!OUT: «Не хачу, каб маю музыку слухалі ўсе». Тры новыя трэкі ад Five-Storey Ensemble
Кампазытар Віталь Эпаў з Five-Storey Ensemble прэзэнтуе на Tuzin.fm новыя кампазыцыі з будучага альбому, напісаныя пад уражаньнем ад нападу Расеі на Ўкраіну, страты сяброў і карканьня варон.
Менскі Five-Storey Ensemble запісаў новы альбом, другі па ліку. Працоўнае імя рэлізу — «Ноч насупраць». Гукасэсіі адбываліся ў Берасьці, у тым ліку на адкрытым паветры. У працы паўдзельнічала каля дзясятку музыкаў. Праўда, ад гурту Fratrez, які зьмясьціўся ў «Пяціпавярховым ансамблі» чатыры гады таму, засталася толькі флейта. Цяпер кружэлка рыхтуецца да выданьня на італьянскім лэйбле AltrOck, дзе выйшаў і дэбютнік 5-SE. Для вокладкі шукаецца беларускі беспрадметны жывапіс. Удзельнік ансамблю, кампазытар і фагатыст Віталь Эпаў прэзэнтуе на Tuzin.fm тры кампазыцыі з будучага лонгплэю.
Віталь Эпаў
1. Ноч насупраць (музыка Вольгі Падгайскай)
Віталь Эпаў: «Калі вы цікавіцеся музыкай, жывапісам, кіно, то з нашымі творамі ў вас ня будзе ніякіх праблемаў. Але калі патрэбная жуйка, то гэта ня жуйка, адразу папярэджваю. То бок, трэба слухаць. Лепш два разы. А можна ўвогуле адну кампазыцыю паслухаць і болей нічога ня слухаць. Назоў да п’есы зьявіўся пасьля прагляду фільму чылійскага рэжысэра Руіса «La noche de enfrente». Вольга напісала гэты твор у зьвязку з ад’ездам, эміграцыяй аднаго нашага сябра. Такая рэакцыя на страту сяброў. Дарэчы, увесь альбом прысьвечаны гэтай тэме».
На фота: Віталь Эпаў, Вольга Падгайская і гукарэжысэр Андрэй Багданаў
2. Верасень (музыка Віталя Эпава)
Віталь Эпаў: «Раней мне бачылася, што нашым кампазыцыям не стае даросласьці. Каб кожная была, як аповед, пасьля якога хочацца цішыні. У новым альбоме ёсьць некалькі кампазыцыяў, якія я лічу знакавымі. Мастакі гэта называюць „вялікімі мазкамі“… „Верасень“ я напісаў, калі Расея напала на Ўкраіну. Абсалютна бяздушны твор. Мне хацелася паказаць нейкую машыну, што насоўваецца на нас. Яна ідзе й цісьне, зьмятае. Партыя фартэпіяна тут мае вельмі рытмічную структуру, як і астатнія інструмэнты. Боязь вайны! 2014 год! Рэальны страх перад тым, што можа адбыцца. Зрэшты, ён застаецца й дагэтуль».
На фота: Віталь Эпаў
3. Лес (музыка Вольгі Падгайскай)
Віталь Эпаў: «Кампазыцыя пачынаецца з таго, што клярнэт грае ўнутр фартэпіяна. Запісвалі на вуліцы ў Берасьці ўлетку, вароны каркалі… Думалі, што ня пойдзе. Але потым, калі пачалі ўсё складваць, то зразумелі, што атрымалася вельмі атмасфэрна. І тых прыўкрасных варонаў можна пачуць. Дарэчы, поўны назоў кампазыцыі — „Лес хвалюецца ад суму“… Усе нашы творы зусім не экстраавангардныя. Для мяне яны вельмі простыя. Мы называем сябе сучаснымі кампазытарамі, але не зьяўляемся радыкальнымі. Выкарыстоўваем традыцыйныя мэтады. Аднак я не хачу, каб маю музыку слухалі ўсе. Я хачу, каб гэтых слухачоў было мала, насамрэч. Калі твая музыка ўсім падабаецца — гэта паказчык безгустоўнасьці».
На фота: Вольга Падгайская за раялем. Запіс альбома
Пробная прэзэнтацыя другога альбома Five-Storey Ensemble адбылася напрыканцы мінулага году ў менскім кінатэатры «Ракета». Для паўнавартаснае прэзэнтацыі Віталь Эпаў хоча сабраць адмысловы відэашэраг, і каб музыкаў на сцэне зусім не было відаць. Таксама ён лічыць, што выдаваць альбом раз на 3—4 гады — абсалютна нармальны рэжым. Дадамо, што фагот Эпава можна будзе пачуць у новым альбоме гурту TonqiXod.
Віктар Сямашка, фота з афіцыйнай суполкі ансамблю
КАМЕНТАВАЦЬ