераклад
Ксенія Тоўсьцік — Wicked Game (Chris Isaak cover)
Тацяна Пілюцік — Можа я, можа ты (Scorpions cover)
Mk-band — Я зьмяняю сьвет (Eric Clapton cover)
Вольга Міцура — All of Me (John Legend cover)
DW — So Far (HaBanot Nechama cover)
Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)
Сяргей Балахонаў, для Tuzin.fm
Сяргей Балахонаў — паэт, пісьменьнік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1977 годзе. Жыве ў Гомелі. Працуе настаўнікам, вядзе блог, сам экспэрымэнтуе з музычнымі стылямі. Аўтар кніг «Імя грушы» (2005), «Зямля пад крыламі Фэнікса» (2012), музычных альбомаў «Сьпірт і жоўць расьпятага Тэзэя» (2013), «Другое прышэсьце квантавых катоў» (2014). Песьні, перакладзеныя Балахонавым на беларускую мову, сьпявалі гурты «Серебряная свадьба», Naka, «Нестандартный вариант», Алег Джагер, Zdob si Zdub, 5diez ды іншыя выканаўцы.
КАМЕНТАВАЦЬ