!OUT: Ціхановіч у андэграўндзе (аўдыё/відэа)
Джаз у сувораўскай вучэльні, канцэрты ў клюбах цагельных заводаў, цкаваньне ў прэсе за занадта гучную музыку… Малавядомыя факты з жыцьця народнага артыста Беларусі, расказаныя ім самім.
Пайшоў у іншы сьвет Аляксандар Ціхановіч. Народны артыст Беларусі памёр уначы 28 студзеня на 65-м годзе жыцьця. Прычынай стала рэдкая аўтаімунная хвароба, зь якой музыка змагаўся некалькі гадоў.
Яшчэ ў 1970-х Ціхановіч здабыў усесаюзную славу праз удзел у ансамблі «Верасы», апошнія амаль 30 гадоў выступаў дуэтам са сваёй жонкай Ядзьвігай Паплаўскай. Аднак мала хто ведае пра джазавае й рок-н-рольнае мінулае «Тырды». Менавіта такую мянушку (паводле тэрміналёгіі тубістаў) і статус «рухавага бас-гітарыста» Аляксандар Ціхановіч меў у менскім андэграўндзе. Tuzin.fm упершыню публікуе поўную вэрсію інтэрвію на гэты конт, якое маэстра даў Віктару Сямашку ў 2008 годзе.
ПРА «СУВОРАЎСКІ» ДЖАЗ-БЭНД
Я вучыўся ў Сувораўскай вучэльні. Акром таго, што я на тубе граў, я граў і на кантрабасе. Мы гралі джаз! «Сегодня он играет джаз, а завтра Родину продаст». Але мы ў пагонах былі, і Радзіму не прадавалі. Мы слухалі Radio Hannover, запісвалі на магнітафон і потым «здымалі» (развучвалі на слых, — заўвага ТГ) джазавыя тэмы. У суботу-нядзелю ў вучэльню запрашалі дзяўчынаў, і я граў у гурце на танцах. Спачатку на кантрабасе.
ПРА ПЕРШУЮ «БАСУХУ»
У Менск прыехалі Czerwone Gitary. Гэта быў хутчэй за ўсё 1967 год. І я прыйшоў, паглядзеў і не захацеў адтуль сыходзіць! Мяне гэта папросту зачаравала. Я ўбачыў, як яны граюць, як яны сьпяваюць, і як гэта было здорава, і як уся заля раўла… Чацьвёра хлапцоў дасягальнага ўзросту. Я разумеў, што нічога там звышскладанага няма, яны граюць абсалютна нармальную музыку, якую можна граць. Але гэта было нашае, славянскае. Такое блізкае, такое зразумелае, што казытала душу! Я сказаў: «Усё, я так хачу!». Мы скінуліся грашыма, купілі мне бас-гітару. За 190 рублёў! Гэта велічэзныя грошы былі. Струны мне наматалі ў Белмузпракаце. Таксама ў мяне была здаравенная калёнка «Кінап» (гукавы ўзмацняльнік для кінатэатраў, — заўвага ТГ ), якую я з сабой вазіў. Усе гурты тады сябравалі паміж сабой. У нас была вельмі здаровая канкурэнцыя, без усялякае зайздрасьці. Гэта было сапраўднае музычнае братэрства.
ПРА «ФАКІРАЎ»
Прыйшоў Саша Білібін і сказаў: «Паехалі на 10-ы Цагельны, можам там танцы зрабіць (адзін з клюбаў, што існавалі пры цагельных заводах на ўскраінах Менску, — заўвага ТГ)». Я ўзяў бубнача Лёню Майсеенку, клявішніка Яўгена, флейтыста Колю Лосева й гітарыста Лёню «Шлюмпера» Склярэўскага (апошнія два пасьля ўвайшлі ў склад «Верасоў», — заўвага ТГ). І мы зрабілі гурт. Ён яшчэ ня зваўся «Факіры». У той час «Факіры» гралі на 4-м Цагельным. Мы трошку пайгралі, нешта ў нас не атрымалася, бо на 4-ы людзей хадзіла больш, яны гралі лепш. Але мы прыйшлі туды, і Майсеенку «Факіры» ўзялі на бубны. А на мяне паклалі вока, таму што я граў па нотах. Я вельмі хутка ўвайшоў у праграму. У асноўным мы гралі Czerwone Gitary, Skaldowie, Trubadurzy і, канешне, The Beatles. Пазьней Eruption. Такая зборная праграма, нічога свайго ня мелася. Аднак «Факіры» былі трэцім гуртом па папулярнасьці ў Менску, калі не другім. Таму што калі мы шпацыравалі па горадзе каля ГУМу ці на Круглой плошчы, маладыя дзяўчаты бегалі й паказвалі на нас пальцамі. Мы ад гэтага кайфавалі!
ПРА «МІНСК»
Чаму «Мінск»? Таму што Chicago (так зваўся адзін з амэрыканскіх піянэраў джаз-року, — заўвага ТГ). «Мінск» стварыў Валік Бадзьяраў пасьля таго, як сышоў зь «Песьняроў». Духавая група — саксафон, труба, трамбон — гралі віртуозныя партыі. Былі вельмі сур’ёзныя партыі ў бас-гітары. Але я трапіў у гурт адразу пасьля войска, і ў мяне былі закасьцянелыя рукі, на жаль. Многае не атрымоўвалася, спрошчвалася. Потым у гэты калектыў прыйшоў Віця Заікін, ён граў значна віртуозьней за мяне. Валеры Дайнэка вельмі здорава сьпяваў. У асноўным гэта былі арыгінальныя творы, напісаныя ці Бадзьяравым, ці кімсьці з аўтараў. У гэтым была свая разынка, натуральна. Разам з тым мы гралі Blood, Sweat and Tears, штосьці з Джымі Гэндрыкса… Я яшчэ ў войску даслужываў, і мне дазволілі хадзіць на рэпэтыцыі да Бадзьярава. Ён мяне запрасіў, бо ў мяне рэпутацыя ішла яшчэ з танцаў. Мяне ведалі, як гэткага рухавага бас-гітарыста, які мог граць, нешта сьпяваць і граць па нотах. Гэта была восень 1972 году. У траўні 1973-га ў нас ужо былі першыя гастролі. Але яны атрымаліся ня доўгімі. Бо ў якімсьці з населеных пунктаў мы сыгралі чарговы канцэрт, і камусьці з гледачоў падалося, што было занадта гучна. Яны напісалі ў газэту, што такая музыка чужая для нашае дзяржавы. І нас разагналі, карацей кажучы. Мне прапанавалі працаваць у калектыве Вуячыча, але я пайшоў у «Верасы».
P.S. НЯКЛЯЕЎ: «ПРАЖЫТАЕ ЗАСТАЕЦЦА»
На просьбу Tuzin.fm пра Аляксандра Ціхановіча прыгадвае паэт Уладзімер Някляеў.
«Напрыканцы 70-х у Дом творчасьці пісьменьнікаў у Каралішчавічах, дзе я даводзіў да ладу рукапіс кнігі „Вынаходцы вятроў“, завіталі двое хлопцаў. Назваліся Васілём Раінчыкам і Аляксандрам Ціхановічам. „Я пішу песьні, — сказаў Раінчык, — а Саша іх сьпявае. І мы вырашылі, што аўтарам вершаў нашых песень будзе Уладзімер Някляеў. Больш няма каму“. Ну, у іх свой гонар — у мяне свой. Ды яшчэ я так сабе адносіўся да таго, што называецца папсой, таму пачаў: „Ці мала што вы там вырашылі…“. А Ціхановіч усьміхнуўся той абаяльнай, якая ў маладосьці не зьнікала зь ягонага твару, усьмешкай, абняў мяне: „Ды кінь ты…“».
І я кінуў. І напісалі мы ня менш як паўсотні песень, дзясятак якіх („Карнавал“, „Музыка для ўсіх“, „Караван“, „Любви прощальный бал“ ды іншыя) сталі гітамі. Мы сябравалі. Блізка. Настолькі блізка, што канфлікт паміж Раінчыкам і Ціхановічам, вынікам якога стаў па сутнасьці распад „Верасоў“, я перажываў як асабістую драму. Драму сяброўства. Я перакананы, ды нават ведаю, што тое, што адбылося на гастролях на Далёкім Усходзе, што давяло да суду і да распаду „Верасоў“, было правакацыяй. „Верасы“ былі на піку папулярнасьці — і адзін зь людзей, набліжаных да калектыву, вырашыў скарыстаць гэтую папулярнасьць у сваіх інтарэсах. У выніку прайгралі ўсе. Доўгі час Раінчык і Ціхановіч былі як бы адным цэлым — і разрыў стаў унутранай драмай для іх абодвух. Прычым, зь не найлепшымі наступствамі.
«Верасы» падчас гастроляў па ГДР, пачатак 80-х: Аляксандар Ціхановіч у верхнім шэрагу другі зьлева, Уладзімер Някляеў у трэцім шэрагу другі зьлева
Нулявыя гады новага стагодзьдзя, усё тое, што ў іх адбылося, таксама паўплывалі на нашыя ўзаемаадносіны ня лепшым чынам. Як мы ні стараліся аддзяліць асабістае ад усяго таго, што вакол нас круцілася, зрабіць гэта аказалася немагчымым. Надта вялікі быў ціск з таго боку, на якім яны засталіся.
І тым ня менш… І тым ня менш раптам пад’яжджала да майго дому машына, зь якой ня так летуценна, як раней, але ўсё яшчэ ўсьміхаўся Ціхановіч: „Давай, калі час ёсьць, пакатаемся…“ І мы ехалі, напрыклад, у Каралішчавічы, колішні Дом творчасьці пісьменьнікаў, дзе былі некалі неверагодна маладымі, па-шалёнаму таленавітымі і шчасьлівымі. І пісалі па дарозе песьні, аўтар вершаў якіх, па ўзаемнай дамоўленасьці, не называўся, але якая розьніца, хто тыя песьні напісаў…
Застаецца ня толькі напісанае. Пражытае застаецца».
Па зыходзе зь «Верасоў» пры канцы 80-х Аляксандар і Ядзьвіга стварылі ўласны праект — групу «Счастливый случай», а таксама тэатар песьні ды творчую студыю, каб дапамагаць маладым артыстам. У памяць пра Аляксандра Ціхановіча застануцца песьні, выкананыя сола і дуэтам з жонкай Ядзьвігай Паплаўскай. Музыку да іх пісалі ня толькі Васіль Раінчык, Эдуард Ханок ды іншыя вядомыя на ўвесь саюз кампазытары, але і сам Аляксандар.
Адзін з такіх твораў – франкамоўная (!) кампазыцыя «La rose blanche», на якую ў 1991 годзе быў зьняты музычны кліп. Яе арыгінальную вэрсію «Ружа белая» на музыку Аляксандра Ціхановіча і словы Леаніда Дранько-Майсюка можна паслухаць на «тузіноўскім» аўдыёканале на Soundcloud.
Болей твораў у выкананьні Аляксандра Ціхановіча і Ядзьвігі Паплаўскай – у афіцыйнай суполцы Tuzin.fm «УКантакце».
Рэдакцыя Tuzin.fm выказвае спачуваньні блізкім і родным сьпевака. Вечная памяць.
Віктар Сямашка, Сяргей Будкін, Tuzin.fm, фота з суполкі, прысьвечанай «Верасам» і з асабістага архіву Ўладзімера Някляева
КАМЕНТАВАЦЬ